«ІТ-адукацыя для дзяцей ад 6 да 15 гадоў. На курсах школьнікі засвояць праграмаванне, вэб-дызайн, робататэхніку, камп'ютарную графіку. Адкрыты набор на новы навучальны год!» Падобныя аб'явы, расклееныя ў метро, не давалі спакою. Няўжо атрымаць прафесію з заробкам у тысячу долараў можна яшчэ ў малодшых класах? Колькі каштуе выхаваць маленькага праграміста і ці не шкодныя такія заняткі для здароўя дзіцяці — у нашым матэрыяле.
Знаёмства з клавіятурай і алгарытмамі
Прапаноў па падрыхтоўцы маленькіх айцішнікаў шмат. І попыт толькі расце. У адной кампаніі, дзе курсы запусцілі ўсяго паўгода таму, расказалі, што хутка збіраюцца пераязджаць. Не хапае месца, каб прыняць усіх ахвотных.
Найчасцей бацькі прыводзяць дзяцей ва ўзросце 6-10 гадоў. І не толькі хлопчыкаў.
— У групе па дызайне ў нас больш дзяўчат, — кажа Ігар ШАЎЧЭНКА, намеснік дырэктара па вучэбнай частцы Малой акадэміі Адукацыйнага цэнтра Парка высокіх тэхналогій. — Хлопчыкі ідуць непасрэдна на праграмаванне. Але гэта не значыць, што так павінна быць.
Навучанне пачынаецца з азоў. Малечы, якая пераважна «сядзіць» у смартфоне ці планшэце, паказваюць, як карыстацца камп'ютарам: вадзіць мышшу, набіраць тэкст на клавіятуры, ствараць і капіраваць папкі. Знаёмяць з алгарытмікай. Вучаць такім базавым элементам, як, напрыклад, супастаўленне. Па словах выкладчыка Аляксандра ФРАНЦКЕВІЧА, гэты навык важны не толькі для будучых праграмістаў:
— Калі ў малодшай школе настаўнік не ўдзяляе ўвагі супастаўленню, то ў старэйшых класах пачынаюцца праблемы. Дзеці не ўмеюць перанесці веды з геаметрыі і алгебры на фізіку. Думаюць, фізіка — гэта зусім іншая дысцыпліна, і нічога з таго, што вучылі на ўроках раней, нельга прымяніць. Не могуць знайсці косінус вугла ў задачах з рычагом, хоць па матэматыцы гэта ўжо прайшлі.
Заданні па праграмаванні для дзяцей падобныя да гульняў. Персанажу — кату ці сабаку — трэба задаваць пэўныя дзеянні: прайсці два крокі наперад, павярнуць направа, узяць штосьці. Не зробіш праграму — нічога не атрымаецца. Код малыя не пішуць уручную, а складаюць з гатовых блокаў (засвойваюць візуальную мову праграмавання).
— У школьнікаў часта «падаюць» адзнакі, калі яны пачынаюць вывучаць па інфарматыцы «Паскаль». Прычым горш даводзіцца тым, у каго матэматычны склад мыслення. Чаму? «Паскаль» — тэкставая мова праграмавання, там вельмі важна правільна паставіць знакі прыпынку. Гуманітарый коску з кропкай ніколі не прапусціць. Матэматык жа пра іх не думае, яго хвалюе само рашэнне задачы. На курсах дзеці спачатку вучацца алгарытмы выконваць без памылак, а потым ужо на тэкставую мову пераходзяць, — адзначае Аляксандр Францкевіч.
Заняткі праводзяцца не толькі за камп'ютарам. На ўроках па робататэхніцы шмат часу займае зборка канструкцыі. А пры вывучэнні алгарытмаў дзеці спачатку выконваюць заданні ў сшытках.
«Хачу стаць клаўнэсай»
Падобныя курсы, як, напэўна, і ўсе дзіцячыя гурткі, — выбар бацькоў.
— Усё роўна малыя ў камп'ютары сядзяць, няхай хоць карысць ад гэтага будзе, — кажа Яўгенія, маці 7-гадовага Уладзіка.
Жанчына распавядае, што яшчэ ў тры гады купілі сыну спецыяльны набор канструктара, за тысячу долараў. «Там спачатку робата збіраеш, а потым задаеш розныя праграмы, каб ён рухаўся». Хлопчык з гэтай задачкай лёгка справіўся. З будучай прафесіяй малога таксама ўжо пазнаёмілі.
