Яшчэ 11 гадоў таму беларускія афіцэры былі вымушаны ехаць па аператыўна-стратэгічную адукацыю за межы нашай краіны. 22 сакавіка 2006 года такая неабходнасць адпала, і ваенную эліту пачалі рыхтаваць у нас. За дзесяцігоддзе факультэт Генеральнага штаба Узброеных Сіл скончылі каля двухсот ваеннаслужачых. Гэта вядомыя сёння военачальнікі, кіраўнікі дзяржаўных структур, вышэйшыя службовыя асобы сілавых структур іншых дзяржаў. Вопыт беларускай ваеннай школы ў сваёй дзейнасці сёння выкарыстоўваюць міністр абароны Туркменістана, яго першы намеснік, камандуючы сухапутнымі войскамі Казахстана...
У гэтых сценах няма выпадковых людзей. Іх па праве лічаць абранымі, бо менавіта ім у выніку несці ганаровае званне ваеннай эліты і, магчыма, насіць генеральскія пагоны. Хто трапляе ў рады слухачоў факультэта, чаму беларуская ваенная адукацыя лічыцца прэстыжнай за мяжой і якія патрабаванні да прафесарска-выкладчыцкага складу — пра гэта і шмат што іншае расказаў начальнік факультэта Генеральнага штаба Узброеных Сіл — намеснік начальніка Ваеннай акадэміі Беларусі, генерал-маёр Андрэй ГУРЦЭВІЧ.
— Андрэй Мікалаевіч, стварэнне факультэта Генеральнага штаба было абумоўлена дынамічным будаўніцтвам і развіццём беларускіх Узброеных Сіл. Ці апраўдалася гэтае найважнейшае дзяржаўнае рашэнне, прынятае дзесяцігоддзе таму?
— Гэта было своечасовае і вельмі патрэбнае рашэнне. Акрамя таго, што Узброеныя Сілы Беларусі імкліва развіваліся, удасканальвалася і наша ваенная школа. На той перыяд, калі ствараўся факультэт, афіцэры ў нас рыхтаваліся ад курсанта (першая ступень ваеннай адукацыі). У 1995 годзе быў створаны камандна-штабны факультэт, які даваў аператыўна-тактычны ўзровень падрыхтоўкі. А вышэйшых афіцэраў аператыўна-стратэгічнага ўзроўню дагэтуль рыхтавалі толькі ў Расіі. Такім чынам, у вайсковай сферы не існавала поўнага цыкла адукацыйнага працэсу, і напрошвалася неабходнасць стварыць сваю ваенную школу да канца. Калі ў 2006 годзе, згодна з указам Прэзідэнта, факультэт пачаў сваю працу, мы завяршылі стварэнне поўнага цыкла ваеннай адукацыі. І людзей ад лампасаў сувораўца да лампасаў генерала, як у нас кажуць, пачалі рыхтаваць дома.
— У той жа час беларускія афіцэры працягваюць навучацца і ў Ваеннай акадэміі Генеральнага штаба Расійскай Федэрацыі. Ці спрабавалі параўнаць якасць падрыхтоўкі слухачоў абедзвюх ВНУ?
— Сапраўды, мы не адмовіліся ад таго, каб афіцэры беларускай арміі атрымлівалі адукацыю ў тым ліку ў Ваеннай акадэміі Генеральнага штаба Расійскай Федэрацыі. І тое, што кожны год некалькі афіцэраў асвойваюць азы ваеннай навукі менавіта там, — нармальная практыка. У нас функцыянуе рэгіянальная групоўка войск, і адпаведна вайскоўцы абедзвюх краін павінны ўзаемадзейнічаць. А калі гэта рабіць, як у тым ліку не падчас вучобы?
