Напярэдадні Дня Канстытуцыі ў сталіцы стартавала ўсебеларуская патрыятычная акцыя «Мы — грамадзяне Беларусі!». У Музеі сучаснай беларускай дзяржаўнасці 27 чатырнаццацігадовых беларусаў з усіх куткоў краіны — выдатнікаў вучобы, удзельнікаў навукова-практычных канферэнцый, пераможцаў і прызёраў рэспубліканскіх спаборніцтваў, фестываляў, конкурсаў, прадметных алімпіяд — атрымалі
свае першыя пашпарты.
— Такі рытуал уручэння галоўнага дакумента — гэта ключавы момант для фарміравання тых каштоўнасцяў, якія дзяржава хоча бачыць у моладзі, — зазначыў падчас мерапрыемства намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Ігар БУЗОЎСКІ. — Мы хочам давесці маладым, што Канстытуцыя краіны гарантуе ім неад'емныя правы, але там, дзе ёсць іншы чалавек, з'яўляюцца яшчэ і пэўныя абавязкі. Разуменне гэтага трэба фарміраваць, у тым ліку і пры дапамозе падобных акцый. Менавіта таму мерапрыемства атрымала шырокую падтрымку і ў маладзёжным асяродку, і ў дзяржаўных структурах, і ў грамадскіх арганізацыях. Яно праводзіцца ўжо не першы год, і я ўпэўнены, што такі фармат будзе добрай традыцыяй і надалей.
Акрамя непасрэдна пашпартоў, удзельнікі акцыі атрымалі ў падарунак і ўжо традыцыйны альбом пад назвай «Я — грамадзянін Рэспублікі Беларусь». Для юнакоў і дзяўчат правялі экскурсію па Музеі сучаснай беларускай дзяржаўнасці. Дарэчы, асобныя ўдзельнікі віншавалі арганізатараў сваімі незвычайнымі падарункамі ў адказ. Напрыклад, вучаніца 9 класа Мірнаўскай сярэдняй школы Баранавіцкага раёна Юлія ЖУРУН зрабіла для гасцей вышыўку з нацыянальным арнаментам.
— Для мяне сённяшняя акцыя сапраўды значыць вельмі шмат, — расказала дзяўчына. — Па-першае, я ганаруся тым, што апынулася ў ліку тых, хто вызначыўся пэўнымі поспехамі — гэта своеасаблівае прызнанне. А па-другое, атрыманне пашпарта — гэта вельмі важны момант у жыцці любога чалавека, бо гэты дакумент накладвае на свайго ўладальніка вялікую адказнасць.
Патрыятычная акцыя будзе працягвацца да 15 сакавіка, калі ў Беларусі будзе адзначацца Дзень Канстытуцыі. Пашпарты юнакам будуць уручаць грамадскія дзеячы і прадстаўнікі ўладных структур ва ўсіх рэгіёнах.
— Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі з'яўляецца ініцыятарам акцыі «Мы — грамадзяне Беларусі!» з 2004 года, — распавёў першы сакратар ЦК БРСМ Андрэй БЕЛЯКОЎ. — Дзясяткі тысяч юнакоў і дзяўчат за гэты час атрымалі галоўныя ў сваім жыцці дакументы менавіта ў такім фармаце.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/syargey-nikanovich
[2] https://zviazda.by/be/tags/yaraslau-lyskavec
[3] https://zviazda.by/be/gramadstva
[4] mailto:lyskavets@zvіazda.by
[5] https://zviazda.by/be/tags/pashpart
[6] https://zviazda.by/be/tags/belarus
[7] https://zviazda.by/be/tags/usebelaruskaya-patryyatychnaya-akcyya
[8] https://zviazda.by/be/tags/vydatniki-vuchoby
[9] https://zviazda.by/be/tags/udzelniki-navukova-praktychnyh-kanferencyy