Гэтай ноччу ў Бразіліі далі старт 31-й летняй Алімпіядзе. Вольнага часу ў атлетаў няшмат, але яго спартсмены выкарыстоўваюць актыўна, дзеляцца ў інтэрнэце фотаздымкамі святочнага Рыа-дэ-Жанейра і фантастычнай цырымоніі адкрыцця. Самыя цікавыя з іх для вас адабрала “Звязда”.
Ілья Чаргейка – наша надзея ў кулявой стральбе. У сваім акаунце ў Інстаграм ён даволі часта дзеліцца фотакарткамі з Рыа. Атрымліваецца сапраўдная хроніка. Вось так, напрыклад, выглядае цір, дзе праходзяць спаборніцтвы стралкоў.
Перад самай цырымоніяй адкрыцця Чаргейка зрабіў сэлфі з Анатолем Буяльскім, галоўным трэнерам жаночай зборнай Беларусі па баскетболе…
…і сфатаграфаваўся з Сяргеем Мартынавым, алімпійскім чэмпіёнам, трэнерам нашай зборнай па кулявой стральбе.
Веласіпедыстка Алена Амялюсік, якая прыме ўдзел у групавой гонцы, таксама скінула некалькі бразільскіх фотаздымкаў. Тут яна на фоне прыгожага краявіда.
Ну і як жа без каманднага здымка на памяць з велазборнай? Прыглядзіцеся, трэці злева – наш сцяганосец Васіль Кірыенка.
Бразільскія краявіды нашым атлетам яўна спадабаліся. Падобных фота ў іх акаунтах у сацыяльных сетках хапае.
Алена Фурман, наша вяслярка, упершыню на Алімпіядзе, а таму, зразумела, вельмі ўсцешаная.
Вадзім Лялін (таксама вясляр) падзяліўся з сябрамі здымкам на фоне бразільскай вады.
А вось Таццяна Кухта, удзельніца спаборніцтваў па акадэмічным веславанні, скінула фота разам з сяброўкамі па камандзе Юліяй Бічык і легендарнай Кацярынай Карстэн. Дарэчы, для Кацярыны Алімпіяда ў Рыа стане сёмай у спартыўнай кар’еры. Проста фантастыка!
У нашых плыўцоў таксама ўсё ціп-топ. Такую вось пазітыўную фотку ў свой Інстаграм закінуў Мікіта Цмыг.
А Павел Санковіч, яшчэ адзін наш плывец, падзяліўся проста шыкоўнай галівудскай усмешкай.
Тэнісіст Максім Мірны прыляцеў на свае 5-я Гульні і ўжо паспеў абнавіць стужку ў Інстаграм.
У нашых баскетбалістак, судзячы па фота, таксама ўсё ок. Яны публікуюць даволі цікавыя здымкі.
Таццяна Троіна, напрыклад, матэрыялізавала каля сябе сапраўднага Рафаэля Надаля, зорку тэніса з Іспаніі.
Кацярына Сныціна зрабіла разам с Настассяй Верамеенкай сэлфі на фоне славутай фігуры Ісуса-Збавіцеля, вышыня якой 38 метраў.
Алена Леўчанка запосціла некалькі класных камандых кадраў. Акуляры ў дзяўчат – гэта космас!
І напрыканцы нашага агляду – атмасферны фотаздымак Алены са славутай “Мараканы”, арэны, дзе ўначы афіцыйна адкрылі Алімпійскія гульні
Падрыхтаваў Тарас Шчыры
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/taras-shchyry
[2] https://zviazda.by/be/sport
[3] https://zviazda.by/be/tags/alimpiyskiya-gulni-2016