Павялічыць сваё прадстаўніцтва ў парламенце новага склікання — такую задачу ставіць перад сабой рэспубліканская грамадская арганізацыя «Белая Русь». Пра гэта паведаміў яе старшыня Аляксандр Радзькоў на пасяджэнні Рэспубліканскага савета гэтага аб'яднання. Акрамя ўдзелу ў выбарах, члены «Белай Русі» абмеркавалі перспектыву трансфармацыі грамадскай арганізацыі ў палітычную партыю, а таксама мэты развіцця на бягучы год.
— У 2016 годзе актыву нашага аб'яднання трэба будзе прыняць удзел у кампаніі па выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу, — адзначыў Аляксандр Радзькоў. — Перад намі стаіць задача павялічыць узровень прадстаўніцтва членаў Белай Русі ў парламенце новага склікання. Мы плануем падтрымаць нашых прадстаўнікоў па ўсіх 110 акругах — падбор і абмеркаванне кандыдатур ужо пачаліся. Для нас вельмі важна, каб сярод тых, каго мы будзем падтрымліваць, не было выпадковых людзей.
Па меркаванні старшыні «Белай Русі», кожны павінен для сябе выбраць, з якой палітычнай сілай ён звязвае сваё жыццё.
— Калі чалавек звязаў сваё жыццё з «Белай Руссю», значыць, ён павінен раздзяляць нашы мэты і несці за іх адказнасць, не забываць, што «Белая Русь» — гэта палітычны рэсурс дзеючага Прэзідэнта.
Гатовы стаць партыяй
Пра тое, ці стане «Белая Русь» партыяй, гаворка ідзе ўжо не адзін год. Пытанне гэта не такое простае, як можа падацца.
— Далейшым магчымым шляхам развіцця «Белай Русі» магло б стаць яе пераўтварэнне ў палітычную партыю, — паведаміў Аляксандр Радзькоў. — У арганізацыйным плане «Белая Русь», безумоўна, гатова да падобнай трасфармацыі. Аднак пытанне аб мэтазгоднасці такога пераўтварэння неабходна разглядаць з пункту гледжання не толькі сталасці арганізацыі, але і логікі развіцця палітычнай сістэмы нашай дзяржавы ў цэлым. Да фарміравання партыі, партыйнай сістэмы трэба падыходзіць комплексна, улічваючы ўсе аспекты палітычнага жыцця грамадства.
Старшыня арганізацыі лічыць, што трансфармацыя грамадскага аб'яднання ў палітычную партыю з'яўляецца складаным працэсам, які мае шмат арганізацыйна-прававых, палітычных аспектаў, патрабуе напружання.
— Улічваючы той патэнцыял, які сёння сканцэнтраваны ў аб'яднанні, мы не маем права памыліцца. Таму кожны член Белай Русі — ад міністра да рабочага «Белшыны», павінен добра ўяўляць, якая роля партыі ў ХХІ стагоддзі.
Прыцягнуць больш моладзі
На пасяджэнні гутарка вялася і пра маладзёжную палітыку. Мінулы год быў Годам моладзі, і ў «Белай Русі» быў запушчаны шэраг акцый. Адна з самых цікавых — «У будучыню — з «Белай Руссю» — мае на мэце далучэнне моладзі да праектаў арганізацыі. «Белая Русь» зацікаўлена і ў тым, каб у яе шэрагі ўступалі маладыя людзі.
— Неабходна думаць аб пошуку і падрыхтоўцы новых лідараў — людзей па-добраму апантаных — тых, хто прыйдзе нам на змену, — упэўнены старшыня «Белай Русі». — Бо менавіта ім прыйдзецца рэалізоўваць тыя планы, якія мы з вамі сёння толькі абмяркоўваем. Арганізацыі трэба прыцягваць у свае шэрагі найлепшых студэнтаў старэйшых курсаў. Сённяшняя студэнцкая моладзь — гэта ў блізкай будучыні кіраўнічая эліта нашай краіны. Цяперашнім студэнтам, магістрантам, аспірантам трэба будзе ўзначаліць працоўныя калектывы на розных узроўнях: ад вытворчага цэха да міністэрства. Важна, каб яны ўмелі спланаваць і арганізаваць працу, з'яднаць калектыў.
* * *
Сёння «Белая Русь» аб'ядноўвае людзей розных сацыяльных груп, узростаў і прафесій. Арганізацыя налічвае больш за 161 тысячу чалавек. Толькі за мінулы год да «Белай Русі» далучылася больш за 10 тысяч чалавек.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/nadzeya-yushkevich
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/tags/belaya-rus
[4] https://zviazda.by/be/tags/alyaksandr-radzkou
[5] https://zviazda.by/be/tags/partyya