Карэспандэнт «Звязды» пабываў на малой радзіме родапачынальніка айчыннага кінематографа Юрыя Тарыча. Дарэчы, менавіта ў Полацку ўзнагародзілі пераможцаў першага адкрытага конкурсу аматарскіх фільмаў.
Сярод пераможцаў конкурсу імя Тарыча «Я здымаю кіно» і 11-гадовы Мікіта Мядзведзеў з Оршы.
— Я зняў першы мультфільм, калі мне было 6 гадоў. У ім цацачныя машынкі гоняцца адна за другой. Фатаграфаваў іх вельмі доўга: кадр зрабіў, перасунуў аўто на міліметр, яшчэ раз сфатаграфаваў, — сціпла расказвае юны мультыплікатар. — Мне тады дзядуля дапамог усталяваць фотаапарат на штатыў і фотаздымкі «падагнаць», каб атрымаўся фільм.
Дзядуля Мікіты — аматар дакументальнага кіно са стажам.
— Па адукацыі мой муж — інжынер, — расказвае бабуля Мікіты Таццяна Навагонская. — Кінематограф — яго даўняе хобі. Дарэчы, я таксама бяру ўдзел у стварэнні мультфільмаў унука. Вось такая ў нас своеасаблівая сямейная студыя!
— Як бачыце, ёсць каму працягнуць справу славутага земляка, кінарэжысёра і сцэнарыста, — усміхаецца намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Полацкага райвыканкама Алена Астапава. — Мы спрабавалі знайсці звесткі, дакументы пра Юрыя Віктаравіча Тарыча, адпраўлялі запыты. Урэшце пашанцавала: на наш ліст адгукнулася кінастудыя «Масфільм», дзе ён у свой час працаваў. Рэжысёр Карэн Шахназараў, фільмы якога добра ведаюць і любяць, спрыяў таму, каб мы атрымалі электронныя копіі дакументаў за подпісам Тарыча. Сярод іх — асабістыя карткі, якія ён запаўняў на маскоўскай студыі, у тым ліку аўтабіяграфія. У апошняй указана, што ён быў сасланы ў Табольск за ўдзел у 1905 годзе ў рэвалюцыйных хваляваннях у Варшаве.
— Конкурс быў складаны яшчэ і таму, што праходзіў у 8 тураў. Былі разгледжаны каля сарака работ (дакументальныя, мастацкія, мультыплікацыйныя, музычныя кліпы і сацыяльныя ролікі) з 6 гарадоў: Полацка, Наваполацка, Оршы, Барысава, Талачына і нават з Масквы. Мы арганізавалі інтэрактыўнае галасаванне тэлегледачоў з дапамогай SMS, — расказвае рэдактар тэлекампаніі «СКІФ», член аргкамітэта конкурсу Аляксей Голубеў. — Пераможцы атрымалі памятныя дыпломы і тэматычныя сувеніры. Яшчэ ў іх будзе магчымасць пабываць на «Беларусьфільме», у БДУ.
Аляксандр ПУКШАНСКІ.
Фота аўтара.
Полацк — Віцебск
Юны мультыплікатар са сваёй бабуляй.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/alyaksandr-pukshanski
[2] https://zviazda.by/be/kultura
[3] https://zviazda.by/be/regiyony
[4] https://zviazda.by/be/kino
[5] http://zviazda.by/wp-content/uploads/2015/01/6-29.jpg
[6] https://zviazda.by/be/tags/kino
[7] https://zviazda.by/be/tags/polack
[8] https://zviazda.by/be/tags/yuryy-tarych