31 сакавіка ў Маскве прайшла міжведамасная навукова-гістарычная канферэнцыя. Яна была прысвечана 30-годдзю з дня катастрофы на атамнай электрастанцыі ў Чарнобылі. Аб гэтым паведамляе сайт Федэральнай нацыянальна-культурнай аўтаноміі беларусаў (www.belros.org [2]).
Прадстаўнікі розных арганізацый Расіі, у тым ліку Федэральнай службы бяспекі, Дзяржаўнай карпарацыі "Расатам", Федэральнай нацыянальна-культурнай аўтаноміі беларусаў абмеркавалі подзвіг асабістага складу Узброеных Сіл у ліквідацыі наступстваў катастрофы на атамнай электрастанцыі, прааналізавалі магчымыя шляхі пазбягання аварый, падобных Чарнобыльскай. Асобнай тэмай было вылучана прыцягненне ўвагі грамадскасці да медычных і сацыяльных праблем, з якімі сутыкаюцца ліквідатары наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС і іншых радыяцыйных аварый.
У апошні час атамныя электрастанцыі сталі прыцягваць да сябе ўвагу міжнародных тэрарыстычных груповак. Згадаць хаця б нядаўні выпадак у Бельгіі, калі пасля тэрактаў у аэрапорце і на станцыі метро было знойдзена цела ахоўніка АЭС, а пропуск яго быў скрадзены. Таму на канферэнцыі тэма супрацьстаяння магчымым рызыкам ядзернага тэрарызму і ўжывання тэхнагеннай зброі, калі міру на Зямлі пагражаюць шматлікія тэрарыстычныя выклікі, гучала вельмі выразна.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/gramadstva
[2] http://www.belros.org
[3] https://zviazda.by/be/tags/belarusy-rasii
[4] https://zviazda.by/be/tags/charnobyl