Прывітанне, сябры!
Вельмі не хацелася б быць гэткім сухім маралізатарам, бурчлівым артадоксам, але магутная сусветная пляткарня, якой сёння з’яўляецца інтэрнэт , часта падкідвае такія навіны, што проста дзіву даешся, як лёгка давесці людзей да масавай экзальтацыі, да дзіўных і незразумелых дзеянняў.
І невыпадкова, што сёння ў свеце многія страшныя рэчы робяцца менавіта пад уздзеяннем на людскую свядомасць буйнейшага вынаходства тысячагоддзя – інтэрнэту.
Вось і новая гульня ў Пакемон Гоў так даводзіць людзей, што яны пачынаюць блытаць рэальнасць і адэкватна ўспрымаць наваколле.
Калі з наркотыкамі і п’янствам чалавецтва ўсё ж такі змагаецца і знайшло пэўнае супрацьдзеянне, то супрацьстаяць масавай атруце , якую тчэ і сее сусветнае павуцінне, куды цяжэй.
І самае страшнае, што ў гэты віртуальны свет абсалютна легальна ўцягваюцца дзеці амаль з ясельнага ўзросту. Я асабіста ведаю не адзін выпадак, калі маладыя мамы, каб накарміць дзіця, ставяць перад ім смартфон і ўключаюць якую-небудзь гульню ці мульцік, і заварожанае малое машынальна глытае паднесеную ў лажцы да роту кашку.
- Ну ладна, толькі чуць-чуць, толькі адзін разочак, - на наступную мальбу малога, які ўжо прывык не садзіцца есці без любімай забавы, гавораць маладыя бацькі і сцвярджаюць аптымістычна, што прывыкання да інтэрнэт-забаў не дапусцяць.
Ды хто ведае, што будзе, калі малое падрасце і навучыцца самастойна карыстацца прыладамі.
А тое, што падобнае ўзбраенне, прыходзіць да юных вельмі рана, не раз заўважаў, калі бачыў у 10-11- гадовых хлопчыкаў і дзяўчынак у руках наварочаныя мабільныя прылады, якіх няма нават у куды больш дарослых людзей, для якіх гэта не столькі гульня, а неабходнасць.
Дык што рабіць? Сіла захаплення і прывычкі куды мацнейшая за ўсе ўгаворы і разважанні. І я тым больш не ведаю цудадзейных рэцэптаў.
Але мне здаецца, што думаць над гэтым трэба. І супрацьстаяць масаваму псіхозу тымі ж самымі сродкамі інтэрнэту, ствараючы сайты і старонкі, якія нясуць дабрыню і спагаду, сеюць разумнае, добрае, вечнае.
І хоць усе спробы змагацца з насіллем, маной , агрэсіяй у сеціве адразу выклікаюць лямант аб парушэнні правоў чалавека, усё ж ставіць заслон нядобрасумленным і злачынным спробам выкарыстаць дасягненне прагрэсу на зло чалавецтву.
І, безумоўна, больш увагі ўдзяляць таму, як у рэальным свеце прапанаваць чалавеку дастойныя і цікавыя заняткі і гульні. І мачымасцяў тут процьма.
А тым шукальнікам пакемонаў, якія, пераблытаўшы рэальнае з віртуальным сустрэнуць рэальныя праблемы і непрыемнасці, можна толькі паспачуваць.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/navum-galpyarovich
[2] http://www.radiobelarus.tvr.by/be/content/%D0%BF%D0%B0%D0%BA%D0%B5%D0%BC%D0%BE%D0%BD-%D0%B3%D0%BE%D1%9E
[3] https://zviazda.by/be/tags/internet
[4] https://zviazda.by/be/tags/nebyaspeka
[5] https://zviazda.by/be/tags/dzeci
[6] https://zviazda.by/be/tags/byaspeka-dzyacey
[7] https://zviazda.by/be/tags/radyyo-belarus