Спелеатэрапія — лячэнне органаў дыхання мікракліматам саляных пячор, шахт, руднікоў — прымяняецца ўжо больш за 150 гадоў. Праўда, толькі ў апошнія дзесяцігоддзі прагрэс дазволіў навукова абгрунтаваць гэты кірунак. Дарэчы, высокая эфектыўнасць лячэння органаў дыхання ў саляных пячорах і абмежаваныя магчымасці прымянення такой тэрапіі абумовілі нараджэнне галатэрапіі — стварэнне наземных памяшканняў са штучным мікракліматам, блізкім па параметрах да лячэбнага асяроддзя спелеалячэбніц.
У такіх памяшканнях — галакамерах — выкарыстоўваюць сухі аэразоль хларыду натрыю (кухоннай солі). Аэразоль хларыду натрыю здольны глыбока пранікаць у дыхальныя шляхі і аказваць карыснае шматбаковае ўздзеянне — супрацьзапаленчае, антыбактэрыяльнае і інш. Дыхальная функцыя ў выніку істотна паляпшаецца, выздараўленне паскараецца.
Паводле слоў загадчыцы аддзялення медыцынскай рэабілітацыі 3-й гарадской дзіцячай клінічнай паліклінікі г. Мінска Любові ЛАНСКОЙ, галатэрапія можа прымяняцца асобна або разам з медыкаментознай тэрапіяй, паколькі спалучаецца практычна з усімі лекамі, якія прымяняюцца ў пульманалогіі. Яе таксама камбінуюць з рознымі відамі фізіятэрапіі, масажу, лячэбнай фізкультуры і рэфлексатэрапіі.
Як прымаць працэдуру?
1. Гігіенічныя патрабаванні такія, што неабходна апранаць спецыяльны халат і бахілы.
2. Адзенне павінна быць свабодным, не сціскаць, не абцяжарваць дыханне.
3. Неабходна знаходзіцца ў стане абсалютнага спакою. Нельга размаўляць або чытаць.
4. Сеанс трэба праходзіць праз 1 гадзіну пасля ежы або фізічнай нагрузкі.
5. Пры захворваннях носа, прыдатачных пазух удых і выдых трэба рабіць праз нос. Пры захворваннях глоткі, гартані і бронхаў пасля павольнага глыбокага ўдыху неабходна затрымаць дыханне, а пасля зрабіць выдых — вельмі павольна асобнымі порцыямі з часовымі (секунднымі) перапынкамі паміж імі.
6. Час працэдур можна павялічваць ад сеанса да сеанса — ад 15 да 45 хвілін (да 3-4-га сеанса).
7. Рэкамендуецца прайсці 10-20 працэдур штодня або праз дзень.
Паўторныя курсы рэкамендуецца праводзіць праз 4-6 месяцаў, пры бранхіяльнай астме — праз 2-4 тыдні.
Пры якіх захворваннях можа прымяняцца?
• Пнеўманія, мукавісцыдоз, бронхаэктатычная хвароба, бранхіяльная астма, бранхіт.
• Рыніт, сінусіт, адэноідыт, фарынгіт.
• Экзэма, алергадэрматоз, гняздовая алапецыя.
Для прафілактыкі:
схільным да хранічнай бранхіяльнай паталогіі, пры палінозе
Нельга!
Пры абвастрэнні захворванняў бронхаў і лёгкіх, грыпе, вострых рэспіраторных вірусных інфекцыях з ліхаманкай і інтаксікацыяй, перанесеным туберкулёзе лёгкіх, артэрыяльнай гіпертэнзіі 2-3-й ступені, хранічнай каранарнай недастатковасці, вострых і хранічных захворваннях нырак, наяўнасці або падазрэнні на новаўтварэнні.
Святлана БАРЫСЕНКА
protas@zviazda.by
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/svyatlana-barysenka
[2] https://zviazda.by/be/kansultacyi-specyyalistau
[3] http://zviazda.by/wp-content/uploads/2015/10/7-201.jpg