У бліжэйшыя выхадныя спецыялісты Белгідраметцэнтра прагназуюць на тэрыторыі краіны кароткачасовыя дажджы, месцамі — дождж і мокры снег.
Такім чынам, на наша надвор'е і надалей будуць уплываць цёплыя паветраныя масы атлантычнага паходжання. Таму ў суботу на большай частцы тэрыторыі пройдуць кароткачасовыя дажджы, уначы месцамі з мокрым снегам. Чакаецца туман, а ўначы і раніцай слабы галалёд, на дарогах галалёдзіца. Па паўночным захадзе краіны прагназуецца моцны вецер, парывамі да 15—18 м/с. Тэмпература паветра ўначы складзе ад мінус 3 да плюс 3 градусаў, удзень будзе 1—8 цяпла.
Амаль паўсюдна чакаюцца кароткачасовыя ападкі ў выглядзе дажджу і мокрага снегу і ў нядзелю. Месцамі згусціцца туман. Уначы і раніцай чакаецца галалёд, а на дарогах магчыма галалёдзіца. Раніцай і ўдзень у многіх раёнах чакаецца ўзмацненне ветру да 15—20 м/с. Тэмпература паветра на працягу сутак будзе вагацца ў межах ад 0 да плюс 5 градусаў.
Паводле папярэдніх прагнозаў айчынных спецыялістаў, будзе цёпла і вільготна ў пачатку наступнага тыдня. У панядзелак удзень на большай частцы тэрыторыі краіны таксама прагназуюцца кароткачасовыя мокры снег і дождж. У асобных раёнах чакаецца туман, слабы галалёд, на дарогах галалёдзіца. Тэмпература паветра ўначы складзе ад мінус 4 да плюс 2 градусаў. Удзень будзе да плюс 5 градусаў, а па паўднёвым захадзе — месцамі да 7 цяпла.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/syargey-kurkach
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] http://kurkасh@zvіаzdа.bу
[4] https://zviazda.by/be/tags/pragnoz-nadvorya
[5] https://zviazda.by/be/tags/nadvore