Для турыстаў арганізоўваюцца экскурсіі на любы густ. Усе ахвотныя таксама могуць наведаць Белавежскую пушчу ці ўбачыць культурную спадчыну Беларусі на аграсядзібах. Варта адзначыць, што турфірмы сталі больш гнуткімі ў сваёй цэнавай палітыцы, што робіць турыстычныя паслугі больш даступнымі.
Найбольш зацікавіліся турысты з Кітая і Венгрыі
Год для турызму цяжка назваць простым. Праз эканамічную і фінансавую нестабільнасць у многіх краінах свету гэты турыстычны сезон для Беларусі, напэўна, самы складаны за апошнія 7-8 гадоў. Як адзначае дырэктар Дэпартамента па турызме Мінспорту і турызму Вадзім Кармазін, гэта адчулася найперш з прычыны прыхільнасці да расійскага рынку, які прасеў на 40%. Але зараз сітуацыя пачынае паляпшацца. Паводле ацэнак некаторых расійскіх СМІ, суседзі выбіраюць зімовы адпачынак у Беларусі. Нашы здраўніцы, аграсядзібы, гарналыжныя комплексы карыстаюцца вялікай папулярнасцю. Санаторыі і гасцініцы браніруюцца на Новы год загадзя. Попыт ёсць і на экскурсіі. За кошт гэтага і навагодніх праграм страчаны летам паток турыстаў аднаўляецца. Па краіне база гасцініц загружана на 40%, у сталіцы на 42%. Летась гэтыя паказчык былі на ўзроўні 32-33%. Таксама, па статыстыцы Нацбанка, расіяне сталі на 4% часцей ездзіць у дзелавыя паездкі ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года.
«Тым не менш, пакуль бачым, што расіян на навагоднія святы ў нас будзе на 10-12% менш, чым у мінулым годзе. Спад цікавасці на паездкі да нас таксама ёсць з боку Германіі і Польшчы — на 30%. Затое на 14% больш стала турыстаў з Кітая і на 23% з Венгрыі», — адзначае Вадзім Кармазін.
Каб не быць прывязанымі да расійскага рынку, Мінспорту і турызму стараецца прыцягваць турыстаў з іншых краін. Найперш з Еўропы, Кітая і Турцыі. Надзеі ўскладаюцца і на В'етнам, з якім плануецца падпісаць праграму супрацоўніцтва на 2016—2018 гады.
Адмаўляюцца ад Еўропы
Вадзім Кармазін адзначыў, што па выязным турызме ў Беларусі няма такіх праблем, якія сёння назіраюцца ў Расіі. За 9 месяцаў адзначаны рост выязнога турызму па напрамках Турцыі (10%), Балгарыі (11%), Егіпта (15%), Грэцыі (10%). Што тычыцца егіпецкага і турэцкага варыянтаў адпачынку, то ад іх былі адмовы, аднак беларускі турбізнес падышоў да вырашэння пытання з сацыяльнай адказнасцю. Такія паездкі альбо адкладаліся на наступны год, альбо турыст атрымліваў альтэрнатыўную замену — Грэцыя, Іспанія, Турцыя.
Самалёты да сярэдзіны кастрычніка працягвалі вылеты ў Турцыю, а цяпер яны спыненыя з прычыны заканчэння сезона. Чартары на навагоднія святы ў Егіпет загружаюцца на 100%. Дарэчы, адпачынку ў гэтай краіне зараз цяжка знайсці альтэрнатыву. Напрыклад, Мексіка і Шры-Ланка не зусім падыходзяць праз адлегласць, бо да Егіпта ляцець каля 4 гадзін. Таксама варта адзначыць, што з 10 снежня «Белавія» прыпыніла рэйсы на егіпецкі курорт Шарм-эш-Шэйх з камерцыйных прычын. Перыяд прыпынення палётаў пакуль што невядомы. Што тычыцца Хургады, то аб'ём палётаў застанецца нязменным. Цікава і тое, што колькасць расійскіх турыстаў, якія жадаюць паехаць у Турцыю ці Егіпет праз беларускіх тураператараў, засталася на ўзроўні мінулага года — не больш за 1% на борце.
Таксама беларусы часцей сталі адмаўляцца ад тураў у Еўропу. Гэта псіхалагічная рэакцыя на тое, што там адбываецца. У асноўным зрываюцца навагоднія туры ў Парыж, Амстэрдам, Прагу. У сувязі з гэтым тураператары ўсё часцей прапануюць вялікія зніжкі па гэтых напрамках.
Ілья КРЫЖЭВІЧ
kryzhevіch@zvіazda.by
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/ilya-kryzhevich-0
[2] https://zviazda.by/be/pryvatny-biznes
[3] https://zviazda.by/be/ekanomika-0