Ром лічыцца адным з самых рамантызаваных алкагольных напояў. Народжаны ў часы вялікіх каланіяльных войнаў паміж Іспаніяй, Вялікабрытаніяй і Францыяй на астравах Карыбскага мора сярод піратаў, флібусцьераў, капераў і скарбашукальнікаў, ён дагэтуль уяўляецца выпіўкай «для сапраўдных мужчын» і шукальнікаў прыгод.
1. Ром вырабляюць у Аўстраліі, ЗША і нават у Індыі, але асноўная вытворчасць яго ўсё гэтак жа засяроджана на Карыбскіх астравах і ў Паўднёвай Амерыцы.
2. Сусветна вядомым напоем ром зрабіў у ХХ стагоддзі Эрнэст Хемінгуэй, з веданнем справы апеўшы яго пякучы смак, ярка выяўлены водар і жоўты з залацістым адлівам колер.
3. Традыцыйна пунш, рэцэпт якога быў вывезены з Індыі англійскімі каланістамі, робяць на аснове рому.
4. Існуе некалькі версій паходжання слова «ром». Магчыма, гэта скарачэнне ад англійскага «rumbullіon» — шум, ажыятаж, бо спажыванне рому нярэдка менавіта тым і суправаджалася. А магчыма, «ром» пайшоў ад «rum» — назвы цукровага трыснягу, з якога жыхары Карыбскіх астравоў і атрымлівалі ром. Паводле іншых крыніц, галандскія маракі пілі ром з вялікіх шклянак, званых rummer, адкуль і ўзялося слова «ром».
5. Ром мае мноства «мянушак» па ўсім свеце: яго завуць «Барбадоскай вадой», «Смерцю д'ябла» і нават «Крывёй Нэльсана».
6. Ром з'явіўся прычынай знакамітага «ромавага мяцяжу», які адбыўся 26 студзеня 1808 года ў Аўстраліі — з прычыны забароны, накладзенай аўстралійскім губернатарам на выплату жалавання парабкам спіртнымі напоямі.
7. Сёння назва рому часта заснавана на назве мясцовасці яго паходжання. Для рому з іспанамоўных краін выкарыстоўваецца слова «ron». Назва «ron anejo» паказвае на тое, што ён добра вытрыманы. «Rhum» — імя рому з франкамоўных краін, а «rhum vіeux» — вытрыманы французскі ром, які адпавядае пэўным тэхналагічным патрабаванням.
8. Джордж Вашынгтон патрабаваў прывезці для сваёй інаўгурацыі ў 1789 годзе бочку барбадоскага рому.
9. Ром выкарыстоўваецца для вымочвання садавіны, якая ўжываецца ў фруктовых тартах, дадаецца ў марынады для некаторых карыбскіх страў. Выкарыстоўваецца напой таксама ў кансерваванні ягад і садавіны
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/kaleydaskop
[2] https://zviazda.by/be/teletydzen
[3] http://zviazda.by/wp-content/uploads/2015/02/20-29.jpg
[4] http://zviazda.by/wp-content/uploads/2015/02/20-7.jpg