Усё яшчэ думаеце, што здаровы лад жыцця, прафілактыка захворванняў — забавы для багатых? Ды гэта проста вашы адгаворкі і лянота! Фітнес-цэнтры і заморскія прадукты тут ні пры чым. Проста прыгадайце, колькі сёння каштуе лячэнне нават самага простага захворвання. Дый не абавязкова ўсім рвацца на тэнісны корт, асабліва калі не вядома, ці падыходзіць вам такая фізічная нагрузка. Можа быць, сёння і прасцей, і даступней насмажыць каструлю катлет, але ж аднойчы ўсё роўна давядзецца заплаціць за іх трайны кошт. Катлеты, вядома, не атрута, але штодня ды без гародніны ўжываць іх небяспечна.
Давайце сёння разбяромся з самымі простымі рэчамі на шляху да здаровага ладу жыцця. Самае элементарнае — гэта харчаванне, фізічная нагрузка і наша свядомасць, якая дапаможа ўкараніцца новым карысным звычкам.
Разважаць на гэту тэму будуць галоўны тэрапеўт Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь Вольга МАРШАЛКА, галоўны ўрач-дыетолаг камбіната харчавання «Вітамін» Марына ПАПОВА, урач-псіхатэрапеўт Мінскага гарадскога клінічнага псіхіятрычнага дыспансера Уладзіслаў ІВАНОЎСКІ, загадчык кафедры фізічнага выхавання і спорту Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта, кандыдат педагагічных навук, дацэнт Кірыл РАМАНАЎ, урач-рэфлексатэрапеўт аддзялення традыцыйнай кітайскай медыцыны Рэспубліканскага цэнтра медыцынскай
рэабілітацыі і бальнеалячэння Таццяна АБРАМАВА.
Каб не лянота...
— Няўжо беларусы не хочуць быць здаровымі і жыць доўга?
Вольга МАРШАЛКА:
— Нашы грамадзяне па-ранейшаму думаюць, што здароўе — тое ж самае, што і ахова здароўя. Самае важнае для многіх, каб у паліклініках добра лячылі, каб былі пілюлі ад усіх праблем. Маўляў, мы будзем рабіць са сваім арганізмам, што захочам, а калі раптам... То ўрач усё адновіць. Па-першае, у паняцця «здароўе» ёсць канкрэтнае азначэнне. Гэта стан поўнага фізічнага, духоўнага і сацыяльнага дабрабыту чалавека, а не толькі адсутнасць захворванняў. Па-другое, ахова здароўя — гэта забеспячэнне на дзяржаўным узроўні даступнага медыцынскага абслугоўвання. Уласна медыцына, як вы разумееце, дае магчымасці, урачэбныя рэкамендацыі для аднаўлення здароўя, аднак яна не можа выконваць іх за нас.
Закон «Аб ахове здароўя» прадугледжвае не толькі абавязкі ўрача ў дачыненні да пацыента, але і адказнасць самога пацыента. Кожны з нас абавязаны клапаціцца пра ўласнае здароўе і прымаць своечасовыя меры па яго захаванні, умацаванні і аднаўленні. Вядома, што здароўе чалавека ўсяго на 10-15 працэнтаў залежыць ад сістэмы аховы здароўя, а на 50-55 — ад умоў і ладу жыцця.
Некалі ў чалавечай папуляцыі пераважалі інфекцыйныя захворванні, і яны былі асноўнай прычынай смяротнасці, аднак сёння статус эпідэмій набываюць цукровы дыябет, хваробы сістэмы кровазвароту, хранічная абструктыўная хвароба лёгкіх, траўмы. Сярод асноўных прычын смерці — сардэчна-сасудзістыя захворванні, новаўтварэнні і знешнія прычыны. Усё гэта даволі проста прафілактаваць. На жаль, нашы грамадзяне ў большасці сваёй легкадумна ставяцца да свайго здароўя. У першую чаргу трэба весці размову пра нізкую фізічную актыўнасць і няправільнае харчаванне...