Ствараючы факультэт, мы абапіраліся на багаты вопыт расійскай Ваеннай акадэміі Генеральнага штаба. Усё лепшае мы ў іх пераймаем і дагэтуль. І ніколі не адмовімся ад таго, каб навучаць там нашых афіцэраў. Калі казаць пра якасць падрыхтоўкі, то складана вызначыць, дзе рыхтуюць афіцэраў лепш, а дзе — горш. Мы дзесьці на адным узроўні. Вядома, так было не адразу. Але за 10 гадоў мы ўсё-такі дасягнулі прызнання не толькі Ваеннай акадэміі Генеральнага штаба Расійскай Федэрацыі, а і падобных навучальных устаноў іншых дзяржаў.
І тое, што да нас па адукацыю прыязджаюць вышэйшыя службовыя асобы сілавых структур іншых дзяржаў, сведчыць аб высокай якасці адукацыі, атрыманай на факультэце Генеральнага штаба Узброеных Сіл Беларусі.
— Ваеннаслужачыя з якіх краін атрымліваюць у нас шанц на генеральскія пагоны?
— Цяпер на факультэце Генеральнага штаба вучацца слухачы з Казахстана і Туркменістана. У свой час у нас атрымлівалі адукацыю прадстаўнікі Кітая. У перспектыве ў гэтым зацікаўлены ваеннаслужачыя з Азербайджана.
У Казахстане не так даўно стварылі свой факультэт Генеральнага штаба. Але ён нашмат меншы і забяспечвае адпаведнай адукацыяй прадстаўнікоў толькі Узброеных Сіл. У нас жа на дадзены момант вучацца прадстаўнікі пагранічнай службы і Нацыянальнай гвардыі Казахстана. Падобны факультэт створаны і ў Туркменістане, але, як прызнаюцца самі слухачы, ім яшчэ трэба шмат чаго зрабіць, каб дасягнуць адпаведнага ўзроўню. Яны не адмаўляюцца ад сваёй адукацыі, але разумеюць, што рыхтаваць спецыялістаў неабходна і ў нас. Не выключана, што нашы выпускнікі з Туркменістана ці з Казахстана потым будуць дзяліцца вопытам у сябе на Радзіме.
— Ці існуюць для замежных слухачоў бар'еры ў навучанні? Моўныя, напрыклад?
— Прадстаўнікі Казахстана вучацца сумесна з нашымі слухачамі. Слухачы з Туркменістана — у асобных групах. Навучаюцца пакуль яны толькі завочна, але сёлета плануецца ў тым ліку і дзённае навучанне. Казахі вучацца як вочна, так і завочна. Увогуле сёння 15 замежных слухачоў навучаюцца завочна і тры слухачы атрымліваюць адукацыю на дзённай аснове. Асаблівых бар'ераў для навучання ў іх няма. Як адзначаюць самі прадстаўнікі Казахстана, яны задаволены тымі ведамі, якія атрымліваюць у Беларусі.
— Сярод вашых выпускнікоў — вядомыя военачальнікі, кіраўнікі рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання. Паступленне на факультэт Генеральнага штаба ўжо гарантуе высокі кар'ерны рост ці ўсё ж такі сваё службовае становішча чалавек куе сам?
— Паступленне на факультэт і нават яго заканчэнне — вядома, не гарант таго, што чалавек зойме высокае становішча і тым больш стане генералам. Але гэта дае нашаму выпускніку магчымасць на гэта разлічваць.
У параўнанні з тымі афіцэрамі, у якіх няма такой адукацыі, у яго гэты шанц узрастае. Але, паўтаруся, гэта не гаворыць аб тым, што пасля заканчэння факультэта Генеральнага штаба ён адразу стане вялікім начальнікам і атрымае генеральскія пагоны. Шанц узрастае ў разы, а ўсё астатняе залежыць ад самога чалавека.
— Тым не менш не кожны афіцэр можа патрапіць у рады слухачоў факультэта Генеральнага штаба?
