25 гадоў спаўняецца аднаму з самых вядомых падраздзяленняў Міністэрства ўнутраных спраў — Галоўнаму ўпраўленню па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй (ГУБАЗіК). Дата — значная, якая змясціла ў сабе дзясяткі рэзанансных затрыманняў крымінальных аўтарытэтаў, наркадылераў, «зладзеяў у законе». Пра гэта і не толькі «Звяздзе» расказаў кіраўнік упраўлення Мікалай КАРПЯНКОЎ.
«Узровень экстрэмізму яшчэ ніколі не падымаўся так высока, як цяпер»
— Кожнай эпосе ўласцівы свае складанасці, праблемы. Сёння таксама няпросты час, — кажа Мікалай Мікалаевіч. — І нашы падраздзяленні імкнуцца паспяхова выконваць сваю работу, у якой, безумоўна, трэба ўлічваць сучасную палітычную і эканамічную сітуацыю ў свеце: ваенны канфлікт ва Украіне, вайну на Блізкім Усходзе і ў Паўночнай Афрыцы, міграцыйны калапс, вялікую колькасць тэрарыстычных атак, эканамічныя і палітычныя санкцыі. На думку экспертаў, за апошнія 25 гадоў узровень экстрэмізму яшчэ ніколі не падымаўся так высока, як цяпер. У сваёй дзейнасці мы імкнёмся ўлічваць усе нюансы, што тычацца глабальных працэсаў. І хочам арганізаваць сваю працу так, каб не дапусціць падобных фактаў у нашай краіне. Бачым праблему глабальна, але дзейнічаем — лакальна. У сувязі з гэтым кіраўніцтва МУС своечасова прыняло належнае рашэнне, і ў нашай структуры летась створана ўпраўленне па супрацьдзеянні экстрэмізму. Яго кампетэнцыя — спыненне дзейнасці ў Беларусі радыкальных грамадскіх фарміраванняў, у тым ліку маладзёжных нефармальных груповак, супрацьдзеянне экстрэмізму ў этнічных, рэлігійных утварэннях, а таксама спыненне незаконнай міграцыі.
Абраная стратэгія, у тым ліку нашага падраздзялення, дазволіла ў вельмі важны для краіны год — год прэзідэнцкіх выбараў, правесці палітычныя мерапрыемствы ў спакойнай абстаноўцы, на самым высокім арганізацыйным узроўні.
«Карупцыя ва ўсіх краінах — прамая пагроза нацыянальнай бяспецы»
— А наогул спектр задач, якія вырашае Галоўнае ўпраўленне па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй, даволі шырокі. І кіраўніцтвам краіны, і ведамствам прыярытэтным напрамкам вызначана супрацьдзеянне карупцыі. Ва ўсіх краінах карупцыя разглядаецца як прамая пагроза нацыянальнай бяспецы, падрыў эканамічнага развіцця дзяржавы... Да чаго яна можа прывесці, калі яе ігнараваць і замоўчваць, мы сёння назіраем у нашых суседзяў. Дзве прычыны, якія разбурылі дзяржаву Украіна — развал эканомікі і маштабная карупцыя. Менавіта таму мы максімальна актывізавалі працу ў гэтым кірунку. Наша прынцыповая пазіцыя ў тым, каб асобы, якія ўваходзяць у кадравы рэестр кіраўніка дзяржавы, займаюць адказныя пасады, не блыталі дзяржаўную казну са сваёй кішэняй, не дазвалялі сабе браць хабар і красці бюджэтныя сродкі. Спрабуем забяспечыць аператыўнае суправаджэнне буйных дзяржаўных прадпрыемстваў, ад дзейнасці якіх залежыць бюджэт краіны.
Пры непасрэдным удзеле нашага падраздзялення затрымалі супрацоўнікаў і кіраўнікоў некалькіх кампаній, якія займаліся закупкай, пастаўкай і рэалізацыяй сродкаў для абароны раслін. Арыштавалі маёмасць, грошы на падкантрольных рахунках. Дзякуючы створаным шэрым схемам, ад інспекцыі па падатках і зборах утойваліся каласальныя прыбыткі, не выплачваліся падаткі.
Мы прадухілілі велізарную шкоду дзяржаве. Пры пэўных, безумоўна, спрыяльных умовах, злачынцы збіраліся мець каля 70 мільёнаў долараў прыбытку ў год.
