Статыстыка сведчыць, што ў фільмаў, створаных жанчынамі, на дзесяць працэнтаў больш шанцаў атрымаць добрую фестывальную дыстрыбуцыю. Пра гэта мы даведаліся на лекцыі «Жанчына ў нардычным кінематографе», якую ў Мінску прачытала рэжысёрка з Фінляндыі Мар'я Пююкко. І не толькі пра гэта. Госця, якая ў гэты ж дзень на кінафестывалі «Паўночнае ззянне» прадставіла сваю карціну «Вясковыя жыхары», пра адносіны жанчыны і сферы кіно ведае шмат, бо за сваю кар'еру ў гэтай індустрыі займалася дэкарацыямі, касцюмамі і забеспячэннем харчавання на кінапляцоўцы, працавала асістэнткай па вытворчасці, асістэнткай майстра па святле, першай асістэнткай рэжысёра, дырэктаркай па падборы акцёраў, уласна акцёркай і нарэшце рэжысёркай. Лекцыя ў Інстытуце журналістыкі БДУ пачалася з расказу пра папулярныя ў раннім паўночнаеўрапейскім кіно жаночыя вобразы, а ў выніку перайшла да тэмы, якая сёння горача абмяркоўваецца, — роўнасць полаў у кінематографе. На прыкладзе скандынаўскага.
Вакол Канскага кінафестывалю 2012 года грымнуў скандал: брытанская рэжысёрка Андрэа Арнольд публічна абвінаваціла адборшчыкаў фэсту ў тым, што яны не жадаюць уключаць у конкурсныя праграмы фільмы, створаныя жанчынамі. «Мужчыны любяць у жанчынах глыбіню, але толькі тады, калі яна прадстаўлена ў іх дэкальтэ», — сказала Арнольд і выклікала сваім выступленнем хвалю фемінісцкіх пратэстаў. Праблема (калі, вядома, гэта лічыць праблемай) не вырашана і да сёння.
Якраз пра яе гаварыла Мар'я Пююкко на лекцыі: «Нягледзячы на тое, што ў скандынаўскіх краінах добрая сітуацыя з раўнапраўем полаў, большасць ігравых фільмаў, тым не менш, здымаецца мужчынамі, і толькі 16 працэнтаў інвестыцый, якія паступаюць у кінаіндустрыю, выдаткоўваецца на фільмы жанчын. Адпаведна з гэтай статыстыкай складваецца няправільнае ўяўленне: маўляў, карціны, якія здымаюць жанчыны, — таннейшыя. Гэта не суадносіцца з рэальнасцю, але праўдай будзе тое, што жанчыны-рэжысёры ствараюць у асноўным кароткаметражнае, дакументальнае кіно альбо маленькія асабістыя драмы. На ўласным вопыце магу сказаць, што, калі ты жанчына, вельмі складана знайсці грошы на свой кінапраект, большасць сродкаў усё роўна выдаткоўваецца на высокабюджэтнае кіно: блокбастары, экшаны і гістарычныя карціны. Такое становішча характэрна не толькі для Паўночнай Еўропы, але і для ўсяго свету. Напэўна, адзінай жанчынай-рэжысёрам, якая прабілася ў вялікае кіно, з'яўляецца амерыканка Кэтрын Бігелоу (намінантка на «Оскар», а таксама ўладальніца гэтай узнагароды за фільм «Валадар буры». — Аўт.). Вядомая аўтарка з Даніі Сюзана Бір (яе карціна «Помста» атрымала «Оскар» як найлепшы фільм на замежнай мове. — Аўт.) працягвае ствараць фільмы ў стылі асабістых драм. Сапраўды, сітуацыя ў кінематографе ў гэтым напрамку незбалансаваная, таму пытанне наяўнасці жанчын сярод рэжысёраў востра абмяркоўваецца ў кінематаграфічных колах, у якіх жанчын адносяць да «меншасцяў». Пытанне тычыцца не толькі тых, хто прымае ўдзел у стварэнні кіно, але і гледачоў. Каля 45 працэнтаў аўдыторыі — гэта дзяўчаты і жанчыны ад 20 да 50 гадоў. У сувязі з гэтым узнікае пытанне, чые праблемы сапраўды важныя і пра каго трэба расказваць. А прыкладаў, калі жанчына выступае прадзюсарам, сцэнарыстам і рэжысёрам адначасова, вельмі мала. У скандынаўскіх краінах згуртаванні творчых людзей жаночага полу вельмі маленькія, а трэба пашырацца на іншыя краіны, каб дапамагаць адзін аднаму».
