XXV Міжнародны маладзёжны лагер «Бе-La-Русь» распачынае сёння сваю работу ў Верхнядзвінскім раёне.
— Лагер штогод арганізуецца на стыку межаў трох краін — у раёне Кургана Дружбы. Арганізатары, як і раней: Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі, Саюз за прагрэс моладзі Латвіі, Расійскі Саюз Моладзі. На вяршыні кургана расце дуб — як сімвал добрасуседскіх адносін трох нацый. Менавіта таму дубовы ліст — сімвал лагера, — паведамілі «Звяздзе» ў Віцебскім абласным камітэце БРСМ.
Каля 500 хлопцаў і дзяўчат возьмуць удзел у дзясятках мерапрыемстваў. З улікам юбілейнага характару сёлетняга міжнароднага лагера ў праграме з'явіліся навінкі: упершыню адбудзецца спартыўны фестываль «Бе-La-Рускія алімпійскія гульні». Гэта — комплекс камандных і індывідуальных спаборніцтваў: футбол, валейбол, канат, армрэслінг, гіравы спорт.
Не менш насычаная сёлета і культурная праграма: фестывалі «Бе-La-Рускія зоры» і бардаўскай песні, конкурс грацыі і артыстычнага майстэрства «Каралева «Бе-La-Русі», бітва дыджэяў «Залатыя хіты XX стагоддзя» і іншае.
Для пачаткоўцаў лагера будуць працаваць творчыя майстэрні.
Традыцыяй сталі выступленні «зорак». На галоўнай сцэне выступяць удзельнікі «залатога складу» легендарнага вакальна-інструментальнага ансамбля «Песняры».
Закрыецца лагер у нядзелю.
Аляксандр ПУКШАНСКІ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/alyaksandr-pukshanski
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] mailto:pukshanskі@zvіazda.by
[4] https://zviazda.by/be/tags/be-la-rus
[5] https://zviazda.by/be/tags/mizhnarodny-maladzyozhny-lager
[6] https://zviazda.by/be/tags/brsm
[7] https://zviazda.by/be/tags/kurgan-druzhby