Марына ПАПОВА:
— Наш камбінат створаны для арганізацыі лячэбнага харчавання пацыентаў, якія знаходзяцца ва ўстановах аховы здароўя з адпаведнымі захворваннямі. Адна з прычын іх узнікнення — якраз няправільнае харчаванне. Дарэчы, з ім звязана і зніжэнне імунітэту ў цэлым, так што харчаванне не можа быць нейкай кароткатэрміновай акцыяй, сядзеннем на дыеце, гэта павінна быць асэнсаванае рашэнне.
Сучасны чалавек амаль кругласутачна знаходзіцца ў чатырох сценах, ён надта заняты, як правіла, сядзячай працай. Пры гэтым яму няма калі перапыніцца на размінку, на абед. Толькі познім вечарам ён з'ядае ўсё тое, што павінен быў размеркаваць на тры-чатыры прыёмы цягам дня. А між тым якраз правільнае, дробнае харчаванне дае нам магчымасць прымаць эфектыўныя рашэнні на працы.
Як вынік — кожны трэці дарослы беларус пакутуе ад атлусцення або мае лішнюю вагу. Ужо нават кожны трэці школьнік з лішняй вагой, пры гэтым далёка не ўсе назіраюцца ў спецыялістаў. Але аднойчы яны ўсё ж такі трапяць пад увагу ўрача — з хваробамі сэрца, сасудаў, суставаў, дыхальнай сістэмы...
Здаровы лад жыцця пачынаецца з рэжыму. З дня ў дзень неабходна трымацца пэўнай сістэмы — з пэўнай частатой прыёму ежы і дастатковай колькасцю вадкасці (з разліку 30 мл на 1 кг вагі). Мы парушаем і пітны рэжым, і частату ўжывання ежы. А сама ежа, як правіла, аднастайная. Большасць насельніцтва злоўжывае простымі вугляводамі. Вядома, прасцей папіць чаю з нейкімі прысмакамі, заварыць хуткарастваральную кашу або шматкі. Аднак калі гэтыя вугляводы не задзейнічаць на фізічную нагрузку, то яны ператворацца ў тлушч. Нам патрэбна дастатковая колькасць бялку — мяса, рыбы, малака, здольных выклікаць пачуццё насычэння. Рыба не абавязкова павінна быць марская, ешце хоць бы тую, што ёсць на тэрыторыі нашай краіны. Вугляводы лепш спажываць складаныя, а гэта кашы, гародніна, злакавыя.
Уладзіслаў ІВАНОЎСКІ:
— Калі нашы грамадзяне не зменяць сваю свядомасць, яны не заменяць сасіскі на рыбу, а булкі на яблыкі. Без матывацыі немагчымы ніякія змены.
У аснове любога дзеяння або з'явы — нашы думкі. На Усходзе найперш кажуць пра ўсведамленне мэты. Якая ў нас мэта ў дадзеным выпадку? Займацца аздараўленнем, папярэджваць ранняе развіццё цяжкіх захворванняў.
Безумоўна, найлепшы варыянт — прывіваць такія навыкі з самых малых гадоў. У Паўднёвай Карэі ў дзіцячых садках выкладаюцца базавыя веды суджок-тэрапіі, тлумачыцца, дзе на далоньцы размяшчаюцца кропкі, якія можна памасіраваць, каб зняць нейкія хваравітыя сімптомы. І малыя, і старыя там займаюцца гімнастыкай у парках. А як пачынаецца раніца ў Кітаі? На прыступках якога-небудзь банка 10-15 хвілін увесь персанал займаецца зарадкай.
Таццяна АБРАМАВА:
— Нам не хочацца быць адказнымі, намагацца, і мы надта верым у ратавальную пілюлю. Нашы пацыенты чакаюць, што пахудзеюць пасля першага сеанса іголкатэрапіі — проста таму, што яны на гэты сеанс прыйшлі.
Шагам марш!
— Якой у нас можа быць фізічная нагрузка?
