Неабходна прыкласці максімум намаганняў для падрыхтоўкі беларускіх спартсменаў да Алімпіяды ў Рыа-дэ-Жанэйра. Аб гэтым гаворыцца ў віншаванні алімпійцам, якое накіраваў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка з нагоды 25-годдзя стварэння Нацыянальнага алімпійскага камітэта Беларусі, паведамілі ў прэс-службе кіраўніка дзяржавы.
"Сёлета ў Рыа-дэ-Жанэйра адбудуцца летнія Алімпійскія гульні, і беларускі народ разлічвае на паспяховае выступленне нашых атлетаў на галоўных стартах чатырохгоддзя. Таму сёння ўсім неабходна прыкласці максімум намаганняў для забеспячэння падрыхтоўкі каманд на самым высокім узроўні", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
З моманту свайго ўтварэння НАК Беларусі стаў вялікай і аўтарытэтнай грамадскай арганізацыяй, якая ўнесла значны ўклад у развіццё спорту вышэйшых дасягненняў, папулярызацыю фізічнай культуры і пашырэнне здаровага ладу жыцця. Зараз перад Нацыянальным алімпійскім камітэтам стаяць адказныя задачы, ад вырашэння якіх у многім залежыць канкурэнтаздольнасць беларускага спорту, падкрэсліваецца ў віншаванні.
Алімпійскі рух Беларусі мае багатую і слаўную гісторыю. "Мы па праву ганарымся бліскучымі выступленнямі беларускіх атлетаў, якія ўпісалі яркія старонкі ў пераможны летапіс айчыннага спорту. Іх дасягненні служаць умацаванню аўтарытэту нашай краіны, фарміруюць яе станоўчы імідж на міжнароднай арэне", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт пажадаў алімпійцам моцнага здароўя, бадзёрасці духу і волі да перамогі на славу беларускага спорту.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/sport
[2] https://zviazda.by/be/tags/nacyyanalny-alimpiyski-kamitet
[3] https://zviazda.by/be/tags/aliaksandr-luka%C5%A1enka
[4] https://zviazda.by/be/tags/alimpiyskiya-gulni-2016