У Белавежскай пушчы ёсць гістарычныя мясціны, звязаныя з незвычайнымі людзьмі, якія пакінулі тут свой след. Польскі вучоны, біёлаг і папулярызатар навукі Сімона Косак пражыла ў старой леснічоўцы “Дзядзінка” (польскі бок пушчы) 35 гадоў. За здольнасць разумець мову і патрэбы жывёл жыхары Белавежы празвалі яе “вядзьмаркай”.
Сімона Косак паходзіла з сям’і патомных мастакоў Косакаў і мусіла прадоўжыць лінію творцаў. Але яна выбрала свой шлях – ахову прыроды. Сімона вучылася на факультэце біялогіі і навук аб Зямлі Ягелонскага ўніверсітэта (1965-1970), атрымала ступень магістра ў галіне біялогіі. У 1980 годзе яна стала доктарам філасофіі ў галіне лясной гаспадаркі, а ў 2000 годзе – прафесарам лесу. Пасля заканчэння ўніверсітэта пачала працаваць у навукова-даследчым інстытуце млекакормячых жывёл Польскай акадэміі навук. А пасля пакінула родны Кракаў і перабралася ў закінутую леснічоўку “Дзядзінка”.
Сімона ўлюбілася ў яе з першага погляду. Менавіта ў пушчы яна ўпершыню ў сваім жыцці ўбачыла зубра, які жыве на волі. Апынуўшыся ў леснічоўцы, зразумела: жыць будзе альбо тут, альбо нідзе.
Неверагодна, але там жа яна знайшла сваё каханне – натураліста і фатографа Леха Вільчэка, які таксама прамяняў горад на запаведны лес.
Па праўдзе кажучы, жыццё ў “Дзядзінцы” праходзіла ў спартанскіх умовах. Лех Вільчэк згадвае, што ўзімку яны марозілі ногі, хаця і палілі ў печцы. Не было ні электрычнасці, ні водаправода ды ўвогуле сувязі са светам. Лех сам зрабіў агрэгаты для награвання вады і спальвання драўніны. Дарога ад “Дзядзінкі” да Белавежы большую частку года была непралазнай.
Для Сімоны ж на першым месцы былі жывёлы, а сябе яна называла “зоапсіхолагам”. Біёлаг зрабіла з “Дзядзінкі” шпіталь, паліклініку і радзільны дом для жывёл. Тут жылі лосі-блізняты Пэпсі і Кола, пацукі Альфа і Амега, авечкі, цвыркуны. Даследчыца рабіла прагнозы надвор’я, назіраючы за кажанамі ў падвале.
Выхаваная Сімонай асліца хаця і вярнулася ў лес, але яшчэ шмат гадоў прыходзіла дадому, каб нарадзіць – каля леснічоўкі яна пачувалася вельмі бяспечна. Былі дзікі, лісіцы, дзікія і свойскія птушкі – усіх не пералічыць.
У Сімоны жыў крумкач-”тэрарыст” па мянушцы Корасэк, які стаў сапраўдным пракляццем для мясцовых жыхароў, бо краў дакументы, расчоскі, нажніцы. Крумкач любіў дзяўбсці людзей, асаблівую асалоду атрымліваў ад нападаў на веласіпедыстаў. Аднойчы Корасэк выцягнуў з кішэні рабочага пропуск і на вачах гаспадара парваў дакумент. А іншым разам пайшоў далей: аднаго з работнікаў пушчы ён пакінуў без зарплаты. Бандыт і толькі.
Дзікая кабаніха Жабка пражыла ў леснічоўцы 17 гадоў. Гэтае вялізнае стварэнне ахоўвала дом не горш-за сабаку, хаця насамрэч вельмі любіла ласку і ўвагу да сябе. Яна нават спала на адным ложку з гаспадарамі.
Пра сябе Сімона казала: “Я перайшла мяжу, якая аддзяляе свет жывёл ад свету людзей”. Аднойчы падчас прагулкі біёлаг заўважыла, што невялікі статак казуль, якіх даследчыца выкарміла з бутэлькі, чамусьці не хоча яе суправаджаць і ўвогуле падае прызнакі страху. Голасам папярэджвалі – не ідзі далей. Але яна пайшла. І заўважыла на снезе свежыя сляды рысі! Гадаванцы не пускалі яе на смерць, прыняўшы жанчыну за сваю, адну са статка. Чым не доказ, што зоапсіхолаг здолела пасябраваць са светам жывёл?
У жыцці Сімона была вясёлым і ўсмешлівым чалавекам з добрым пачуццём гумару. Аднак калі справа датычылася аховы прыроды, яна магла станавіцца жорсткай і прынцыповай. Сімона заўжды змагалася з негуманнымі метадамі навуковых даследаванняў, праведзеных на жывёлах. Вядомы выпадак, калі ў 1993 годзе маладыя польскія біёлагі вырашылі правесці тэлеметрычныя даследаванні: на рысей і ваўкоў адзявалі радыёашыйнікі, па якіх навукоўцы атрымлівалі інфармацыю. Але спачатку жывёл трэба было злавіць. Як высветлілася, дзеля гэтага вучоныя расстаўлялі па лесе пасткі, хаця ў Польшчы іх выкарыстанне было забаронена. Сімона выявіла два “навуковыя агрэгаты”, забрала іх сабе і адмовілася аддаваць. Справа дайшла да суда, але даследчыца стаяла на сваім. Пасткі неслі смяротную пагрозу для невялікай папуляцыі жывёл. “Сорам для польскай навукі, што мы прыклалі руку да гэтага”, – рэзюмавала біёлаг.
“Вядзьмарка” была сапраўдным папулярызатарам белавежскай флоры і фаўны. Яна напісала кнігі “Апавяданні аб травах і жывёлах”, “Воўк – забойца свойскіх жывёл?”, “Сага Белавежскай пушчы”, “Нацыянальны парк у Белавежскай пушчы”, а на “Радыё Беласток” вяла перадачу “Хто пішчыць у траве?”.
Пра свой выбар Сімона аднойчы сказала, што ўцёкі з Кракава ў Белавежу – гэта найлепшае, што яна магла зрабіць у жыцці. Яе не стала ў 2007 годзе.
Лада ЗАБЛОЦКАЯ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/pryroda
[2] https://zviazda.by/be/tags/belavezhskaya-pushcha
[3] https://zviazda.by/be/tags/naturalist