Вольга МАРШАЛКА:
— Недастатковасць фізічнай актыўнасці адзначаецца ў 35 працэнтаў дарослых, і толькі ў 35 працэнтаў дзяцей узровень фізічнай актыўнасці адпавядае норме. 6 з 10 чалавек ніколі або вельмі рэдка займаюцца фізкультурай і спортам. Гіпадынамія — праблема не толькі Беларусі. У Еўропе звыш 64 працэнтаў дарослых праводзяць звыш 4 гадзін у дзень у сядзячым становішчы. Наогул, недастатковая фізічная актыўнасць уваходзіць у лік глабальных фактараў, якія павышаюць рызыку заўчаснай смерці ва ўсім свеце. Даказана, што пры павелічэнні фізічнай нагрузкі можна знізіць колькасць хвароб сэрца, дыябету, раку малочнай залозы і раку абадочнай кішкі.
Кірыл РАМАНАЎ:
— У нас ёсць Закон «Аб фізічнай культуры і спорце», праграмы па фізічнай культуры для дашкольных устаноў, школ, сярэдніх спецыяльных і вышэйшых навучальных устаноў, іншыя нарматыўныя дакументы, якія рэгулююць працэс арганізацыі і правядзення фізкультурна-аздараўленчай работы сярод розных груп насельніцтва. Таксама існуе шмат навукова-метадычнай літаратуры, напрыклад падручнік «Фізічная культура», у якім таксама даюцца патрэбныя рэкамендацыі.
У савецкі час фізкультура ў школе была тройчы на тыдні, бо яшчэ ў 1960-х даследаванні паказалі, што толькі для падтрымання здароўя патрэбны менавіта тры разы. Дадатковыя секцыі вітаюцца... Між тым, апошнія колькі гадоў фізкультура ў школе і вышэйшых навучальных установах — толькі двойчы на тыдні.
Тут патрэбна выпрацаваць звычку — рабіць зарадку, хадзіць пешшу. Паняцце мышачнага голаду вучоныя яшчэ не адмянілі. 90 працэнтаў беларусаў не так даўно былі сялянамі, займаліся цяжкай фізічнай працай. Цяпер такой працы няма, а таму неабходна сублімацыя, замяшчэнне.
Памятаеце, якім быў працоўны перапынак у фільме «Самая абаяльная і прывабная»? Усе бягуць гуляць у настольны тэніс. І так было на любой вытворчасці. Бо замежныя вучоныя ўстанавілі, што 15-20 хвілін заняткаў настольным тэнісам павышаюць працаздольнасць!
Для нас найлепшым варыянтам было б вяртанне да таго, што існавала падчас савецкай сістэмы. Неабходна вывучыць мінулы вопыт і ўзяць тое, што не страціла актуальнасць. А пасля, дзеля разнастайнасці, можна прыгледзецца і да нечага замежнага. Тое, што добра для іх, можа абсалютна не падысці нам.
Адна справа, напрыклад, цыгун-гімнастыка, і зусім іншая — ёга, якая ўяўляе сабой філасофска-рэлігійнае, сур'ёзнае і глабальнае вучэнне.
Прыхільнік ёгі ў першую чаргу аднаўляе цыркуляцыю энергіі ў арганізме, а беларусы проста выконваюць асаны, фізічныя практыкаванні. Кожнае з іх павінна рабіцца на фоне правільнага дыхання. А ў нас, дарэчы, ёсць свая, запатэнтаваная, дыхальная гімнастыка!
А наогул, у 1980-х гадах у Індыі правялі адзіную за ўсе часы яе існавання дыспансерызацыю, падчас якой высветлілася, што найгоршы стан здароўя — у ёгаў. Па прычыне працяглага знаходжання ў неўласцівых для фізіялогіі чалавека позах і пастаянных «чыстак» арганізма.
Таццяна АБРАМАВА:
— Самае важнае ў любой практыцы — прывядзенне ў парадак думак. Пасля чаго можна прыступіць да выканання пэўных фізічных практыкаванняў.
