Прэзідэнт запатрабаваў не спрашчаць працэдуру паступлення, каб забяспечыць якасны адбор студэнтаў.
Уступныя іспыты ў Беларусі неабходна асучасніць. На гэтым зрабіў акцэнт Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка 3 мая ў час нарады па пытаннях карэкціроўкі правіл прыёму ва ўстановы вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі. На думку Аляксандра Лукашэнкі, існуючая ў краіне ў выглядзе ЦТ сістэма прыёму ў ВНУ і ССНУ не павінна быць застылай, неабходна, каб яна гнутка рэагавала на сучасныя павевы. Прэзідэнт адзначыў, што існуюць розныя пункты гледжання наконт цэнтралізаванага тэсціравання, але няма і значнай перавагі ні ў адзін, ні ў другі бок. Кіраўнік дзяржавы ў сваю чаргу больш арыентуецца ў гэтым пытанні на экспертаў і грамадства.
На нарадзе таксама абмяркоўваліся меры для павелічэння набору абітурыентаў на востра запатрабаваныя эканомікай спецыяльнасці. У сувязі з гэтым Прэзідэнт запатрабаваў не спрашчаць працэдуру паступлення, каб забяспечыць якасны адбор студэнтаў. Кіраўнік дзяржавы выказаўся за тое, каб пры прыёме на такія спецыяльнасці абітурыенты праходзілі гутарку, якая давала б магчымасць ацаніць, наколькі ўзровень іх ведаў адпавядае выбранай спецыяльнасці. Вышэйшая адукацыя, упэўнены Аляксандр Лукашэнка, не павінна быць масавай у адмоўным сэнсе гэтага слова, неабходна, каб яна заставалася элітарнай.
Пры падрыхтоўцы спецыялістаў у ВНУ трэба арыентавацца на патрэбнасці эканомікі, прадоўжыў Прэзідэнт. «Мы будзем заўсёды зыходзіць з гэтай патрэбнасці па колькасным і якасным складзе нашых абітурыентаў, будучых студэнтаў», — растлумачыў кіраўнік дзяржавы.
Абітурыенцкай кампаніі ў Беларусі традыцыйна ўдзяляецца пільная ўвага. Сёлета яна таксама павінна прайсці зладжана, запатрабаваў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка па выніках нарады ў цэлым ухваліў прапанаваныя змены і дапаўненні ў правілы прыёму ва ўстановы вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі, паведамляе прэс-служба Прэзідэнта. Чакаецца, што навацыі ўступяць у сілу з 2017 года. Абітурыенты атрымаюць, у прыватнасці, магчымасць здаваць ЦТ па чатырох прадметах пры паступленні ў ВНУ і па трох — у ССНУ. Перыяд дзеяння сертыфіката ЦТ павялічыцца да двух гадоў, а колькасць рэзервовых дзён цэнтралізаванага тэсціравання — да трох дзён.
У час нарады закраналіся іншыя аспекты дзейнасці сістэмы адукацыі ў цэлым. Адзначалася, што яна павінна развівацца на аснове найлепшага вопыту з улікам сучасных тэндэнцый.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/prezident
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/adukacyya
[4] https://zviazda.by/be/tags/vysheyshaya-adukacyya
[5] https://zviazda.by/be/tags/student
[6] https://zviazda.by/be/tags/vnu
[7] https://zviazda.by/be/tags/pastuplenne
[8] https://zviazda.by/be/tags/aliaksandr-luka%C5%A1enka