«Жанчына-рэжысёр наўрад ці будзе замахвацца на шырокую аўдыторыю, а хутчэй здыме нейкі асабісты фільм. Адпаведна і прадзюсары не будуць разлічваць на вялікія зборы ў кінатэатрах — з самага пачатку гэтыя карціны вузканакіраваныя. Але ў той жа час у створаных жанчынамі фільмаў на дзесяць працэнтаў больш шанцаў атрымаць добрую фестывальную дыстрыбуцыю, таму і верагоднасць поспеху большая. Увогуле важна рабіць нешта, цікавае самому сабе: гэта дапамагае раскрывацца і гаварыць пра тое, што ты насамрэч адчуваеш. Магчыма, на гэтым будуецца разуменне паміж рэжысёрам і гледачом».
Тэма нераўнавагі паміж жанчынамі і мужчынамі ў справе рэжысуры кіно мае падставы быць агучанай. Мы можам успомніць імёны рэжысёрак Джэйн Кемпіян, Шанталь Акерман і ўжо згаданую Кэтрын Бігелоу і абмежавацца гэтым, трымаючы ў галаве цэлае мноства рэжысёраў-мужчын. Пасля лекцыі мы працягнулі размову з Мар'яй Пююкко на розныя тэмы, але ў першую чаргу задалі пытанне, чаму ўласна гэтая нераўнавага з'яўляецца праблемай? Ці можна сказаць, што жанчынам па нейкіх прычынах цяжэй трапіць у індустрыю кіно? Альбо справа ў іншым?
— Праблема перш за ўсё хаваецца ў нас саміх: жанчынам цяжэй зразумець сябе і выказацца. Мужчыны звычайна ставяцца да сябе, як да найлепшых у свеце, і ўпэўнены, што здольны зрабіць усё што заўгодна. Рэжысёры, у якіх мне давялося працаваць асістэнткай, з абсалютна сур'ёзным выглядам і без жартаў казалі, што яны найлепшыя рэжысёры ў свеце. Жанчынам часам не хапае такога стаўлення да сябе, гэтай упэўненасці ў сабе і настойлівасці, з дапамогай якіх яны маглі б ствараць кіно і дасягаць поспеху ў сферы кінематографа, калі казаць канкрэтна пра яго. Калі б жанчына некаму сказала фразу кшталту тых, што агучвалі згаданыя рэжысёры, у гэтым бачыліся б пэўныя іронія і сарказм. Таксама важна адзначыць, што грошы ў кінаіндустрыі сканцэнтраваны ў руках мужчын. А там, дзе грошы, там і ўлада. Калі такія грошы, адпаведна і ўлада, акажуцца ў жанчын, яны будуць мець больш магчымасцяў. Тым больш што пазіцыя ўладнага чалавека, які распараджаецца грашыма, прадугледжвае мультызадачнасць, калі трэба адначасова выконваць шмат функцый па розных напрамках — гэта якраз тое, з чым добра спраўляюцца жанчыны. Важна ўсвядоміць гэта.
— Ці прысутнічае ў сучасным кіно вобраз ракавой жанчыны, які скандынаўскі кінематограф культываваў у пачатку свайго развіцця?
— Калі разумець пад вобразам ракавой жанчыны перш за ўсё пэўную сексуальную адкрытасць, то гэтае клішэ небеспадстаўнае, таму што зыходзіць з рэальна існуючых рэчаў. Вобраз захоўваецца ў сучасным кіно, але сёння ён больш уласцівы не скандынаўскаму, а амерыканскаму кінематографу, дзе часта паказваюць гатовых на ўсё дзяўчат. Праўда, там ён занадта гіпербалізаваны: у рэальным жыцці пэўныя рэчы больш умераныя. Таму ў гэтым пытанні існуе такая дваістасць: клішэ існуе, але па-рознаму паказваецца.
