У Першамайскае РУУС сталіцы паступіла заява ад 41-гадовай жыхаркі Пухавіцкага раёна, у якім яна просіць правесці праверку па факце здзяйснення ў дачыненні да яе ашуканскіх дзеянняў.
— У маі бягучага года заяўніца ў сацыяльнай сетцы пазнаёмілася з мужчынам, які, як было пазначана на яго персанальнай старонцы, пражываў у ЗША. Вельмі хутка ён увайшоў у давер да жанчыны, і стасункі перараслі ў рамантычныя адносіны. Мужчына расказваў пра тое, што выйграў тэндэр на заключэнне кантракта з аўстралійскай фірмай і з гэтай прычыны быў вымушаны адправіцца туды на караблі. У дарозе судна атрымала пашкоджанні і некаторы час стаяла на якары ў Міжземным моры. Па радыёстанцыі была атрымана інфармацыя аб тым, што да карабля набліжаецца пірацкае судна, і каманда была вымушана экстранна прышвартаваць карабель да берага вострава Лесбас. Каб захаваць сваю маёмасць, а менавіта 750 тысяч фунтаў стэрлінгаў, новы знаёмы папрасіў даверлівую беларуску атрымаць ад яго імя пасылку на названую суму. Жанчына пагадзілася, — расказала прэс-афіцэр Першамайскага РУУС г. Мінска Вольга КУЦЬКО.
Праз некаторы час ёй прыйшоў ліст па электроннай пошце, у якім былі пазначаны рэквізіты турэцкага банка, на рахунак якога неабходна было перавесці грошы за дастаўку пасылкі ў суме 2290 долараў. Пасля таго, як заяўніца зрабіла перавод, ёй прыйшоў чарговы ліст з патрабаваннем яшчэ 7740 долараў, бо першапачатковай сумы было недастаткова для аплаты ўсіх пошлін. К таму часу «кавалер» перастаў адказваць на паведамленні сваёй «каханай», а затым і зусім закрыў ёй доступ да сваёй старонкі.
Сяргей РАСОЛЬКА
rs@zviazda.by [4]
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/syargey-rasolka
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/zdarenni
[4] mailto:rs@zviazda.by
[5] https://zviazda.by/be/tags/zdarenne
[6] https://zviazda.by/be/tags/milicyya
[7] https://zviazda.by/be/tags/groshy