Да цяперашніх падзей у Старым Свеце без перабольшвання пільна прыглядаюцца ўсе кантыненты. Еўропа імкліва змяняецца. Германія з Францыяй і кіраўнікі Вышаградскай чацвёркі — Польшчы, Чэхіі, Венгрыі, Славакіі — выступілі з дыяметральна процілеглымі заявамі адносна стратэгіі развіцця Еўрасаюза. Калі першыя прапануюць з новымі сіламі прыступіць да ператварэння ЕС у супердзяржаву, то другія заклікаюць сканцэнтравацца выключна на эканоміцы. Пры гэтым варта мець на ўвазе тое, што з 1 ліпеня старшынство ў Савеце Еўрасаюза перайшло да Славакіі. Аб яе планах як прэзідэнта ЕС на другую палову 2016 года расказаў прэм'ер-міністр краіны Роберт Фіцо. Ён, напрыклад, заявіў, што аб'яднаная Еўропа так і не змагла наладзіць дыялог са сваімі грамадзянамі. Еўрапейскія «цяжкавагавікі» — Францыя, Германія і Італія — занадта доўга запраўляюць у ЕС. Ім, па словах Фіцо, трэба пачаць прыслухоўвацца да таго, што кажуць такія краіны, як Славакія. Дарэчы, і ў саміх «цяжкавагавікоў» праблем хапае. Куды ж у выніку «выруляць» пратэсныя настроі ў Старым Свеце?
Не больш, а лепш
Пасля брытанскага рэферэндуму міністры замежных спраў Германіі і Францыі Франк-Вальтэр Штайнмаер і Жан-Марк Эйро ў сумесным лісце-звароце да іншых краін ЕС прапаноўваюць усім, хто гэтага захоча, заключыць новы «Еўрапейскі дагавор аб бяспецы» і рухацца да стварэння, у прыватнасці, нейкіх агульных абарончых структур, у тым ліку марскіх сіл. Прапановы Францыі і Германіі ўключаюць строга каардынаваную агульную міграцыйную палітыку з прапарцыйнымі квотамі на прыём бежанцаў, а таксама пашырэнне паўнамоцтваў Еўрапейскай пракуратуры: цяпер яна займаецца толькі фінансавай бяспекай ЕС, а Германія і Францыя прапаноўваюць даручыць ёй барацьбу з тэрарызмам і арганізаванай злачыннасцю.
«Францыя і Германія будуць прасоўваць інтэграваную палітыку ЕС у галіне знешніх зносін і бяспекі з выкарыстаннем усіх наяўных у ЕС палітычных інструментаў», — пішуць Штайнмаер і Эйро. Нямецкі і французскі міністры прапануюць заняцца і эканомікай (у прыватнасці ўмацаваннем Еўрапейскага манетарнага саюза), але і тут робяць упор на ўсё больш жорсткую каардынацыю эканамічнай і падатковай палітыкі. У цэлым прапановы Германіі і Францыі — гэта не нешта прынцыпова новае, а развіццё цяперашняй стратэгіі ЕС. Штайнмаер і Эйро пішуць, што ўсе гэтыя захады павінны стаць адказам на расчараванне часткі грамадзян еўрапейскім праектам, адной з праяў якога і стаў вынік рэферэндуму ў Брытаніі.
Прэм'ер-міністры Славакіі, Польшчы, Чэхіі і Венгрыі Роберт Фіцо, Беата Шыдло, Багуслаў Саботка і Віктар Орбан заклікаюць засяродзіцца на развіцці агульнаеўрапейскай свабоднай эканомікі. Кіраўнікі дзяржаў Вышаградскай групы і некаторыя іх аднадумцы лічаць, што гэта якраз той адказ, якога чакаюць грамадзяне. «Размовы аб хуткай, на злом галавы, інтэграцыі бессэнсоўныя. Нельга такім чынам спрабаваць адказаць на тое, што адбылося ў Брытаніі, — заўважыў міністр замежных спраў Чэхіі Любамір Зааралек. — Мы бачым, што грамадская думка адстае ад працэсаў інтэграцыі, сутнасць гэтых працэсаў публіцы не тлумачылі».
