Любоў да сваёй Айчыны пачынаецца з цікавасці да мінулага: да песень, якія спявалі нашы продкі, да рэчаў, зробленых іх рукамі, да свят і рамёстваў.
Адным з іх з'яўляецца вышыўка на прарэджанай тканіне — разнастайныя мярэжкі, «сакаленне», каляровая і белая строчка-перавіўка, «гафтаванне».
Гэтае ажурнае шыццё, у параўнанні з вышываннем па суцэльнай тканіне, не атрымала шырокага распаўсюджання, яно сустракалася пераважна ва ўсходніх рэгіёнах Беларусі. Відаць, таму менавіта ў нашай мясцовасці захаваліся ўзоры такіх вось рэчаў. І нас, сучаснікаў, яны не могуць не захапляць сваёй непаўторнасцю і ажурнасцю.
Напэўна таму вышыўку на прарэджанай тканіне з задавальненнем асвойваюць многія вучні нашага Капачоўскага вучэбна-педагагічнага комплексу дзіцячы сад — сярэдняя школа Вольга Закрэўская, Святлана Мядзведская, Настасся Гараднічая, Алена Жалянкова. Работы гэтых дзяўчат вылучаюцца ажурнасцю і сучаснасцю, яны могуць арганічна ўпісацца ў любы сучасны інтэр'ер.
Старадаўняя вышыўка ў сучаснай інтэрпрэтацыі здольная не лішні раз нагадаць: мы не маем права не шанаваць тое, што зроблена карпатлівай працай нашых бабуль і прабабуль. Мы можам не толькі захоўваць традыцыйнае народнае мастацтва, але і ўдасканальваць яго.
Іна Мядзведская, настаўніца. Мсціслаўскі раён
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/gramadstva
[2] https://zviazda.by/be/tags/vyshyuka-0
[3] https://zviazda.by/be/tags/aychyna
[4] https://zviazda.by/be/tags/prodki
[5] https://zviazda.by/be/tags/ramyostvy