Не дзіўна, што гэты вобраз паказваўся ў паўночнаеўрапейскім кінематографе, таму што нашы жанчыны ад прыроды вельмі актыўныя і энергічныя. У той час, як нехта іншы будзе стаяць і глядзець, яны будуць дзейнічаць. Гэты вобраз праўдзівы, ён сведчыць пра характар жанчын скандынаўскіх краін: яны не дадуць рэчам адбывацца самім па сабе, а будуць трымаць усё пад кантролем і накіроўваць развіццё падзей туды, куды яны хочуць. Прыкладам такіх ракавых жанчын могуць быць тыя ж іспанкі. Я жыла ў Іспаніі і бачыла, што там жанчыны не дадуць сябе пакрыўдзіць, а будуць накіроўваць лёс у патрэбнае ім рэчышча. Вобраз ціхай жанчыны, якая заўсёды ў цені, культывуецца ў кіно менавіта мужчынамі. Гэта паказвае, якімі б яны хацелі нас бачыць, а не тое, што ёсць насамрэч. Зноў жа, за кошт таго, што мужчын больш у кіно, літаратуры і мастацтве ўвогуле, ствараецца клішэ, якое не зусім адпавядае рэальнасці.
— Ці правільна будзе заўважыць, што ў вашай карціне «Вясковыя жыхары» ёсць нешта ад стылю Акі Каўрысмякі (найвядомейшы кінарэжысёр Фінляндыі. — Аўт.)?
— Так, безумоўна. Акі Каўрысмякі ўплывае на мяне, як і Інгмар Бергман (адзін з найвядомейшых класікаў кінематографа, швед. — Аўт.) не можа не ўплываць. Карціна «Вясковыя жыхары», нягледзячы на тое, што з'яўляецца камедыяй, расказвае пра дастаткова сур'ёзныя рэчы, героі тут трапляюць у складаныя жыццёвыя сітуацыі, што нетыпова для гэтага жанру. Персанажы фільмаў Каўрысмякі звычайна неэмацыянальныя, а я, наадварот, стараюся зрабіць сваіх персанажаў не толькі моцнымі, але і экспрэсіўнымі.
— У беларускім незалежным кіно тэма вёскі апошнім часам стала папулярнай. Чаму для свайго фільма вы выбралі менавіта гэтае асяроддзе?
— Гэтае месца дазваляе стварыць цікавы сюжэт за кошт адносна закрытага згуртавання людзей, якія звязаны паміж сабой цеснымі адносінамі. Гэта становіцца глебай для праяў адмоўных і станоўчых рыс. Вядома, вёска выкарыстоўваецца і як сацыяльная метафара: у фільме ёсць дакладная іерархія, а кожны з герояў выконвае выразную ролю. Калі месцам дзеяння з'яўляецца вёска, персанажам лягчэй прымераць вобраз: ён не будзе змешвацца з агульнай масай і застанецца ўнікальным.
— Што такое мастацтва кіно ў адрозненне ад прадукту кіно?
— Безумоўна, чыстыя формы мастацтва, да якіх нельга выкарыстаць слова «прадукт», існуюць. Але кіно да іх не адносіцца. Яно заўсёды накіравана да пэўнай аўдыторыі, што само па сабе азначае адносіны да індустрыі. Сутнасць працы рэжысёра заключаецца ў тым, каб граматна спалучыць мастацтва і прадукт, які будзе адпавядаць запатрабаванням аўдыторыі. Апроч іншага, кіно немагчыма займацца без вялікіх фінансавых сродкаў. Літаратура, напрыклад, не патрабуе такіх выдаткаў. Праўда, у сучасным свеце здымаць фільмы становіцца прасцей — у кожнага ёсць тэлефон, які без вялікага бюджэту можна выкарыстаць з гэтымі мэтамі. Магчыма, у будучыні мы ўбачым больш фільмаў, якія будуць прыкладамі чыстага мастацтва.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/irena-kacyalovich-0
[2] https://zviazda.by/be/kultura
[3] https://zviazda.by/be/kino
[4] http://katsyalovіch@zvіazda.by
[5] https://zviazda.by/be/tags/kinematograf
[6] https://zviazda.by/be/tags/marya-pyuyukko
[7] https://zviazda.by/be/tags/kino