Айчынныя дызайнеры Іван Айплатаў і Юлія Латушкіна сумесна з прадпрыемствамі канцэрна «Беллегпрам» распрацавалі калекцыю адзення спецыяльна для беларускіх спартсменаў.
Першая серыя выйшла пад назвай «Беларусь сінявокая. Васількі». Сіні колер на адзенні сімвалізуе нацыянальныя багацці краіны — рэкі і азёры. Таксама на форме выкарыстаны арнамент, у аснове якога — стылізаваны васілёк. Аднак па выніках апытання спартсменаў і трэнераў перавага была аддадзена другой калекцыі Юліі Латушкінай «Беларусь спартыўная. Сіла перамог». Мадэлі там выкананы ў чырвоным, шэрым і белым колерах, таксама выкарыстаны нацыянальныя матывы і арнамент з васілька. Аздабленне касцюмаў і элементы традыцыйнай вышыўкі падкрэсліваюць нацыянальную прыналежнасць.
Выкарыстаныя пры стварэнні адзення сучасныя матэрыялы і тэхналогіі ў поўнай меры ўлічваюць пажаданні і водгукі спартсменаў, а таксама кліматычныя асаблівасці Бразіліі.
Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка высока ацаніў якасць прадстаўленага адзення, па яго даручэнні ўсе распрацаваныя калекцыі знаходзяцца ў вольным продажы ў беларускіх крамах. «Гэтая форма павінна быць у вольным продажы, каб кожны чалавек, калі ў яго ёсць жаданне, мог купіць яе і тым самым далучыцца да Рыа і спорту ў цэлым», — сказаў Прэзідэнт.
Фота БЕЛТА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/darya-labazhevich
[2] https://zviazda.by/be/sport
[3] mailto:lobazhevich@zviazda.by
[4] https://zviazda.by/be/tags/alimpiec
[5] https://zviazda.by/be/tags/forma
[6] https://zviazda.by/be/tags/spartsmeny
[7] https://zviazda.by/be/tags/alimpiyskiya-gulni-2016