Яшчэ адно выяўленае намі рэзананснае эканамічнае злачынства здзейснілі службовыя асобы ААТ «Нафтан» і камерсанты. Яны стварылі карупцыйную схему пастаўкі тэхналагічнага абсталявання па заведама завышаных коштах. Расследаванне крымінальнай справы працягваецца. Але намі ўжо вернута 15 мільярдаў рублёў, канфіскавана таварна-матэрыяльных каштоўнасцяў і валюты на суму 15,7 мільярда рублёў. Агульны эканамічны эфект для дзяржавы склаў 90,9 мільярда.
Аднак асноўнай формай процідзеяння карупцыі з'яўляецца яе прафілактычны складнік — апярэдзіць чыноўнікаў ад спакусы выкарыстаць службовыя паўнамоцтвы ва ўласных інтарэсах. Толькі летась у розныя дзяржаўныя органы скіравана 88 прадстаўленняў аб ліквідацыі прычын і ўмоў, што спрыяюць карупцыйным злачынствам, недапушчэнні кампраметацыі ўлады карумпаванымі асобамі.
«У святле новых выклікаў здольны хутка перабудавацца»
— Сёння мы з'яўляемся тым спецыяльным, аператыўным падраздзяленнем у сістэме МУС, якое ў святле новых выклікаў і пагроз здольнае хутка перабудавацца ў рабоце, выконваць пастаўленыя задачы на высокім узроўні. Са з'яўленнем новага кірунку (супрацьдзеянне экстрэмізму) мы ўжо можам казаць пра першыя поспехі. Мы ўзнялі і разгарнулі маштабную, эфектыўную работу ў дачыненні да так званых чорных капальнікаў, якія займаюцца раскопамі і пошукам зброі, боепрыпасаў часоў усіх баявых дзеянняў, якія адбываліся на тэрыторыі сучаснай Беларусі. З пачатку 2015 года распачалі мэтанакіравана працаваць у дачыненні ўдзельнікаў каляфутбольных рухаў і іх найбольш агрэсіўных прадстаўнікоў. Пад жорсткі кантроль узяты анархісты, неанацысты, удзельнікі руху Антыфа, якія, хаваючыся за ідэямі барацьбы з фашызмам, насамрэч ствараюць небяспечныя хуліганскія групоўкі. Прынятыя меры значна знізілі ўзровень вулічнага хуліганства з боку гэтых малойчыкаў. Толькі цягам мінулага года распачата 187 крымінальных спраў у дачыненні лідараў і найбольш актыўных удзельнікаў гэтых рухаў. Да крымінальнай адказнасці прыцягнулі 191 чалавека.
Што да нелегальнай міграцыі, нам сёння важна не дапусціць масавага перамяшчэння цераз нашу краіну мігрантаў з краін з павышанай тэрарыстычнай пагрозай у Заходнюю Еўропу. Бо ёсць верагоднасць, што сярод бежанцаў могуць быць баевікі і злачынцы.
Дзякуючы сумесным аперацыям з калегамі з Расіі і Латвіі, падобную злачынную дзейнасць паспяхова атрымліваецца спыняць. Выяўляем і тых, хто дапамагае, арганізоўвае каналы для перапраўкі нелегалаў. Важна не прапусціць у Беларусь замежных баевікоў-наймітаў, радыкальна настроеных мусульман, удзельнікаў ваенных аперацый ва Украіне, на Блізкім Усходзе. Мы фарміруем аператыўныя ўлікі беларускіх баевікоў, якія ваявалі ва Украіне, а цяпер вяртаюцца дадому. Усё гэта робіцца дзеля таго, каб людзі, якія могуць несці ваенную пагрозу дзяржаве, знаходзіліся пад кантролем. Ужо заведзена 135 крымінальных спраў у дачыненні такіх беларусаў.