Прэм'ер-міністры Чэхіі, Польшчы, Венгрыі і Славакіі, параіўшыся ў Празе, заявілі, што Еўрасаюз павінен стаць «Саюзам даверу». «Давер трэба адрадзіць на ўсіх узроўнях. Рэальныя асцярогі нашых грамадзян павінны быць лепш адлюстраваныя (у палітыцы). Нацыянальныя парламенты павінны быць пачутыя. Інстытуты Еўрапейскага саюза павінны дзейнічаць строга ў рамках сваіх задач і мандатаў», — так кіраўнікі ўрадаў Вышаградскай групы сфармулявалі сваё непрыманне спроб будаўніцтва супердзяржавы пад кіраўніцтвам Еўракамісіі і іншых цэнтральных органаў ЕС. «Замест бясконцых тэарэтычных дыскусій на тэму «больш Еўропы» ці «менш Еўропы» нам трэба засяродзіцца на «лепшай Еўропе». Саюз павінен засяродзіцца на практычным перазапуску працэсу збліжэння. Для гэтага трэба выкарыстоўваць усе ключавыя інструменты: гарманізацыю, падтрымку інвестыцый, інавацый, завяршэнне стварэння адзінага рынку энергіі і лічбавых паслуг, прасоўванне свабоднага гандлю і свабоды перамяшчэння, а таксама ўмацаванне рынку мабільнай працоўнай сілы са стварэннем перспектыўных працоўных месцаў», — заклікалі Беата Шыдло, Віктар Орбан, Багуслаў Саботка і Роберт Фіцо. «Лёсавызначальныя рашэнні пра будучыню Еўропы не могуць вызначацца толькі краінамі, якія заснавалі саюз, — цытуе агенцтва Assocіated Press славацкага лідара. — Немагчыма дабіцца поспеху, праводзячы палітыку, якая не працуе».
Між тым эксперты аўтарытэтна сцвярджаюць: нічога прынцыпова новага ў прапановах абодвух лагераў няма — гэтыя погляды на шлях развіцця ЕС вядомыя даўно, і бакі толькі выкарыстоўвалі такую падставу, як «брэксіт», для таго, каб нагадаць пра іх. Германія і Францыя (і іх саюзніца Італія), відавочна, маюць у ЕС большую вагу, чым чатыры краіны Вышаградскай групы. Пры гэтым апошнія, як праціўнікі курсу на ператварэнне ЕС у супердзяржаву, пазбаўляюцца магутнага саюзніка ў асобе Брытаніі. Але прыхільнікі і той, і другой пазіцыі ёсць ва ўсіх краінах Еўрасаюза, прычым канфігурацыя лагераў можа мяняцца ў выніку выбараў у асобных краінах.
Добры заробак у «дрэннай» валюце
Зразумела, самыя розныя погляды і сярод еўрапарламентарыяў. Амаль кожны пяты член Еўрапейскага парламента — еўраскептык, і далёка не ўсе яны брытанцы. На першым пасяджэнні Еўрапарламента, які прайшоў пасля рэферэндуму, на якім Брытанія прагаласавала за выхад з ЕС, лідар Партыі незалежнасці Злучанага Каралеўства Найджэл Фарадж заявіў еўрапейскім парламентарыям, што яны не маюць рацыі, адмаўляючыся прызнаць правал палітычнага праекта пад назвай Еўрапейскі саюз. Дарэчы, Найджэл Фарадж — не адзіны член Еўрапарламента, які атрымлівае заробак за працу ў арганізацыі, пра развал якой ён марыць. 128 з 749 дэпутатаў Еўрапарламента прадстаўляюць партыі, скептычна настроеныя ў дачыненні да ЕС.
