Цёплы майскі дзень 1965 года. Дзень Перамогі! Мой бацька, Рыгор Іванавіч Молчан, яшчэ зранку надзеў святочную кашулю, прымацаваў да яе ордэн Айчыннай вайны, ордэн Славы, медаль «За перамогу над Германіяй»... І паехаў разам з іншымі ветэранамі ў цэнтр калгаса «Барацьба» — вёску Зазерка — на мітынг. Маці гатавала абед. А мы з любімай бабуляй выйшлі ў двор і селі на лавачцы.
Да вялікага помніка, што стаіць каля школы, падышла група моладзі. Дзяўчаты і хлопцы разгледзелі фігуру партызана, высечаную з каменю, і абеліскі па баках з дзясяткамі імёнаў, многія з якіх паўтараюцца, — на вайну ішлі сем'ямі. Пастаяўшы крыху і ўсклаўшы кветкі, студэнты перайшлі вуліцу і, апынуўшыся ў нашым двары, папрасіліся адпачыць з дарогі і наталіць смагу. Бабуля Марына, невысокая, у белай хустачцы, са зморшчаным тварам і добрымі вачыма, падышла да калодзежа і стала набіраць ваду. Я вынесла з хаты кубачкі. Па чарзе ўсе напіліся сцюдзёнай вадзіцы, а потым папрасілі гаспадыню, Марыну Васільеўну Вальковіч, рассказаць пра помнік.
— Ой, цяжка мне гэта ўспамінаць, — казала яна. — Але трэба, каб вы, маладзенькія, ведалі праўду і бераглі ў памяці ды сваім дзеткам потым расказвалі. Не дай Бог такому паўтарыцца!
Студэнты расселіся на лаўцы, на траве, на бервяне і быццам фільм пра вайну паглядзелі — так цікава апавядала бабуля Марына, часам выціраючы старэчыя слёзы рагамі сваёй хустачкі... А я, тады 13-гадовая школьніца, ужо каторы раз зноў выслухала знаёмую да болю гісторыі маёй сям'і.
Вось што расказвала бабуля:
«Праз вёску нашу праходзіць чыгунка, і партызаны, што пачалі дзейнічаць у вайну ў мясцовых лясах, часта выкарыстоўвалі зручныя падыходы да яе, каб падрываць нямецкія эшалоны. Тое ж было і ў суседніх вёсках. Не дзіва, што ўсе населеныя пункты каля чыгункі фашысты лічылі партызанскімі. Зімой 1942—1943 гг. немцы асабліва лютавалі. Паўсюдна праводзілі карныя аперацыі: палілі вёскі, забівалі жыхароў. А дапамагалі ім здраднікі-паліцаі. Нехта з іх у вёсцы Зазерка зрабіў для немцаў спіс усіх партызанскіх сем'яў. І вось у лютым 1943 года былі спалены толькі хаты тых людзей, з чыіх сем'яў хоць хто-небудзь быў у партызанах. І народу шмат забілі. Дайшлі чуткі, што неўзабаве тое ж будзе і з нашай вёскай.
У мяне сямёра сыноў і дачок было тады. Іван, Валодзя і Ульяна пайшлі ў партызаны разам з бацькам. Волька, замужняя, мела ўжо траіх дзяцей, жыла за сем кіламетраў у Варонічах. Да яе і адправіла ў той жудасны дзень сваіх меншанькіх дзяўчат-падлеткаў Ніну і Яўгенню. Ледзь паспелі яны дабегчы да лесу, як Рыбцы ўжо былі акружаны карнікамі. Ганна, самая старэйшая, жыла з мужам Сцяпанам Драздом і чацвярымі дзеткамі асобна, у сваёй хаце ў Рыбцах. Вось-вось павінна было з'явіцца на свет іх пятае дзіцятка. Дык мы напярэдадні падрыхтаваліся да карнай аперацыі: перанеслі пажыткі ў хату Ганны, а яшчэ свінчо да яе ў хлеў загналі. Рахманая такая свінка была, ручная, нікога не баялася. Сцяпан разам з іншымі мужчынамі зранку паехаў жыта змалоць у суседнюю вёску. Лілечка, старэйшая мая ўнучачка, так прасілася: «Татачка, вазьмі мяне з сабой!» А ён вырашыў, што спакайней будзе дачцэ з маці, і пакінуў яе дома.
