Урад зацвердзіў Дзяржаўную праграму «Камфортнае жыллё і спрыяльнае асяроддзе» на 2016 - 2020 гады.
Адпаведнае рашэнне замацавана пастановай Савета Міністраў ад 21 красавiка 2016 года №326, паведамілі ў прэс-службе ўрада. Мэта Дзяржаўнай праграмы -- забеспячэнне камфортных умоў пражывання ў першую чаргу за кошт павышэння эфектыўнасці і надзейнасці функцыянавання аб'ектаў ЖКГ з адначасовым зніжэннем выдаткаў на аказанне жыллёва-камунальных паслуг.
Дзяржпраграма ўключае восем падпраграм: «Забеспячэнне якасці і даступнасці паслуг»; "Мадэрнізацыя і павышэнне эфектыўнасці цеплазабеспячэння»; «Рамонт жыллёвага фонду»;«Бяспечны ліфт»; «Чыстая вада»; «Абыходжанне з камунальнымі адходамі і выкарыстанне другасных матэрыяльных рэсурсаў»; «Развіццё электраэнергетыкі і газіфікацыі вёскі»; «Якасць і даступнасць бытавых паслуг».
Мерапрыемствы праграмы накіраваны на забеспячэнне насельніцтва якаснымі і даступнымі па кошту жыллёва-камунальнымі паслугамі. Прадугледжана аптымізацыя выдаткаў па аказваемых ЖКП; павышэнне эфектыўнасці кіравання ЖКГ; павышэнне якасці жыллёва-камунальных паслуг. Праграма прадугледжвае стварэнне службаў заказчыкаў і падрадчыкаў ЖКП; аснашчэнне цэнтральных цеплавых пунктаў, цеплавых вузлоў, індывідуальных цеплавых пунктаў шматкватэрных жылых дамоў, якія знаходзяцца ў гаспадарчым вядзенні арганізацый ЖКГ, сістэмамі аўтаматызацыі і дыспетчарызацыі; распрацоўку новых і ўдасканаленне дзеючых тэхнічных нарматыўных прававых актаў у сферы ЖКГ.
Плануецца ўкараненне на ўсёй тэрыторыі Рэспублікі Беларусь адзінай інфармацыйнай сістэмы разлікаў за спажытыя насельніцтвам ЖКП і іншыя паслугі. Будзе запушчана сістэма безнаяўных жыллёвых субсідый для пакрыцця асобным катэгорым грамдзян часткі платы за жыллёва-камунальныя паслугі.
Фінансаванне мерапрыемстваў Дзяржаўнай праграмы плануецца ажыццяўляць за кошт сродкаў рэспубліканскага і мясцовых бюджэтаў, крэдытных рэсурсаў, уласных сродкаў арганізацый і іншых крыніц.Усяго на рэалізацыю Дзяржаўнай праграмы ў 2016 - 2020 гадах запланаваны сродкі ў памеры 106 трлн. 389,1 млрд. рублёў.
Адказнымі заказчыкамі Дзяржаўнай праграмы вызначаны Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі, Міністэрства энергетыкі, Міністэрства гандлю. Персанальная адказнасць за выкананне мерапрыемстваў праграмы ўскладзена на Міністра жыллёва-камунальнай гаспадаркі, Міністра энергетыкі, Міністра гандлю, Міністра архітэктуры і будаўніцтва, Старшыню Праўлення Беларускага рэспубліканскага саюза спажывецкіх таварыстваў, старшыняў аблвыканкамаў і Мінскага гарвыканкама.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/ekanomika
[2] https://zviazda.by/be/tags/dzyarzhaunaya-pragrama-kamfortnae-zhyllyo-i-spryyalnae-asyaroddze
[3] https://zviazda.by/be/tags/pastanova-saveta-ministrau
[4] https://zviazda.by/be/tags/zhyllyova-kamunalnyya-paslugi-0
[5] https://zviazda.by/be/tags/finansavanne