Пра тое, што асабісты склад VІІІ Беларускай антарктычнай экспедыцыі скончыў правядзенне інжынерна-тэхнічных мерапрыемстваў па ўводзе першага аб'екта станцыі ў эксплуатацыю і прыступіў да выканання праграмы навуковых даследаванняў, паведаміў начальнік БАЭ Аляксей ГАЙДАШОЎ.
Цяпер Беларусь мае на шостым кантыненце паўнавартасны трохсекцыйны спецыялізаваны лабараторна-жылы модуль, які знаходзіцца там жа, дзе і папярэдняе, часовае «жыллё» палярнікаў — у раёне гары Вячэрняй ва Усходняй Антарктыдзе. А гэта значыць, што магчымасці нашай краіны па вывучэнні Антарктыкі значна павялічацца.
Сімвалічна, што падзея адбылася напярэдадні Дня беларускай навукі. Начальнік экспедыцыі перадаў свае віншаванні калектыву НАН і ўсім работнікам навукі ў краіне. «Абавязкова трэба ўспомніць тых, хто заклаў падмурак гэтых поспехаў і гэтага пачынання, — гаворыцца ў паведамленні Аляксея Гайдашова. — Гэта і ветэраны-палярнікі, якія працавалі ў складзе савецкіх антарктычных экспедыцый, і шырокая навуковая грамадскасць нашай краіны. Гэта дзясяткі, сотні спецыялістаў розных міністэрстваў і ведамстваў, якія маюць да падзеі прамое дачыненне. Яна стала магчымай у многім дзякуючы таму, што праводзіцца мэтанакіраваная дзяржаўная палітыка ў гэтым кірунку. І словы «Зроблена ў Беларусі» ў гэтым выпадку ўсе мы разам з вамі можам прамаўляць з гонарам».
Нагадаем, што ў складзе VІІІ Беларускай антарктычнай экспедыцыі працуюць пяцёра беларускіх палярнікаў: начальнік экспедыцыі Аляксей Гайдашоў, інжынер-радыяметрыст Максім Гарбацэвіч, майстар па эксплуатацыі і рамонце машын і механізмаў Аляксей Захватаў, хірург Леанід Нікіцюк і гідраметназіральнік Сяргей Торбік. Галоўнай мэтай БАЭ, якая распачалася ў мінулым кастрычніку, быў якраз мантаж Беларускай антарктычнай станцыі, распрацаванай і сабранай на адным з айчынных прадпрыемстваў.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/yaraslau-lyskavec
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/navuka
[4] mailto:lyskavets@zvіazda.by
[5] https://zviazda.by/be/tags/palyarniki
[6] https://zviazda.by/be/tags/antarktyda