Псіхолаг рэкамендуе прывучаць дзіця да самастойнасці
Гэта толькі калі мы становімся дарослымі, то пачынаем успрымаць паход у першы клас як сапраўднае свята. А некалі ж быў жах-страх. Не трэба забывацца пра гэта, калі вас распірае ад эйфарыі з нагоды ўсведамлення сябе бацькамі школьніка. Вельмі важна правільна паводзіць сябе, пазітыўна настроіць дзіця на пачатак новага жыцця. А таму — менш хлусні і бессэнсоўнага запалохвання. І ўсё будзе добра. Дзіця паступова прыстасуецца і да настаўнікаў, і да вялікай колькасці равеснікаў, і ў цэлым да школьнай атмасферы. Паспрабуйце быць проста ўважлівымі і шчыра зацікаўленымі. Невялікія парады загадчыцы псіхалагічнай лабараторыі Мінскага гарадскога клінічнага псіхіятрычнага дыспансера Таццяны УШАКЕВІЧ будуць якраз да месца.
— Ці варта бацькам першаклашак унікаць і ўмешвацца ў школьныя канфлікты паміж дзіцем і равеснікамі?
— Унікаць у канфлікты варта заўсёды, хоць бы для таго, каб удзельнічаць у жыцці свайго дзіцяці. Магчыма, дзіця мае патрэбу ў парадзе, падтрымцы бацькоў. Самым важным момантам з іх боку павінна стаць навучанне дзіцяці самастойнаму вырашэнню канфліктаў з равеснікамі.
— А паміж дзіцем і настаўнікам?
— У гэтай сітуацыі ўмешвацца варта. І вырашаць канфлікт з пазіцыі «дарослы-дарослы». Важна абмеркаваць з настаўнікам, што менавіта адбываецца, а пасля паразмаўляць з дзіцем. У такіх сітуацыях бацькі павінны выступаць у ролі гэткіх «міравых суддзяў».
— Ці трэба першакласніку прытрымлівацца распарадку дня або ён павінен арыентавацца на сваё жаданне нешта рабіць?
— Калі дзіця пачынае вучыцца ў школе, вельмі важна прытрымлівацца правілаў арганізацыі часу. Па-першае, неабходна скласці распарадак дня; па-другое, прытрымлівацца гэтых правілаў штодня. Калі дзіця прыходзіць у школу, яно акунаецца ў новы свет, дзе яму патрэбна вельмі шмат сіл для засваення ведаў. І дзіця стамляецца. Каб не ўпусціць гэтага, каб дзіця магло паўнацэнна вучыцца, не хварэць пастаянна, жыццё першаклашкі трэба абавязкова распланаваць. Гэта і да дысцыпліны прывучыць, і папярэдзіць зніжэнне працаздольнасці.
— Ці трэба прыцягваць шасцігодкаў да абавязкаў па доме?
— Ці патрэбны дзецям абавязкі ў сям'і? Безумоўна, патрэбны, калі вы жадаеце вырасціць самастойнага, адказнага, мэтанакіраванага і разумнага чалавека. Калі ж ваша мэта — выхаванне інфантыльнага эгаіста, то пытанняў няма.
Святлана БАРЫСЕНКА.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/svyatlana-barysenka
[2] https://zviazda.by/be/gazeta
[3] http://zviazda.by/wp-content/uploads/2014/10/2-7.jpg
[4] https://zviazda.by/be/tags/syameynaya-gazeta
[5] https://zviazda.by/be/tags/adaptacyya