— Асабліва калі мы кажам пра тое, што кожны год для навучання на факультэце адбіраецца парадку 20 чалавек. Гэтыя кандыдатуры зацвярджаюцца на калегіі Міністэрства абароны на чале з міністрам. Кожны патэнцыйны слухач разглядаецца персанальна. Па-першае, гэта павінен быць афіцэр з рэпутацыяй. Па-другое, улічваюцца яго маральна-дзелавыя якасці. Па-трэцяе, афіцэр павінен мець вопыт праходжання службы ў органах ваеннага кіравання на камандзірскіх пасадах.
Акрамя таго, кандыдат у слухачы, як правіла, з'яўляецца перспектыўным вайскоўцам. Нашы слухачы — штучны тавар. Таму пры адборы ажыццяўляецца комплексны падыход. Па-іншаму і быць не можа.
— Амаль ні адзін выпуск слухачоў не адбываецца без залатых медалістаў і ўладальнікаў дыпломаў з адзнакай. І ў гэтым, відаць, немалая заслуга прафесарска-выкладчыцкага складу. Хто яны — кавалі такіх каштоўных кадраў?
— Нашы выкладчыкі — людзі заслужаныя. Яны маюць не толькі багаты жыццёвы вопыт, а і вопыт праходжання службы ў цэнтральных органах ваеннага кіравання. Яны не проста выкладаюць тэорыю, напісаную ў кнізе, а скіроўваюць яе да практыкі. Адным словам, падказваюць, як, чытаючы той ці іншы так названы буквар, выкарыстаць на практыцы, прымяніць атрыманыя веды, дасягнуўшы большай эфектыўнасці поспеху. Нашы выкладчыкі імкнуцца да таго, каб не было машынальнага завучвання. Яны ўжо на такім узроўні прымушаюць слухача не проста знаходзіць пэўную праблему, супярэчанне, а адразу прапаноўваць яе вырашэнне. У выніку, калі нашы выпускнікі зоймуць свае пасады, яны з улікам сваіх ведаў будуць разглядаць любую праблему ў комплексе. Як правіла, тыя людзі, якія выходзяць ад нас з залатымі медалямі і чырвонымі дыпломамі, здольны прааналізаваць любое пытанне, зрабіць высновы, абгрунтавана выкласці іх начальству і тым самым прыняць правільнае рашэнне.
Вядома, гэта заслуга нашых выкладчыкаў.
У нас не можа працаваць чалавек, які не служыў у цэнтральных органах ваеннага кіравання Міністэрства абароны і не мае вайсковай аператыўна-стратэгічнай адукацыі. Немалаважны і навуковы патэнцыял.
Сярод 36 выкладчыкаў 7 чалавек маюць кандыдацкую ступень. Ёсць суіскальнікі гэтай вучонай ступені. Ёсць проста заслужаныя людзі, якія ў свой час стваралі гісторыю Узброеных Сіл. Тут усё ж такі высокі ўзровень слухачоў, і вучыць іх можа вопытны афіцэр: толькі той, хто сам усё прайшоў, мае права даваць парады.
— Але якімі б таленавітымі ні былі выкладчыкі, навучальны працэс ужо немагчыма ўявіць без сучасных тэхналогій. Ці можна факультэт Генеральнага штаба назваць факультэтам XXІ стагоддзя?
— У нас ёсць свая лакальная сетка, распрацаваны вучэбна-метадычныя комплексы. Пры навучанні мы выкарыстоўваем усе электронныя карты, анлайн-праграмы. Мы вучым нашых слухачоў умець прымаць важныя рашэнні ў рэальным рэжыме часу, каб у выніку рабіць гэта на тых пасадах, на якія іх прызначаць. У нас ёсць прамая электронная сувязь з нашым навукова-даследчыцкім інстытутам, з Нацыянальнай бібліятэкай. Лакальная сетка дае магчымасць мець зносіны паміж слухачамі, паміж слухачамі і выкладчыкамі. Самае галоўнае, што мы вучым іх таму, што іх чакае ў будучыні.