Уладзіслаў ІВАНОЎСКІ:
— Так, ёга пачынаецца з ачышчэння мыслення. Далей неабходна вытрымліваць усе базавыя прынцыпы. Кожную асану — практыкаванне — неабходна выконваць, арыентуючыся на ўласныя адчуванні. Калі табе штосьці вельмі не падабаецца, ты адчуваеш унутраны дыскамфорт, значыць, займацца нельга. Пасля кожнага практыкавання трэба расслабіцца настолькі, каб аказацца на мяжы сну. Калі ты так не расслабіўся, значыць, гэта ўжо не ёга, а шкода. Вядома, ніводзін спартыўны цэнтр, які арганізуе падобныя заняткі, не можа дазволіць сабе іх правядзенне менавіта такім чынам — чалавек будзе расслабляцца даўжэй, чым выконваць практыкаванні. У харчаванні ўпор трэба рабіць на фрукты і гародніну, іначай будзе дрэнная расцяжка, іншая энергетыка ў арганізме. Трэба піць шмат вадкасці, абавязкова высыпацца. Калі вы недасыпаеце, то добрае выкананне практыкаванняў адыходзіць на задні план. Штодня вы павінны рабіць практыкаванні на мышцы спіны, брушнога прэса, рук, ног. Калі будзеце трэніраваць толькі мышцы рук, то гэта не ёга. Вельмі важна, аб чым вы думаеце непасрэдна падчас заняткаў. Калі робіце «бярозку» і не фіксуеце ўвагу на шчытападобнай залозе, то гэта таксама не ёга. Хочаце займацца ёгай — калі ласка, толькі рабіце ўсё правільна.
Кірыл РАМАНАЎ:
— І ўсё ж такі спачатку пацікаўцеся тутэйшымі методыкамі... А то ў нас заўсёды так. Нехта на Браславах ні разу не быў, затое Егіпет увесь пратаптаў.
Вольга МАРШАЛКА:
— Падтрымліваю! Чаму мы не хочам заўважыць турнікі ў дварах, хакейныя і футбольныя пляцоўкі?
Пачытай, пацікаўся
— Як жа не набыць новых праблем, пачынаючы жыць на здаровы лад?
Уладзіслаў ІВАНОЎСКІ:
— Можна было б сказаць: вазьміце гантэлі ды пачынайце... Але тут усё сапраўды складаней. Нездарма мы загаварылі вышэй пра свядомасць і змену думак. Каб не кінуць усё праз тыдзень, паспрабуйце зразумець, хто вы і што вы... Якой літаратуры больш на вашых паліцах? Што вы чытаеце? Чым больш вы разумееце нейкую тэму, тым больш яна ў вас пранікае, і вы становіцеся менавіта гэтым.
Вольга МАРШАЛКА:
— Вось чаму мы і кажам, што да таго, як пачаць займацца ёгай, трэба валодаць разнастайнай інфармацыяй, шмат цікавіцца і чытаць. Самаадукацыя — вельмі важны складнік здаровага ладу жыцця. Інфармацыя па аздараўленні абсалютна даступная. Трэба пачаць цікавіцца! Не можаце разабрацца, што ў інтэрнэце праўда, а што не — падыдзіце да ўрача, і ён падкажа, дзе лепей атрымаць тую ці іншую інфармацыю.
Уладзіслаў ІВАНОЎСКІ:
— Проста мы любім перакладваць адказнасць за сваё жыццё на дзяржаву, на доктара... Дарэчы, такое стаўленне ўласцівае не толькі беларусам. Іншая рэч, за мяжой знаходзяць спосабы стымуляваць грамадзян клапаціцца пра сябе.
Таццяна АБРАМАВА:
— У нас таксама ёсць нейкія зачаткі гэтага. Некаторыя арганізацыі пазбаўляюць сваіх работнікаў-курцоў прэмій, забараняюць ім курыць і на сваёй тэрыторыі, і нават побач з ёй.
Уладзіслаў ІВАНОЎСКІ:
— Японец, які наймаецца на работу, павінен запоўніць велізарную анкету, дзе ёсць і пытанне пра біядабаўкі. Калі ён прапусціць гэта пытанне або напіша «абы-што», яго не возьмуць на працу толькі з гэтай прычыны. Бо ён настолькі неразумны, што не звяртае ўвагі на ўласнае здароўе. Там лічаць, што карысней для кампаніі ўзяць не такога падкаванага ў прафесійным сэнсе (можна падвучыць у працэсе), чым таго, хто будзе часта хварэць.