— Мы з мужам займаемся арганізацыяй святаў. Праводзілі карпаратывы і для нашых ІТ-кампаній, — дзеліцца Яўгенія. — Я сыну неяк прапанавала схадзіць у адну з іх на экскурсію: «Паглядзім, як дзядзі робяць гульні». Ён, калі ўбачыў, быў у захапленні: «І я так хачу!»
У другакласніка Ягора ўсё таксама пачалося з любові да канструктара.
— А ў 2014 годзе мы выпадкова трапілі на спаборніцтвы па робататэхніцы, — дадае мама Юлія. — На курсы ходзім два разы на тыдзень. Кожны занятак доўжыцца па паўтары гадзіны.
У айцішнікі, праўда, хлопчык не збіраецца. Хоча стаць архітэктарам. «Ужо нават заяўку Дзеду Марозу на наступны Новы год пакінуў, — кажа Юлія. — У «Лега» новы набор выйшаў — «Архітэктура», вось яго замовіў у падарунак».
Увогуле, пра прафесію праграміста тут мараць не ўсе. Сямігадовая Боня прызналася нам, што, калі вырасце, будзе... клаўнэсай.
— Навошта тады ходзіш на камп'ютарныя заняткі?
— А мне падабаецца рабіць робатаў, — усміхаецца малая.
Паўгадзіны за маніторам — максімум для вучняў малодшых класаў
Арганізатары курсаў адразу папярэджваюць: яны не робяць малых спецыялістамі. Даюцца базавыя веды, якія ў школе атрымаць немагчыма.
— Прагрэс ідзе хутчэй, чым зацвярджаецца школьны план, — каментуе Ігар Шаўчэнка. — Дзеці, напрыклад, дагэтуль вучацца маляваць мульцікі ў «Flash». Нават распрацоўшчык гэтай праграмы ўжо адмовіўся ад яе, бо тэхналогія ўвогуле цяпер не запатрабавана! Лепш бы выкладалі мовы праграмавання. Больш часу адводзілі таму ж «Паскалю».
Каштуюць курсы нятанна. У залежнасці ад цэнтра, ад 650 тысяч да 1,2 мільёна ў месяц. За навучальны год атрымліваецца да 10 мільёнаў. Але ці ёсць сэнс так рана адпраўляць дзіця рыхтавацца да прафесіі?
— Праграмаваць у 6-7 гадоў школьнікі яшчэ не могуць, — упэўнены дэкан факультэта камп'ютарнага праектавання БДУІР Дзмітрый ЛІХАЧЭЎСКІ. — Але ў такім узросце не лішнім будзе азнаямленне з камп'ютарнай граматнасцю, каб дзіця ўмела не толькі запусціць гульню. Пачынаць з асноў праграмавання лепш у 11-12 гадоў.
Схільнасць да ІТ-спецыяльнасцяў можна вызначыць па інтарэсе да дакладных навук. Калі з матэматыкай і фізікай з маленства праблем няма, мяркуе Дзмітрый Ліхачэўскі, можна кіравацца ў праграмісты.
Ці не шкодныя такія заняткі для зроку, мы пацікавіліся ў галоўнага пазаштатнага дзіцячага афтальмолага Міністэрства аховы здароўя Вікторыі КРАСІЛЬНІКАВАЙ.
— Ёсць санітарныя нормы, — кажа спецыяліст. — Гэта рэкамендацыі па ўзроўні стомленасці мышц вачэй, якія адказваюць за акамадацыю. Школьнікам малодшых класаў можна праводзіць за камп'ютарам ці планшэтам максімум 30 хвілін на дзень. Абавязкова мусіць быць перапынак: напрыклад, 15 хвілін дзіця працуе, паўгадзіны адпачывае. А лепш крыху пазаймацца зранку і потым працягнуць увечары. Падлеткі 14-16 гадоў па 45 хвілін на дзень могуць карыстацца тэхнікай, але таксама з перапынкамі.
Можна працаваць за маніторам і больш, калі прытрымлівацца інтэрвалаў адпачынку. Яны мусяць быць даўжэйшымі, чым між звычайнымі заняткамі.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/natallya-lubneuskaya
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/adukacyya
[4] mailto:lubneuskaya@zvіazda.by