Больш як 150 навучэнцаў атрымалі ўзнагароды Міністэрства адукацыі па выніках рэспубліканскага конкурсу-канферэнцыі работ даследчага характару па 18 вучэбных прадметах.
На конкурс папярэдне было пададзена больш за тысячу заявак. У заключным (вочным) этапе прынялі ўдзел 375 навучэнцаў з Беларусі, а таксама прадстаўнікі Расійскай Федэрацыі і Украіны. Найлепшыя вынікі паказалі навучэнцы горада Мінска і Мінскай вобласці.
Самыя цікавыя даследаванні і праекты былі прысвечаны актыўным утварэнням на сонцы, вызначэнню ўзросту зоркавых скапленняў, мадэляванню перасячэння транспартных патокаў, сістэме аўтаматызаванага ўліку наведвальнасці навучэнцаў па тэхналогіі Bluetooth, стварэнню прапелералёта і г.д.
Журы, у склад якога ўвайшлі 12 дактароў і 41 кандыдат навук, вызначыла пераможцаў канферэнцыі і адабрала тых, хто будзе прадстаўляць Беларусь на канферэнцыі маладых вучоных краін Еўрапейскага саюза і міжнароднай канферэнцыі юных вучоных па фізіцы, матэматыцы, інфарматыцы і экалогіі.
Члены журы, якія ацэньвалі работы школьнікаў на розных секцыях, прыйшлі да аднадушнай высновы: узровень падрыхтоўкі работ, а менавіта фармулёўка гіпотэзы, тэарэтычная абгрунтаванасць, самастойнасць даследаванняў, аналітычныя выкладкі вынікаў эксперыменту, афармленне работы, культура і логіка выступлення навучэнцаў, глыбіня валодання матэрыялам, граматнасць пры адказах на пытанні па тэме даклада істотна выраслі.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/nadzeya-nikalaeva
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/navuka
[4] mailto:nіkalaeva@zvіazda.by
[5] https://zviazda.by/be/tags/navuchency
[6] https://zviazda.by/be/tags/adukacyya
[7] https://zviazda.by/be/tags/ministerstva-adukacyi