У Лагойскім раёне, што на Міншчыне, замежнае таварыства з абмежаванай адказнасцю «Істэрн Шып» рэалізуе інвестыцыйны праект па будаўніцтве буйнога авечкагадоўчага комплексу на 10 тыс. галоў.
Асноўны статак будуць складаць аўцаматкі французскай мясной пароды іль-дэ-франс, што дазволіць атрымліваць за год да 470 тон бараніны ў жывой вазе, а таксама якасную воўну для патрэб прамысловасці.
— У перспектыве плануецца перапрацоўка мяса і яго пастаўка ў гандлёвыя сеткі, — адзначыў намеснік дырэктара кампаніі Вадзім Маршак. — Беларусы адвыклі ад бараніны, і мы маем намер прывучыць іх да спажывання гэтага прадукту, які ва ўсім свеце лічыцца адным з самых лепшых па якасці і засваяльнасці.
Спрадвеку ці не кожны вясковы жыхар меў на сваім падворку авечак. Статак не толькі карміў, але і апранаў і абуваў сям'ю: з воўны выраблялі валёнкі, з аўчыны шылі кажухі.
Яшчэ ў 80-я гады мінулага стагоддзя Беларусь практычна забяспечвала сябе баранінай, а лёгкую прамысловасць якаснай воўнай. Пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС большую частку пагалоўя давялося ліквідаваць, паколькі воўна жывёлы назапашвала радыенукліды. Цяпер вучоныя выпрацавалі новыя тэхналогіі, якія дазваляюць атрымліваць чыстую прадукцыю.
— Так што ўвод у дзеянне прадпрыемства павінен пасадзейнічаць аднаўленню цэлай галіны ў сельскай гаспадарцы, — лічыць Вадзім Маршак.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/taccyana-lazouskaya
[2] https://zviazda.by/be/ekanomika
[3] https://zviazda.by/be/pryvatny-biznes
[4] http://lazovskaya@zviazda.by
[5] https://zviazda.by/be/tags/avechki