Страшная аварыя пад Новасібірскам забрала жыцці чатырох жыхароў Брэстчыны, загінулі муж і жонка, іх сын і 9-гадовы ўнук. Як паведамілі інфармагенцтвы са спасылкай на расійскую Дзяржаўтаінспекцыю, беларускі аўтамабіль рухаўся па трасе Р254 з боку Омска ў бок Новасібірска. У нейкі момант ён выехаў на паласу сустрэчнага руху і ўрэзаўся ў велікагрузную фуру. Удар быў такой сілы, што легкавік ператварыўся ў месіва, яго вадзіцель і пасажыры памерлі на месцы здарэння. Паводле адной з версій расійскіх праваахоўнікаў, беларускі вадзіцель заснуў за рулём.
У машыне на момант аварыі знаходзіліся 58-гадовы жыхар вёскі Юндзілы (ён быў за рулём), яго 54-гадовая жонка, іх 32-гадовы сын і 9-гадовы ўнук — сын дачкі сужэнцаў, яна пражывае разам з бацькамі. Такім чынам, 30-гадовая жанчына страціла разам бацькоў, брата і адзінага сына.
— Аксана зараз у вельмі цяжкім псіхалагічным стане, — расказала карэспандэнту газеты Ніна ПРАТАСЕВІЧ, спецыяліст Ружанскага пасялковага Савета. — Суседзі, аднавяскоўцы стараюцца яе хоць неяк падтрымаць, але ж, самі разумееце, гэта складана.
Ніна Мікалаеўна да рэарганізацыі ўзначальвала сельсавет, у які ўваходзіла вёска, таму добра ведае гэту сям'ю. Паводле яе слоў, сям'ю можна назваць шчырымі, сумленнымі працаўнікамі і надзвычай прыстойнымі людзьмі. Галава сям'і Уладзімір Васільевіч больш за 20 гадоў працаваў галоўным аграномам гаспадаркі, якую пазней далучылі да ААТ «Ружаны-Агра». Цяпер у гэтым сельгаспрадпрыемстве працуе яго дачка Аксана. Жонка апошнім часам займалася асабістай гаспадаркай, у якой налічваецца толькі шэсць кароў. Сужэнцы выгадавалі чацвёра дзяцей.
Старэйшы сын ездзіў у заробкі ў Расію. Два гады таму ён загінуў пад Новасібірскам, там і быў пахаваны. І вось бацькі заказалі помнік тут, вырашылі яго завезці сваёй машынай і ўстанавіць на магіле сына.
Яшчэ ў пасялковым Савеце паведамілі, што дапамагчы прывезці на радзіму целы загінулых бярэцца сельгаспрадпрыемства «Ружаны-Агра». Дасягнутая дамоўленасць з адной з брэсцкіх арганізацый. Яе машына-рэфрыжэратар павінна выехаць 12 жніўня з Брэста ў Новасібірск. Упраўленне па працы і занятасці райвыканкама вырашае пытанне аб аказанні дапамогі на пахаванне сям'і.
...Уся вёска знаходзіцца ў шоку, — сказала Ніна Пратасевіч. Жанчыны цяпер прыгадваюць, як загінулая суседка расказвала, што ўвесь час сніўся сын і клікаў іх да сябе.
Святлана ЯСКЕВІЧ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/svyatlana-yaskevich
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/zdarenni
[4] mailto:yackevich@zviazda.by
[5] https://zviazda.by/be/tags/darozhna-transpartnae-zdarenne
[6] https://zviazda.by/be/tags/autamabil
[7] https://zviazda.by/be/tags/avaryya