Ну, а я пайшла да Ганны: раптам роды пачнуцца? Многія жыхары вёскі зрабілі тады так, як і мы: хто ў іншыя вёскі да радні пайшоў, хто да сваіх у Рыбцы разам са скарбам ды жывёлай перабраўся — усе думалі, што спаляць канкрэтныя хаты. Але здарылася ўсё не так. Карнікі дакладна не ведалі партызанскіх сем'яў у вёсцы. Яны забралі Якава, пажылога чалавека, і пад дулам аўтамата загадалі паказаць усе патрэбныя ім хаты. Той не пагадзіўся, за што яго і расстралялі. Раззлаваны няўдачай нямецкі афіцэр аддаў загад паліць усю вёску. Тут і пачалося самае жахлівае. Карнікі з факеламі падпальвалі хаты, стралялі па ўсіх, хто трапляў на вочы.
Ганна прасіла дзяцей схавацца, а малым жа цікава было, што на вуліцы робіцца. Паселі яны на лаўках перад вокнамі: Ліля с Галяй у адным акне, Геня і Колечка — у другім. Я ля печы завіхалася, ваду грэла. Раптам пачалася страляніна. У двор зайшоў фашыст, даў чаргу з аўтамата па вокнах, убачыўшы там дзіцячыя тварыкі. Умомант усе дзеці пасыпаліся на падлогу. Не паспела я зразумець, ці ўнукі параненыя, ці адразу загінулі, бо ў хату зайшоў паліцай, і мы з Ганнай кінуліся хавацца за печ (а яна так была зроблена, што ўкругавую можна было каля яе прайсці). Ды не паспела дачушка мая, дагнала яе куля. Прама ў жывот трапіў вырадак гэты, потым яшчэ раз выстраліў. А я выскачыла з другога боку печы — ды на двор. Хата ўжо гарыць, хлеў адчынены, свінка бегае, вішчыць. Вельмі мне страшна стала. Узяла я ды кінулася на зямлю. Думаю: хай забівае так. Падбегла да мяне свінка, круціцца вакол, а немец, што падпальваў хату, страляе ў мяне. Прашыў парасё наскрозь, а я ляжу, не зварухнуся нават. Горача зрабілася, бо ўсё вакол гарыць, хата палае. Немец пайшоў далей, я крыху адпаўзла да вішань, з'ела прыгаршню снегу. Самае жудаснае было ў тым, што нічым не магла ўжо дапамагчы сваім родненькім. Хоць, можа, яшчэ і жывыя яны гарэлі... Хаты ж тады былі драўляныя, а стрэхі — з саломы. Згаралі імгненна.
Вечарам і на наступную раніцу збіраліся ў Рыбцах на пажарышчах тыя, хто ўцалеў. Людзі знаходзілі костачкі згарэлых родных, збіралі іх і везлі хаваць на могілкі. У той дзень у вёсцы загінулі 143 чалавекі. Іх прозвішчы і пералічаны на абелісках каля школы...»
Бабуля Марына згорбілася — здавалася, яшчэ больш пастарэла ад цяжкіх успамінаў, — але зноў загаварыла:
«Вельмі ж гараваў тады мой зяць, як вярнуўся з млына, ледзь валасы на сабе не рваў ад таго, што не забраў з сабою старэйшую дачушку: хоць бы яна жывая засталася. Стаў і ён партызаніць, а ў 1944-м, як вызвалялі гэтыя мясціны, пайшоў на фронт. Некалькі лістоў ад яго атрымалі, і ва ўсіх самымі галоўнымі словамі былі вось гэтыя: «Усе мае таварышы гінуць, а мяне кулі не бяруць. Помшчу за сям'ю». І ўсё ж пад Берлінам у 1945 годзе загінуў і сам. На фронце прапаў без звестак і яшчэ адзін мой зяць, муж Вольгі Іван Сарока. Толькі нядаўна даведаліся яго дзеці, унукі мае, што пахаваны ён у Польшчы ў брацкай магіле. Слава Богу, усе астатнія мае дзеткі засталіся жывымі...»
Дзяўчаты і хлопцы сядзяць як скамянелыя. Ніхто не адважваецца зноў загаварыць. І гэта толькі адзін эпізод трагедыі спаленай у лютым 1943 года вёскі Рыбцы Рудзенскага раёна (цяпер Пухавіцкага).
Ужо даўно няма маёй бабулі, маіх бацькоў, няма цётак і дзядзькоў... Але і сёння помніцца, як кожны з іх са слязьмі на вачах расказваў пра той жудасны час. Цяпер расказваю я, ужо сваім унукам, каб, як казала бабуля Марына, «не дай Бог такому паўтарыцца!..»
Ірына КАРТАШОВА,
г. Заслаўе
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/gramadstva
[2] https://zviazda.by/be/tags/rybcy
[3] https://zviazda.by/be/tags/partyzany
[4] https://zviazda.by/be/tags/pomnik