Кірыл РАМАНАЎ:
— Нашы людзі любяць прыкінуцца няшчаснымі, бо такіх шкадуюць, ім многае даруюць і менш з іх патрабуюць... Звычайна калі ў нас пачынаюць задумвацца пра здароўе? Калі яно пачало падводзіць. Калі стала цяжэй рабіць тое, што некалі давалася само сабой.
У фізічнай культуры ёсць прынцыпы свядомасці і актыўнасці. Прынцып свядомасці якраз аб тым, для чаго, навошта мне гэта. Калі знаёміцца з гэтым прынцыпам вам даводзіцца з прычыны пагаршэння здароўя, значыць, пачынаць трэба абавязкова з абследавання, з візіту да тэрапеўта. Тое, што ў школе вы няблага бегалі крос, ні аб чым ужо не гаворыць.
Агульныя рэкамендацыі могуць быць наступнымі. Перш за ўсё — самакантроль. Адсочваем пульс — у стане спакою, пасля 20 прысяданняў і пасля заспакаення...
Наогул, існуе методыка вызначэння ўзроўню здароўя: ён можа быць вельмі нізкі, нізкі, здавальняючы, добры, выдатны. Вызначце, на якім вы ўзроўні, а далей падбірайце тое, што вам падыходзіць. Ёсць вялікая колькасць комплексаў заняткаў для тых, хто належыць да груп вельмі нізкага і нізкага стану здароўя. Такой інфармацыяй можа валодаць і тэрапеўт, і ўрач лячэбнай фізкультуры, і валеолаг. Можна знайсці яе і ў інтэрнэце.
Марына ПАПОВА:
— Фізічную нагрузку можна распісаць прыкладна так, як урач-дыетолаг распісвае праграму лячэбнага харчавання.
Вольга МАРШАЛКА:
— Калі доктар патлумачыў вам стан вашага здароўя, далей, я мяркую, трэба ацаніць свой працоўны дзень — колькі ў нас ёсць часу і калі мы будзем займацца. Можа быць, гэта будуць проста пешыя прагулкі па дарозе на працу і з працы. Паводле нашых ацэнак, максімальная адлегласць, якую штодня пераадольваюць беларусы ва ўзросце ад 19 да 70 гадоў, — 1-2 кіламетры...
Кірыл РАМАНАЎ:
— А трэба каля 10! Гэта адпавядае нашым фізіялагічным патрэбам, нармалізуе працэсы метабалізму. Я кажу сваім студэнтам так: наш арганізм, калі мы рухаемся, — гэта рэчка з чыстай, празрыстай вадой, а калі ўвесь час сядзім — гэта багна.
Што тут расце, тое і еш!
— Здаровае харчаванне ў беларусаў павінна быць «сваім» ці лепш асвойваць тую ж міжземнаморскую дыету?
Марына ПАПОВА:
— Першы важны момант у харчаванні — гэта рэжым, з гэтага трэба пачынаць. Важна харчавацца ў адзін і той жа час прыкладна чатыры-пяць разоў на дзень. Такім чынам наш арганізм будзе паспяваць падрыхтавацца да прыёму ежы, выпрацоўваць належную колькасць ферментаў. Нельга прапускаць сняданак, кубка кавы недастаткова. У першай палове дня метабалічныя працэсы праходзяць найбольш актыўна. Арганізму патрэбна энергія. Увечары ж метабалізм запавольваецца, а мы ядзім шмат, прычым паўфабрыкаты і фастфуд... Ніхто не кажа, што трэба цалкам забыцца на бліны, піцу, кашы, бульбу, макароны... Аднак яны не павінны быць у рацыёне штодня, тым больш у якасці вячэры.
Уладзіслаў ІВАНОЎСКІ:
— Пэўна, ведаеце, як харчуюцца барцы сумо? Днём амаль нічога, а ўвечары — вельмі шмат. Працягласць жыцця ў іх — 35 гадоў.
Кірыл РАМАНАЎ:
— Гэта яшчэ можна зразумець, гэта свядомая ахвяра. Сумаіст — нацыянальны герой у Японіі. А дзеля чаго нашы людзі так робяць?
