«Мы вельмі даражым тымі давернымі адносінамі, якія склаліся паміж Саветам Федэрацыі і Саветам Рэспублікі, і імкнёмся, каб гэта трансфармавалася ў канкрэтныя праекты», — заявіў Міхаіл МЯСНІКОВІЧ, старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі падчас сустрэчы з кіраўніком Савета Федэрацыі Федэральнага сходу Расіі Валянцінай МАЦВІЕНКА.
Спікер верхняй палаты расійскага парламента прыбыла ў Беларусь для таго, каб узяць удзел у пасяджэнні Вышэйшага дзяржаўнага савета Саюзнай дзяржавы. Але напярэдадні гэтага завітала да свайго калегі. Валянціна Іванаўна выказала салідарныя з меркаваннямі беларускага парламентарыя думкі, што, як кіраўнікі палат, яны мусяць наладжваць супрацоўніцтва і тым самым паляпшаць дабрабыт жыхароў сваіх краін.
— Асобна ў кожнай дзяржаве вельмі складана выжываць у гэты няпросты час, — лічыць старшыня Савета Федэрацыі. — Дзякуючы сумеснаму інтэграцыйнаму супрацоўніцтву і аб'яднанню патэнцыялу нашых краін, павышаецца і ўстойлівасць нашых эканомік. І гэта адбіваецца на ўзроўні жыцця жыхароў як Беларусі, так і Расіі.
Валянціна Мацвіенка таксама выказала агульнае задавальненне тым, як развіваюцца расійска-беларускія адносіны. «Паступальна, канструктыўна, па ўзыходнай лініі, — падкрэсліла яна і дадала: — Варта, каб тыя дамоўленасці, якія дасягаюцца на ўзроўні кіраўнікоў дзяржаў, безумоўна выконваліся органамі выканаўчай улады і былі пад кантролем парламентаў Беларусі і Расіі».
Сёння Савет Федэрацыі і Савет Рэспублікі актыўна спрыяюць і развіццю міжрэгіянальнага супрацоўніцтва, пра што сведчыць правядзенне трэцяга форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі, які мусіць адбыцца ў чэрвені. Па словах спікера верхняй палаты расійскага парламента, сумесная праца суб'ектаў Расійскай Федэрацыі і рэгіёнаў Беларусі «дае добрую практычную аддачу».
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/veranika-pustavit
[2] https://zviazda.by/be/palityka
[3] https://zviazda.by/be/parlament
[4] mailto:pustavit@zviazda.by
[5] https://zviazda.by/be/tags/savet-federacyi
[6] https://zviazda.by/be/tags/savet-respubliki
[7] https://zviazda.by/be/tags/mihail-myasnikovich
[8] https://zviazda.by/be/tags/valyancina-macvienka