Крымінальныя аўтарытэты — пад кантролем
— За лічбамі вынікаў і штодзённымі аператыўнымі звесткамі стаіць карпатлівая праца кожнага супрацоўніка глаўка. Самае каштоўнае ў нашым упраўленні — асабовы склад: аператыўнікі, прафесіяналы сваёй справы. ГУБАЗіК — мабільная кампактная спецслужба, прызначаная для каардынацыі і барацьбы з арганізаванай злачыннасцю, карупцыяй і экстрэмізмам. Падраздзяленне валодае значнымі рэсурсамі — аператыўнымі базамі звестак, добрымі кадрамі. На нашым уліку — 700 злачынцаў, якія знаходзяцца ў месцах пазбаўлення волі, 50 груповак, 6 «зладзеяў у законе»: чацвёра адбываюць свае тэрміны зняволення, адзін знаходзіцца на ўцёках, а яшчэ адзін — пад прэвентыўным наглядам і пастаянна адчувае наш кантроль. У адносінах замежных крымінальных аўтарытэтаў, што імкнуцца патрапіць на нашу тэрыторыю і дыктаваць свае інтарэсы, супрацоўнікі ўпраўлення выбудавалі эфектыўныя заслоны. Гэта аператыўныя адпрацоўка і дэпартацыя. Таму яны і не імкнуцца прыязджаць у Беларусь.
Злачыннасць, безумоўна, перамагчы складана, але наша задача — максімальна паслабіць яе. Каб як мага менш зладзеяў было на волі.
«Плануем правесці рэарганізацыю і стварыць новы аддзел»
— У перспектыве нашае галоўнае ўпраўленне бачыцца падраздзяленнем, якое пастаянна развіваецца. Мы ўлічваем сучасныя тэндэнцыі ў крымінальным свеце і плануем правесці пэўную рэарганізацыю. Трэба стварыць аддзел, які будзе займацца спыненнем дзейнасці крымінальных аўтарытэтаў трансгранічнай арганізаванай злачыннасці, выяўляць дзейнасць баевікоў і наймітаў. У сувязі з гэтым мы скіраваны на развіццё міжнароднага супрацоўніцтва з замежнымі калегамі. Ужо склаліся канструктыўныя працоўныя ўзаемаадносіны з расіянамі па лініі арганізаванай злачыннасці і экстрэмізму, з літоўцамі і латышамі — па лініі нелегальнай міграцыі.
Акрамя таго, мы адсочваем сітуацыю і садзейнічаем своечасоваму абнаўленню заканадаўства. Нашы супрацоўнікі ўдзельнічалі ў абмеркаванні новай рэдакцыі антыкарупцыйнага закона.
Прапанавалі пакет зменаў і дапаўненняў. Некаторыя з іх улічылі, астатнія — чакаюць свайго часу. У найбліжэйшы час збіраемся выйсці з ініцыятывай па ўзмацненні крымінальнай адказнасці ў дачыненні да прадстаўнікоў «вышэйшай касты» злачыннага свету — «зладзеяў у законе» і крымінальных аўтарытэтаў. Тым больш, прыклад дзейснага пакарання за прыналежнасць да зладзейскай супольнасці альбо валоданне статусам «злодзей у законе» ўжо ёсць. У грузінскім крымінальным заканадаўстве ўдзел у падобнай супольнасці прадугледжвае пазбаўленне волі ад 5 да 8 гадоў, знаходжанне ў статусе «злодзея ў законе» — ад 7 да 10 гадоў. Актуальнымі папраўкамі ў нацыянальным крымінальным заканадаўстве мы карэнным чынам паўплываем на стан беларускай арганізаванай злачыннасці. У тым ліку ў частцы яе папярэджання.
Напрыканцы хочацца адзначыць, што за апошняе дзесяцігоддзе на постсавецкай прасторы адбыліся кардынальныя пераўтварэнні нацыянальных органаў унутраных спраў.
Гэтыя змены, зразумела, адбіліся і на падраздзяленнях нашага кірунку. У Расіі ўпраўленні па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю скасавалі. Ва Украіне яны вырашаюць зусім іншыя задачы. Істотныя папраўкі ў кола задач унесены ў Арменіі, Казахстане... Але, як лічаць кампетэнтныя спецыялісты, менавіта ў Беларусі ГУБАЗіК мае тую арганізацыйна-штатную пабудову, якая найбольш аптымальна адпавядае патрабаванням барацьбы з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй. І гэта, у тым ліку, заслуга палітыкі, якую праводзіць дзяржава ў дачыненні крыміналу.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/yakau-zhurbin
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/silavyya-struktury
[4] https://zviazda.by/be/tags/ministerstva-unutranyh-sprau
[5] https://zviazda.by/be/tags/mus
[6] https://zviazda.by/be/tags/zlachynstva
[7] https://zviazda.by/be/tags/karupcyya