Марына ПАПОВА:
— Не рабіце рэзкіх перакосаў у харчаванні, не садзіцеся на дыеты, пасля якіх вяртаецеся да ранейшых звычак...
Яшчэ адзін важны момант — экзатычныя прадукты, фрукты. Не захапляйцеся імі! Манга, авакада, ананас цалкам даступныя, аднак генетыку не падманеш. Мы лепш засвойваем тую ежу, якую ўжывалі яшчэ нашы продкі, якая расла на нашай тэрыторыі. Калі людзей з поўдня прымусіць есці тое, што ўжываюць на поўначы, якасць іх здароўя хутка пагоршыцца.
Што да міжземнаморскай дыеты, то па-першае, гэта не дыета, а спосаб харчавання. На сёння ён лічыцца самым здаровым незалежна ад месца пражывання. І справа не ў аліўкавым алеі, а ў выкарыстанні алеяў для замяшчэння жывёльных тлушчаў. Аліўкавы, кунжутны, льняны, сланечнікавы — любы алей змяшчае амега-3 і амега-6 поліненасычаныя тлустыя кіслоты, адрозненне толькі ў суадносінах. Ільняны алей па сваіх карысных вартасцях не саступае аліўкаваму... Важна ўжываць алей нерафінаваны, неачышчаны, каб запраўляць ім салаты, не падвяргаць тэрмічнай апрацоўцы. Ачышчаны прадукт амаль не змяшчае карысных рэчываў.
Міжземнаморская дыета фарміравалася натуральным чынам. Старажытны італьянец браў з сабой на паству хлебную аладку, тварог ды віно. Акрамя таго, у гэтых краях заўсёды было шмат гародніны і фруктаў.
Я не заклікаю беларусаў адмовіцца ад бульбы. Трэба проста ведаць, што чым больш яна захоўваецца, тым менш у ёй вітаміну С. Трэба варыць яе ў мундзірах або запякаць, а не смажыць на сале. Не трэба есці бульбу штодня, забывацца на грэцкія крупы, хлеб з вотруб'ем. А наша малочная прадукцыя? Яна выдатнай якасці! Дабаўце мясцовую гародніну і фрукты. Рэкамендуецца каля 400-500 г фруктаў і гародніны ў суткі.
Пры нейкіх хранічных захворваннях спачатку проста мяняюць тэхналогію прыгатавання страў. Перастаюць смажыць і пачынаюць запякаць, варыць, тушыць. Калі ж катэгарычна нельга штосьці ўжываць, шукаюць дастойную замену. Строгіх выключэнняў і забароны амаль не існуе. Дапусцім, ёсць людзі з недастатковай колькасцю ферментаў для ператраўлівання малочнага цукру (лактозы). Такі чалавек выдатна ведае, што цэльнае малако для яго — пад забаронай. Аднак можна ж ужываць кісламалочныя прадукты.
Неабходна сказаць яшчэ аб тым, што некаторыя аматары фізкультуры і спорту асцерагаюцца есці за дзве-тры, а то і болей гадзін да трэніровак. Незалежна ад таго, якая менавіта нагрузка нас чакае, ці маем мы на мэце пахудзець, прыкладна за дзве гадзіны да нашых заняткаў мы павінны ўжываць ежу. Пажадана вугляводную. Вугляводы пачнуць «спальвацца» ў арганізме і запусцяць іншыя энергетычныя працэсы. Калі ж мы займаемся на галодны страўнік, то ў арганізме актыўна распадаецца бялок і страчваецца вадкасць. Адбываецца так званая «ўсушка», што абсалютна нефізіялагічна і не стасуецца са здаровым ладам жыцця. Пасля заняткаў неабходна ўжываць ваду і бялковую ежу.
