[caption id="attachment_93347" align="alignnone" width="600"] [2] Аператар Петрыкаўскага раённага вузла паштовай сувязі Гомельскага філіяла РУП «Белпошта» Святлана Кудравец разам са сваім начальнікам Валянцінай Яўлаш разглядаюць ранішнюю карэспандэнцыю.[/caption]
— Я не памятаю ніводнага дня, каб у паштовае аддзяленне «Петрыкаў-2» не наведаліся людзі, — апавядала ў гутарцы з карэспандэнтамі «Звязды» начальнік раённага вузла сувязі Валянціна Еўлан. — Вось і сёння, самі бачыце.
Што праўда, то праўда. На той момант, калі мы зайшлі ў аддзяленне, там знаходзіліся ўжо 12 чалавек. А людзі падыходзілі і падыходзілі. Адным трэба было аплаціць камунальныя паслугі, другім — атрымаць ці адправіць пасылку або грашовы перавод, трэціх цікавілі тавары народнага спажывання — мыйныя парашкі, ручнікі, навалачкі і г.д. Звярнулі мы ўвагу і на дзвюх дзяўчынак, якія вырашылі набыць сшыткі для заняткаў у школе: на парозе новы навучальны год; і на жанчыну, якая спытала, ці засталося яшчэ ў продажы насенне чорнай рэдзькі.
На ўсе пытанні людзі атрымалі канкрэтныя адказы, а мы пацікавіліся ў Валянціны Леанідаўны, ці могуць паштовыя работнікі задаволіць заяўку пакупніка, скажам, на набыццё халадзільніка ці нават мэблевага гарнітура?
— А чаму не? — быў адказ. — Задаволім. Гэтым пытаннем у нас займаецца спецыяліст-арганізатар рознічнага гандлю Вера Іванаўна Дамасевіч. Калі зрабіць абагульненне вынікаў такога гандлю за сёлетняе паўгоддзе, то яно ўкладваецца ў наступную лічбу — 280 мільёнаў рублёў.
У склад Петрыкаўскага раённага вузла сувязі ўваходзяць 26 паштовых аддзяленняў, і няма неабходнасці называць кола іх абавязкаў: яно ўсім вядомае. А вось пра тое, што людзі з цеплынёй адзываюцца аб рабоце калектыву, выказваюць словы падзякі яго работнікам, варта сказаць асобна.
Яны, гэтыя падзякі, неаднаразова гучалі ў адрас паштальёнаў Людмілы Пятроўны Зубар, якая абслугоўвае самы вялікі ўчастак у райцэнтры і працоўны стаж якой на гэтай пасадзе дасягнуў 18 гадоў. Заслужанай павагай у жыхароў вёсак Рог, Заброддзе, Сялюцічы і Церабава, дзе няма паштовых аддзяленняў, карыстаюцца паштальёны Іван Уладзіміравіч Герасіменка, Мікалай Паўлавіч Кудравец, Ганна Васільеўна Какора і Людміла Міхайлаўна Дашкевіч. Мясцовы люд называе іх дарадцамі і сябрамі.
У канцы нашай размовы Валянціна Леанідаўна назвала такі цікавы факт. У зімовы час, калі паром праз Прыпяць не ходзіць, а лёд яшчэ тонкі, частка вёсак зарэчнай зоны аказваецца адрэзанай ад райцэнтра. Тым не менш паштовыя аддзяленні там працуюць без збояў. Бо ў гэтым выпадку ўся карэспандэнцыя дастаўляецца туды і адпраўляецца адтуль праз суседнія Жыткавічы.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/regiyony
[2] http://zviazda.by/wp-content/uploads/2015/07/IMG_9353.jpg