Хто такі сапраўдны чараўнік і як ім стаць, на беларускамоўным уроку пазакласнага чытання «Школа добрых чарадзеяў» высвятлялі вучні 4 «А» класа сярэдняй школы №189 г. Мінска.
Пяць нефармальных міні-заняткаў у межах праекта «Ад культуры чытання — да культуры асобы» правяла студэнтка 3-га курса факультэта пачатковай адукацыі Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка Ганна Баранава. Запрошаны ў «Школу добрых чарадзеяў» старшыня Мінскага гарадскога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі, пісьменнік і паэт Міхась ПАЗНЯКОЎ з задавальненнем слухаў, як на «Уроку сямейнай цеплыні» дзеці складалі пераблытаныя літаратурныя радкі ў яго вершы, чыталі іх на памяць, адгадвалі загадкі. Гулялі ў літаратурнае фоталато на «Уроку адчування прыгажосці прыроды», падбіраючы пад малюнак адпаведны верш. І нават здавалі творчы экзамен, разважаючы, пра што хацеў сказаць у сваіх творах Міхась Пазнякоў.
— Вы — мае настаўнікі, бо я вучуся ў вас пісаць сапраўднае і патрэбнае вам. Каб кніга была цікавай, трэба сапраўды быць чараўніком, — сказаў літаратар вучням. — У адной з кніг, якія вы прачытаеце, абавязкова аднойчы знойдзецца залаты ключык, схаваны між старонак. Вы адразу зразумееце, калі гэта адбудзецца, бо ён зазвініць галасамі людзей, якія будуць вас хваліць за кемлівасць, спагаду, выхаванне і дабрыню.
— Скіравалі ўвагу на дзіцячую кнігу, бо менавіта ў малодшым школьным узросце пачынаецца фарміраванне сапраўднага паўнавартаснага чытача. Калі страціць гэты перыяд, то пазней цікавасць да чытання можа ўвогуле не з'явіцца, — лічыць Наталля ЖДАНОВІЧ, дэкан факультэта пачатковай адукацыі БДПУ.
— Мы таксама маем на мэце навучыць будучых настаўнікаў нестандартна ставіцца да ўрока літаратурнага чытання. Хочам, каб яны выйшлі за межы падручніка і прывілі дзецям любоў да кнігі, навучылі, — патлумачыла сутнасць ідэі Ірына БУТОРЫНА, старшы выкладчык кафедры беларускага і рускага мовазнаўства БДПУ, метадыст аддзела метадычнага забеспячэння пачатковай адукацыі Нацыянальнага інстытута адукацыі Міністэрства адукацыі Беларусі. — Хочацца, каб на гэтых уроках больш глыбока асэнсоўваліся творы дзіцячай літаратуры, каб малым захацелася схадзіць у бібліятэку, прачытаць новае апавяданне, казку.
У межах праекта будучыя настаўнікі праводзяць творчыя ўрокі пазакласнага чытання ў розных школах сталіцы (кожны раз запрашаючы на іх аднаго з дзіцячых пісьменнікаў), а на канікулах — у летніках. У той жа час самі студэнты атрымліваюць майстар-класы ад беларускіх пісьменнікаў і педагогаў з вопытам. Адным з практычных вынікаў працы стане стварэнне метадычных дапаможнікаў, якія стануць карыснай падтрымкай для настаўнікаў.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/iryna-sidarok-0
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] mailto:sіdаrоk@zvіаzdа.bу
[4] https://zviazda.by/be/tags/syameynaya-gazeta
[5] https://zviazda.by/be/tags/dzeci
[6] https://zviazda.by/be/tags/litaratura