Кірыл РАМАНАЎ:
— «Усушка» азначае не што іншае, як старэнне арганізма. Наогул, аднаўленне арганізма адбываецца не ў момант заняткаў, а пасля іх. Як кажуць аматары бодзібілдынга, мышцы растуць, калі ты спіш. А непасрэдна ў момант фізічнай нагрузкі ў арганізме запускаюцца механізмы суперкампенсацыі. Калі мы трацім энергію, павышаюцца функцыянальныя рэзервы ўсіх сістэм. Арганізм «разумее», што заўтра зноў могуць быць нагрузкі, а таму спатрэбіцца запас сіл. Так адбываецца не проста кампенсацыя, а кампенсацыя з «запасам». Гэты працэс, праўда, не доўжыцца бясконца. Пасля кожнага цыкла — праз месяц ці квартал (у залежнасці ад таго, якой інтэнсіўнасці трэніроўкі) — неабходна рабіць перапынак для поўнага адпачынку цягам тыдня-двух. Так можна зноў запусціць працэс супераднаўлення.
Абсалютна нармальны эгаізм
— Вядома, што фізічная нагрузка знімае стрэс, паляпшае эмацыянальны стан, але, можа быць, ёсць яшчэ якія-небудзь сакрэты падтрымання душэўнай раўнавагі і захавання псіхічнага здароўя?
Уладзіслаў ІВАНОЎСКІ:
— Вазьміце на ўзбраенне адзін з найважнейшых прынцыпаў ёгі: сканцэнтруй увагу на галоўным. На сабе і сваіх адчуваннях. Неабходна ўсвядоміць: Я заўсёды ў сябе з сабой? Я павінен быць уважлівым да сваіх фізічных адчуванняў і эмоцый. Прыгадайце, што сказаў Пятачок Віні Пуху: «Які сёння дзень?» — «Сёння мой любімы дзень!» Вось і вы гаварыце, як Пятачок.
Прыслухоўвайцеся да сябе. Не дапускайце пагаршэння сітуацыі, не назапашвайце адмоўныя эмоцыі. Разбірайце сітуацыі адразу або з нейкай рэгулярнасцю. З іншага боку, калі вы пачняце вытрымліваць рэжым сну і адпачынку, нармальна харчавацца, рухацца, то заўважыце, што дзень за днём вам становіцца лягчэй. Заўсёды пачынайце з сябе. Будзеце ў парадку самі — значыць, зможаце адэкватна ўспрымаць сваё акружэнне, значна больш дапамагаць некаму, калі спатрэбіцца. Гэта абсалютна нармальны эгаізм.
Вольга МАРШАЛКА:
— Калі вы кажаце, што вас «усё раздражняе», то насамрэч павінны разумець, што гэта проста вы раздражняецеся... З гэтага і пачынайце.
Уладзіслаў ІВАНОЎСКІ:
— Калі не ўдаецца справіцца самім, адчуваеце, што цалкам заблыталіся, трэба звяртацца да спецыялістаў — псіхолагаў, псіхатэрапеўтаў. Яны дапамогуць вырашыць праблемы за больш кароткі час.
Звычайна мала хто жадае напружвацца, працаваць над сабой. Большасць робіць стаўку на імгненны вынік, ратавальныя таблеткі. Тыя ж антыдэпрэсанты — гэта вельмі зручна. Прычым як для пацыента, так і для ўрача. «Хімія» дазваляе заглушыць тое, што застаецца нявыпраўленым. І не толькі беларусы пакутуюць ад ляноты. Нездарма Злучаныя Штаты называлі пэўны час «празак-нацыяй». Псіхатропныя рэчывы ўжывала да 60 працэнтаў амерыканцаў. Можна, безумоўна, ісці і такім шляхам. Бо лекі варта прымаць працягла, і за гэты час сітуацыя, можа быць, разруліцца сама сабой. Таблетка гарманізуе стан чалавека, дапамагае яму жыць пэўны час у гармоніі з сабой.
Кірыл РАМАНАЎ:
— Калісьці ў нас была распрацавана псіхафізічная гімнастыка. Гэткае лячэнне з дапамогай руху. Элементы такой гімнастыкі ўключалі нават у гімнастыку вытворчую. Стваралася гэта некалі на грунтоўнай навуковай базе.