Не ўсе яны, як Фарадж, мараць пра тое, каб іх краіна хутчэй выйшла з ЕС, і іх погляды часта мяняюцца. Але ўсе яны звычайна крытычна ставяцца да далейшай еўрапейскай інтэграцыі або лічаць, што адзіная еўрапейская валюта — гэта дрэнна. Тым не менш усе яны, як і астатнія члены Еўрапейскага парламента, атрымліваюць у гэтай «дрэннай» валюце нядрэнны месячны заробак: 8213 еўра плюс яшчэ 4320 еўра ў месяц на прадстаўнічыя выдаткі. Еўрапарламентарыі таксама атрымліваюць камандзіровачныя на службовыя паездкі ў Брусель і Страсбург на розныя афіцыйныя візіты. Ім таксама налічваюцца сутачныя ў памеры 306 еўра.
Гэта значыць, што пасля падаткаў ЕС плаціць 16 мільёнаў еўра ў год за тое, каб яго на ўсю моц крытыкавалі 128 дэпутатаў-еўраскептыкаў. Скептычна настроеныя да ЕС партыі павялічылі сваю прысутнасць у Еўрапарламенце на выбарах 2009 года і яшчэ больш умацавалі свае пазіцыі ў 2014-м. Напрыклад, Францыю, як і Брытанію, прадстаўляюць 24 такія дэпутаты. Італію прадстаўляюць 22 дэпутаты-эўраскептыкі. 17 з іх — з пратэснага палітычнага руху «Пяць зорак», заснаванага камедыянтам Джузэпэ П'ера Грыла, які заклікае правесці ў Італіі рэферэндум аб выхадзе з ЕС. Пяць італьянскіх дэпутатаў-еўраскептыкаў — з крайне правай «Лігі Поўначы», лідар якой заяўляе, што ЕС немагчыма рэфармаваць.
Буйнейшыя краіны маюць больш дэпутатаў у Еўрапарламенце, таму і еўраскептыкаў сярод іх больш. Але па ўдзельнай вазе еўраскептыкаў Данія і Швецыя апярэджваюць Вялікабрытанію і Францыю. У Даніі з 13 дэпутатаў пяць — еўраскептыкі. У шведаў такіх 13 з 20. Некаторыя дэпутаты-еўраскептыкі прадстаўляюць левыя партыі, але амаль усе — прадстаўнікі правых і нават ультраправых. Грэчаская партыя «Залаты світанак», якую многія лічаць неанацысцкай, мае трох дэпутатаў у Еўрапарламенце, таксама як ультраправая венгерская «За лепшую Венгрыю», абвінавачаная яе крытыкамі ў антысемітызме.
Неспакойнае месца
Разам з эканамічнымі Brexіt будзе мець шматлікія і сур'ёзныя палітычныя наступствы, піша Fіnancіal Tіmes. Галоўным і найбольш небяспечным з іх, перш за ўсё для Бруселя, з'яўляецца пагроза распаду Еўрасаюза. Пра жаданне і гатоўнасць правесці свае рэферэндумы аб членстве, яшчэ да чорнага брытанскага чацвярга, можна было чуць у розных кутках Еўропы. Асабліва трывожна для Еўракамісіі тое, што такія заклікі чуюцца не толькі ў краінах-пачаткоўцах ЕС, на ўсходзе кантынента, а сярод «цяжкавагавікоў». Так, палова насельніцтва Італіі, Францыі і Германіі таксама не супраць выказацца па пытанні членства ў аб'яднанай Еўропе.
На Апенінах народнае волевыяўленне павінна адбыцца ўжо праз тры месяцы — у кастрычніку. Размова аб членстве ў ЕС на ім, праўда, ісці не будзе. Прэм'ер-міністр Матэа Рэнца хоча заручыцца падтрымкай суайчыннікаў для правядзення канстытуцыйных рэформаў. Улічваючы вынікі брытанскага рэферэндуму, лічыць Fіnancіal Tіmes, можна казаць, што Рэнца моцна рызыкуе, паставіўшы пытанне аб рэферэндуме. Прэм'ер просіць у італьянцаў згоды на шэраг рэформаў для павышэння эфектыўнасці палітычнай сістэмы на паўвостраве. Прапановы ўрада, у прынцыпе, разумныя і лагічныя. Аднак небяспека для Рыма крыецца ў тым, што італьянцы разглядаюць кастрычніцкі рэферэндум як магчымасць выказвання даверу або недаверу ўраду пасярэдзіне тэрміну яго паўнамоцтваў.