— Ці прадугледжаны на факультэце Генеральнага штаба практычныя заняткі?
— Прыкладна 40% заняткаў з'яўляюцца менавіта практычнымі. На другім курсе нашы слухачы стажыруюцца на пасадах цэнтральных органаў ваеннага кіравання. Разам з выкладчыкамі, што немалаважна, удзельнічаюць ва ўсіх асноўных мерапрыемствах аператыўнай падрыхтоўкі Узброеных Сіл. Гэта дазваляе ім прасачыць тэндэнцыі ва Узброеных Сілах, убачыць, чаму вучаць у войсках, што там адбываецца новага. У нас прадугледжана аператыўна-палявая паездка, калі слухачы знаёмяцца з тымі ці іншымі воінскімі падраздзяленнямі. Ды і заняткі пабудаваны такім чынам, каб у іх быў практычны складнік. Вывучылі — паспрабуйце гэта на практыцы.
— Андрэй Мікалаевіч, яшчэ нядаўна вы самі былі слухачом факультэта Генеральнага штаба. Гэты вопыт вам, як начальніку, напэўна, дапамагае прыняць пэўныя рашэнні на карысць слухачоў?
— Я так не сказаў бы. Я не падзяляю факультэт на пастаянны склад і пераменны. Выкладчыкі — для слухачоў. Не яны для нас, а мы для іх. Наш абавязак — стварыць усе ўмовы для іх навучання, даць ім усё магчымае, каб яны выйшлі са сцен факультэта падрыхтаванымі ваеннаслужачымі для выканання сваіх абавязкаў на адпаведных пасадах. Я патрабую ад іх толькі аднаго — каб яны добрасумленна вучыліся. Каб пра кожнага, хто выйдзе са сцен факультэта, потым сказалі: «Вось гэта высакакласны спецыяліст!» Магчыма, той факт, што я сам з'яўляўся слухачом факультэта, дазваляе мне глядзець на некаторыя рэчы па-іншаму. Але ў той жа час, як чалавек, які ўсё гэта прайшоў, я бачу, дзе можна пайсці на ўступкі, а дзе гэта немэтазгодна.
Праверка на абараназдольнасць
Ва Узброеных Сілах — гарачая пара. Самы маштабны этап комплекснай праверкі боегатоўнасці беларускай арміі, які распачаўся днямі, ахопіць тэрыторыю ўсёй краіны.
Усяго ў мерапрыемствах па праверцы баявой гатоўнасці задзейнічана каля 7 тысяч вайскоўцаў, больш чым 600 чалавек прызвана з запасу. Справіцца з пастаўленымі задачамі ім дапамогуць 110 адзінак ваеннай тэхнікі і ўзбраення.
— Будуць адпрацоўвацца пытанні комплекснага агнявога паражэння, вядзення разведкі і радыёэлектроннай барацьбы, — адзначыў начальнік Генеральнага штаба Узброеных Сіл — першы намеснік міністра абароны Беларусі, генерал-маёр Алег БЕЛАКОНЕЎ. — Да практычных мерапрыемстваў прыступілі сілы неадкладнага рэагавання, якія таксама выканаюць задачы па прызначэнні з выхадам на шматлікія палігоны і здзейсняць маршы на незнаёмыя ўчасткі мясцовасці.
Матэрыяльнае і тэхнічнае забеспячэнне воінскіх часцей і падраздзяленняў, якія выконваюць пастаўленыя задачы, ажыццяўляецца ў поўным аб'ёме.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/veranika-kanyuta
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] mailto:kanyuta@zvіazda.by
[4] https://zviazda.by/be/tags/general
[5] https://zviazda.by/be/tags/fakultet-generalnaga-shtaba
[6] https://zviazda.by/be/tags/andrey-gurcevich
[7] https://zviazda.by/be/tags/vaennaya-adukacyya-0