Таццяна АБРАМАВА:
— Гарманізаваць фізічны і псіхічны стан дапамагае тая ж іголкатэрапія. Яна можа выкарыстоўвацца як для зняцця непрыемных сімптомаў пры пэўных захворваннях, так і ў якасці прафілактыкі. Кітайская медыцына скіравана на гармонію цела і духу. Захворванні разглядаюцца як парушэнне цыркуляцыі энергій у фізічным целе. Іголкатэрапія наладжвае энергетычны паток, які здольны парушыць самыя розныя фактары. Тут важна, што і як мы ядзім, носім, як рухаемся і аб чым думаем. Захворванні ўзнікаюць, калі ўтвараецца лішак або недахоп энергіі. Энергія цыркулюе не толькі ўнутры нашага цела, але і звонку, вакол нас. Інь — энергія, якая ўнутры нас, ян — тая, што паступае звонку. Такім чынам, здароўе — гэта гарманічны рух унутраных і знешніх энергій.
Немагчыма паставіць іголкі і гарантаваць пацыенту, што праз пяць сеансаў ён будзе як новы, вечна малады і здаровы. Гэта толькі наша дапамога, падтрымка. Пацыент павінен сам нешта рабіць для свайго выздараўлення. Хіба можна пазбавіцца лішняй вагі, калі есці пасля сеансаў булачкі? У нас жа псіхалогія звычайна такая: зрабіце што-небудзь, каб я не таўсцеў, не курыў...
У іголкатэрапіі ёсць магчымасці прафілактыкі, але звяртаюцца да нас, калі гром ужо грымнуў і з'явілася праблема са здароўем. Самае папулярнае пытанне: якія гарантыі вы мне дадзіце? Ніхто не хоча нешта мяняць — урачы павінны гарантаваць! А ў нетрадыцыйных метадах лячэння самае важнае — уласнае жаданне хворага вылечыцца, мець адпаведны настрой на гэта. Калі пацыент не разумее, як многа залежыць ад яго, нічога не спрацуе...
Уладзіслаў ІВАНОЎСКІ:
— Мне прыгадваецца такі эпізод з жыцця... Сталы кітаец на прыёме ва ўрача скардзіцца на дрэннае самаадчуванне, захворванні, а ўрач яму кажа: «Ідзі спачатку памірыся з суседам...» Наш чалавек дакладна не вярнуўся б да гэтага ўрача. А кітаец пойдзе мірыцца, а па дарозе зойдзе на рынак па прадукты і набудзе тую гародніну і такі салат, якія будуць карыснымі для яго здароўя менавіта сёння, з улікам жыццёвых абставінаў і самаадчування.
Таццяна АБРАМАВА:
— Кітайцы разумеюць, што ў рацыёне цягам дня павінна быць усяго патроху: салёнага, салодкага, горкага, кіслага, вострага...
Марына ПАПОВА:
— Трэба мець на ўвазе, што каштоўнасць харчавання ў апошнія дзесяцігоддзі знізілася ў некалькі разоў, а таму не варта забывацца на БАДы і вітамінныя комплексы. Адзінае, нельга лічыць іх панацэяй. Гэта проста асобны кампанент здароўя.
Кірыл РАМАНАЎ:
— Гадоў 20-30 таму я не сустракаў у навуковай літаратуры дакладных рэкамендацый адносна ўжывання вітамінных прэпаратаў пры занятках фізічнай культурай. Пэўна, у гэтым не было патрэбы. Аднак сёння такія рэкамендацыі існуюць.
Вольга МАРШАЛКА:
— Можна піць вітаміны і самастойна, без рэкамендацыі, аднак хіба варта так пачынаць аздараўленне? Можа быць, у вас ёсць сур'ёзная праблема са здароўем, а вы будзеце цешыць сябе тым, што вітамінкамі робіце для сябе нешта карыснае. Пачніце з кансультацыі і абследавання.
Святлана БАРЫСЕНКА.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/zdaroue
[2] https://zviazda.by/be/zdaroue-0
[3] http://zviazda.by/wp-content/uploads/2015/03/17-13.jpg
[4] http://zviazda.by/wp-content/uploads/2015/03/17-14.jpg
[5] http://zviazda.by/wp-content/uploads/2015/03/17-16.jpg
[6] http://zviazda.by/wp-content/uploads/2015/03/17-15.jpg
[7] http://zviazda.by/wp-content/uploads/2015/03/17-18.jpg
[8] https://zviazda.by/be/tags/svyatlana-barysenka-0