Тут варта ўзгадаць, што рух «Пяць зорак», які дабіўся нядаўна вялікіх поспехаў на выбарах мэраў, уключаючы правядзенне «свайго чалавека» Вірджыніі Раджы на пасаду мэра Рыма, заклікае да правядзення рэферэндумаў аб адмове ад еўра і выхадзе з Еўрасаюза. Калі дабавіць сюды даволі неабдуманае абяцанне Матэа Рэнца пайсці ў адстаўку ў выпадку пройгрышу на рэферэндуме, можна сцвярджаць, што наступным ачагом палітычнага крызісу і еўранапружанасці можа аказацца менавіта Італія. (У Вялікабрытаніі, нагадаем, галасаванне па пытанні Brexіt таксама стала вынікам унутрыпалітычных, нават унутрыпартыйных праблем кансерватараў.)
Вынікі апытання даследчага цэнтра Pew Research Center сведчаць, што дзеяннямі свайго ўрада ў Еўропе больш за ўсіх не задаволены італьянцы і грэкі. Жыхары Апенін усё больш вінавацяць у шматлікіх эканамічных бедах еўра. Fіnancіal Tіmes лічыць, што выхад Італіі з зоны агульнаеўрапейскай валюты стане пачаткам хуткага яе распаду. Пасля еўразоны надыдзе чарга і самога Еўрасаюза. Аднак Італія, на жаль, далёка не адзіная еўрапейская краіна, якая хоча правесці рэферэндум, хоць па колькасці ахвотнікаў — 58% (Іpsos) — яна і на першым месцы ў Еўропе. Рэйтынг еўрапейскіх краін у дачыненні да плебісцыту аб членстве ў ЕС, па звестках апытанняў, праведзеных Іpsos Morі яшчэ вясной, да брытанскага рэферэндуму, калі перавага рымейнераў была адчувальнай, выглядае так: Італія — 58% (48% за выхад з ЕС), Францыя — 55% (41%), Швецыя — 43% (39%), Бельгія — 42% (29%), Польшча — 41% (22%), Германія — 40% (34%), Іспанія — 40% (26%), Венгрыя — 38% (29%).
Пэўны час таму лідар Нацыянальнага фронту Францыі Марын Ле Пен сказала, што калі Вялікабрытанія прагаласуе за выхад з Еўрасаюза, гэта будзе супастаўна з падзеннем Берлінскай сцяны ў 1989 годзе. Яна мела рацыю. «Брэксіт» стаў знакавай падзеяй у гісторыі Еўропы, і з гэтага моманту ўсе размовы будуць ісці пра распад, а не пра інтэграцыю. Менавіта гэта цяпер у трэндзе. З іншага боку, пратэсныя настроі ўзнікаюць і ў інтэграцыйным кірунку. Сведчаннем таму — шматтысячныя выступленні ў Лондане супраць выхаду з ЕС. Відавочна, што ў наяўнасці крызіс старых эліт, а палітычны ландшафт Еўропы цяпер змяняецца значна хутчэй, чым прагназавалі раней. І Стары Свет становіцца надзвычай неспакойным месцам.
burak@zvіazda.by [4]
Фота з адкрытых крыніц
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/zahar-burak
[2] https://zviazda.by/be/u-svece
[3] https://zviazda.by/be/kantynenty
[4] mailto:burak@zvіazda.by
[5] https://zviazda.by/be/tags/stary-svet
[6] https://zviazda.by/be/tags/robert-fico
[7] https://zviazda.by/be/tags/eurasayuz
[8] https://zviazda.by/be/tags/brytanski-referendum
[9] https://zviazda.by/be/tags/breksit