Крохкасць ужываецца з фатальнасцю, задумліва захутаныя ў чырвоныя тканіны і сіняватую смугу фігуры рухаюцца ў лаканічнай прасторы, дзе у цэнтры ўвагі толькі твары, вочы — такімі паўстаюць танцоры балета на адзінаццаці карцінах Алены Вантрыён-Макарэвіч. У загадкавым, Тулуз-Латрэкаўскім афармленні. Беларуская мастачка, якая жыве ў Францыі, не забываецца пра свае карані. Менавіта яна, сумесна з Пасольствам Беларусі ў Францыі, з'яўляецца арганізатарам выставак нашых мастакоў у межах «Восеньскага салона» на Елісейскіх палях, а таксама экспазіцый брэсцкіх і віцебскіх творцаў у шэрагу французскіх салонаў.
Упершыню ў Мінску, у Вялікім тэатры Беларусі адкрылася персанальная выстаўка Вантрыён-Макарэвіч, прысвечаная 150-годдзю з дня нараджэння Льва Бакста, выбітнага мастака і сцэнографа, таксама выхадца з нашай краіны. Што іх звязвае? Імправізаваны цягнік з Мінска і Гродна ў Парыж, ахвота да пастаянных зменаў і працы над сабой. А яшчэ — шчырае захапленне фенаменальнай рускай балерынай Ганнай Паўлавай, танцуючым «лебедзем», «жамчужынай» XX стагоддзя.
Справа ў тым, што менавіта Бакст быў сцэнографам балетных спектакляў Сяргея Дзягілева, пачынальніка групы «Свет мастацтва» і арганізатара «Рускіх сезонаў» у Парыжы. У яго і танцавала Паўлава. А Алена Вантрыён-Макарэвіч здолела захапіцца, прачуць і перанесці на палотны вобразы прыгажуні, што праславілася на сцэне ў часы belle epoque (пекнай эпохі), аўтамабільнага буму і кабарэ, зараджэння кінамастацтва і стылю мадэрн.
Алей і палатно, а карціны выглядаюць нібы шэдэўры фатаграфічнай думкі, настолькі жыва і натуральна. Хай гэта рамантычныя «Арлекін з Каламбінай», легкадумная «Страказа», грацыёзная «Белая лебедзь» ці задуменная «Тамара».
Алена Вантрыён-Макарэвіч скончыла Школу дызайну ў Мінску, вучылася на краўца, працавала ў атэлье і малявала. Пэўны час сур'ёзна займалася стварэннем адзення. Паралельна вывучала эканоміку. Але жывапіс пераважыў... Вышэйшая нацыянальная школа прыгожых мастацтваў у Парыжы стала наступным пунктам прызначэння. Смелы крок. Шэсць гадоў таму Вантрыён-Макарэвіч выйшла замуж за французскага адваката і з'ехала. Каб трапіць у галерэйна-выставачную брую Парыжа, трэба было каласальна шмат працаваць. Цяпер у яе 10-15 выставак на год, як калектыўных, так і персанальных. Алена Вантрыён-Макарэвіч супрацоўнічае з Пасольствам Беларусі ў Францыі, якое, па яе словах, актыўна спрыяе знаёмству еўрапейцаў з нашай культурай. Парыжане нават вянкі купальскія кідаюць у Сену. А хутка зноў адбудзецца «Восеньскі салон», які пройдзе як у Гран Пале, так і ў мінскім Палацы мастацтва. У горад, што натхніў не аднаго творцу, адправяцца шэсць нашых мастакоў ...
Карціны самой Алены Вантрыён-Макарэвіч выстаўляліся ў калектыўных экспазіцыях вядучых сусветных салонаў. Напрыклад, «Восеньскім салоне» на Елісейскіх палях, Art Capіtal у Гран Пале, Everarts, «Галерэі нумар І» ў Парыжы. Мастачка валодае першымі прызамі «Зялёнага салона» ў Эрбле, а таксама Асацыяцыі прыгожых мастацтваў.
Экспазіцыю работ Алены Ватрыён-Макарэвіч можна наведаць да 17 чэрвеня.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/maryya-voycik
[2] https://zviazda.by/be/kultura
[3] https://zviazda.by/be/vyyaulenchae-mastactva
[4] https://zviazda.by/be/tags/alena-vantryyon-makarevich
[5] https://zviazda.by/be/tags/vystauka
[6] https://zviazda.by/be/tags/karcina
[7] https://zviazda.by/be/tags/god-kultury