У Інстытуце журналістыкі БДУ адбылася міжнародная навукова-практычная канферэнцыя «Міжнародная журналістыка — 2016: турбулентнасць міждзяржаўных адносін і медыя».
У канферэнцыі акрамя беларускіх навукоўцаў і практыкаў удзельнічалі прадстаўнікі вышэйшай школы Расіі, Украіны, Казахстана, Малдовы. Разам з беларускімі калегамі яны абмеркавалі шэраг такіх актуальных тэматычных кірункаў, як асаблівасці асвятлення інтэграцыйных працэсаў на постсавецкай прасторы ў рамках Еўразійскага эканамічнага саюза, Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі. У цэнтры ўвагі таксама былі спецыфіка медыйнага забеспячэння беларуска-кітайскага супрацоўніцтва, інфармацыйныя падставы міжнародных канфліктаў, досвед і навацыі замежнай журналістыкі, міжнародная журналістыка ў кантэксце глабальнага і рэгіянальнага інфармацыйнага абмену. У рамках абмену думкамі былі разгледжаны тэндэнцыі, характэрныя для міжнароднага сегмента сучаснай журналістыкі Беларусі, Расіі, Украіны, Казахстана, Кітая, Германіі, Бангладэш, Ірана.
Разам з прадстаўнікамі вышэйшых навучальных устаноў, журналістамі-практыкамі ў дыскусіі ўдзельнічалі і маладыя даследчыкі: аспіранты, саіскальнікі, магістранты, студэнты.
Канферэнцыя была падрыхтавана сумесна з Беларускім саюзам журналістаў і рэдакцыямі шэрагу СМІ. Асаблівую цікавасць у замежных гасцей, выкладчыкаў БДУ і студэнтаў выклікала выступленне і адказы на шматлікія пытанні начальніка ўпраўлення інфармацыі — прэс-сакратара МЗС Беларусі Дзмітрыя Мірончыка.
Леанід ТУГАРЫН
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/gramadstva
[2] https://zviazda.by/be/medyya
[3] https://zviazda.by/be/tags/instytut-zhurnalistyki-bdu
[4] https://zviazda.by/be/tags/kanferencyya