Паводле слоў дэпутата Палаты прадстаўнікоў, кіраўніка групы дружбы «Японія — Беларусь» парламента Японіі Гэньіціра Сата, Японія спадзяецца на развіццё супрацоўніцтва з нашай краінай у сферы інфармацыйных тэхналогій.
«Наколькі мне вядома, Прэзідэнт і ўрад Беларусі прыкладаюць вялікія намаганні для развіцця ў гэтай галіне. Мы спадзяёмся на далейшае супрацоўніцтва і на прыход японскіх інвестараў у вашу краіну», — адзначыў Гэньіціра Сата.
Ён таксама падкрэсліў, што ў Беларусі эфектыўна працуе шэраг вядомых японскіх кампаній і парламентарыі зацікаўлены ў павелічэнні іх колькасці для ўзаемавыгаднай кааперацыі.
Акрамя таго, падчас сустрэчы японскай дэлегацыі з намеснікам старшыні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі Віктарам Гумінскім бакі абмеркавалі пытанні міжпарламенцкага супрацоўніцтва, узаемадзеяння на міжнароднай арэне. Асаблівую ўвагу парламентарыі ўдзялілі абмеркаванню кааперацыі ў гуманітарнай сферы і абмену інфармацыяй у галіне ядзернай бяспекі і ліквідацыі наступстваў трагедый на Чарнобыльскай АЭС і Фукусіме-1.
«Падзеі пяцігадовай даўнасці, звязаныя з аварыяй на станцыі Фукусіма-1, — гэта трагедыя, якая збліжае нашы народы для таго, каб мы рабілі ўсё магчымае для прадухілення яе наступстваў і не дапускалі падобнага ў будучыні», — падкрэсліў Віктар Гумінскі.
Гэньіціра Сата ў сваю чаргу адзначыў, што чакаецца прыезд групы дзяцей з прэфектуры Фукусіма ў Беларусь і падзякаваў прадстаўнікам нашай краіны за такую магчымасць.
Ілья КРЫЖЭВІЧ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/ilya-kryzhevich-0
[2] https://zviazda.by/be/ekanomika
[3] mailto:krуzhеvісh@zvіаzdа.bу
[4] https://zviazda.by/be/tags/viktar-guminski
[5] https://zviazda.by/be/tags/aes-fukusima-1
[6] https://zviazda.by/be/tags/infarmacyynyya-tehnalogii-0
[7] https://zviazda.by/be/tags/supracounictva