Чэмпіёнка Еўропы Марына Арзамасава распавядае пра работу на камеру і...армейскае жыццё
На сёлетнім чэмпіянаце Еўропы па лёгкай атлетыцы адзін з двух залатых медалёў нашай краіне прынесла Марына АРЗАМАСАВА. Для спартсменкі, чыя маці Равіля Аглятдзінава таксама калісьці была чэмпіёнкай Еўропы, гэтая перамога стала самай важнай у жыцці. Толькі на бегавой дарожцы. Сваімі галоўнымі заслугамі Марына ўсё ж лічыць сям'ю — мужа і дачку. Таму зусім не дзіўна, што наша размова пачалася менавіта з гэтай тэмы.
— Ведаю, што, нягледзячы на маленькі ўзрост, дачка ў вас вельмі спартыўная...
— Справа ў тым, што ўвечары я звычайна трэніруюся дома. Напрыклад, раблю практыкаванні на розныя групы мышцаў. Дык Саша ўвесь час намагаецца паўтараць за мной. І ў яе гэта так смешна атрымліваецца (усміхаецца). З адцісканнямі ёй пакуль складана, а вось прэс ужо качае нядрэнна. Але мы не ставім мэты зрабіць з яе суператлетычную дзяўчынку — проста хочам, каб спінка была праменькая ды стопы роўненькія. Пра сур'ёзныя заняткі спортам для дачкі можам пакуль толькі марыць. Я ўвесь час на спаборніцтвах, муж шмат працуе, часта дапазна... Вазіць у секцыю няма каму. Але ёй толькі пяты год, наперадзе яшчэ шмат часу. У Сашы зараз цікавы ўзрост, калі ў дзяцей пачынаюць фарміравацца ўяўленні пра свет і наваколле. Яна вельмі любіць гуляць з лялькамі. Прычым у кожнай свая роля — мама, тата, старэйшая дачка, малодшая дачка. Нам нават не шкада купляць гэтыя бясконцыя лялькі, бо ведаем: кожная будзе задзейнічана. Перад сном абавязкова чытаем. Калі мы забываем пра гэты рытуал, дачка сама нагадвае: "Тата, мама, пачытайце мне кніжку, бо я ж не засну".
— А ёсць тое, што яна робіць толькі з мамай і толькі з татам?
— Як і любая дзяўчынка, Саша любіць шопінг. Ходзіць са мной па крамах, нават штосьці раіць у адзенні. Але часта не вытрымлівае і кажа: "Усё, мама, цяпер пайшлі купляць штосьці мне!" (усміхаецца). А з татам яна займаецца абсалютна ўсім — гуляе з лялькамі, чытае кніжкі, ходзіць на прагулкі.
— Ваш муж у мінулым — таксама прафесійны спартсмен. У чым вы бачыце плюсы саюзу двух людзей аднолькавай прафесіі?
— Перш за ўсё — мы добра разумеем адно аднаго. Калі муж трэніраваўся, мы заўжды былі разам: разам на трэніроўках, разам — дома. Такі рытм жыцця вельмі збліжаў. Адпаведна, у нас шмат агульных сяброў. Ды і пабегаць можна разам! (смяецца) Нават калі ў адпачынку — лазім па гарах, катаемся на веласіпедах... Актыўны вобраз жыцця па-ранейшаму нас аб'ядноўвае.
"Прысніўся сон, што выйграю"
— Перад стартам чэмпіянату Еўропы былі нейкія прадчуванні, што ўсё атрымаецца?
— Вынікі, паказаныя на трэніроўках, радавалі. Разумела, што трэба справіцца з эмоцыямі, пераадолець хваляванне. Але ўсё ўказвала на тое, што да першынства Еўропы я падышла ў добрай форме. А яшчэ мне двойчы прысніўся адзін і той жа сон! Першы раз зімой, дома, а другі — ужо ў Швейцарыі, напярэдадні папярэдніх забегаў. Прасыпаюся — і першая думка: "Ура, перамагла!" А пасля разумею: дык нічога яшчэ не пачалося. Мне ўвогуле часта сняцца сны. Некаторыя — чыстыя, ясныя, а іншыя — зусім не зразумелыя. Але каб вось так штосьці прадказаць...такое здарылася ўпершыню.
— Ужо пасля спаборніцтваў вы казалі, што кожны наступны этап даваўся лягчэй за папярэдні...
— Сапраўды. Першы папярэдні забег — самы хвалюючы. Не ведаеш, чаго чакаць ад сябе, саперніц, стадыёна... У Цурыху яшчэ арганізатары намудрылі з дарожкай: заслалі новае пакрыццё, якое аказалася вельмі цвёрдым. У некаторых спартсменак нават "шыпоўкі" не счапляліся з дарожкай. Да гэтага таксама трэба было прызвычаіцца. А вось пасля першага этапу ўжо можна ацаніць сітуацыю. Напрыклад, я ведала, што першы раз прабегла ў расслабленым рэжыме, значыць, заўтра будзе яшчэ лягчэй. Але такое бывае не заўсёды. На чэмпіянаце свету ў Сопаце, напрыклад, першы забег мяне настолькі выматаў, што астатак дня я проста ляжала пластом, адыходзіла. І нічога, на наступны дзень выходзіла і паляпшала вынік.
— Вас трэніруе Наталля Духнова. Наколькі адчувальная розніца паміж трэнерам-мужчынам і трэнерам-жанчынай?
— Лічу, што ў нас ідэальныя адносіны — і чалавечыя, і працоўныя. Заўжды прыслухоўваюся да яе парад наконт сям'і, дзяцей... Яна ведае жаночы арганізм, што вельмі важна для трэнера. Разумее ўсе мае эмоцыі, бо сама была прафесійнай спартсменкай і перажывала тое ж самае. Акрамя гэтага, Наталля Станіславаўна вельмі прыемны і жыццелюбівы чалавек. Калі мне сумна, яна заўжды знойдзе спосаб мяне развесяліць. Уражвае, адкуль у яе столькі энергіі! У Цурыху была такая сітуацыя: трэнер праводзіць мяне на старт, а я іду і разумею, што зараз проста зарыдаю. Праз хвіліначку развярнулася — і назад. Ну, нельга з такімі эмоцыямі выходзіць на дарожку! Гляджу: Наталля Станіславаўна стаіць каля агароджы. Яна адчувала мой стан і была ўпэўнена, што я вярнуся, бо мне гэта было неабходна. Апошнія словы на дарогу, супакоілася, пайшла на старт — і ўсё атрымалася.
— Раней часта бывалі сітуацыі, калі на дарожцы, у саперніцтве з іншымі атлеткамі вам не хапала здаровага нахабства. Штосьці змянілася?
— Так, літаральна гэтай зімой. У нас была вельмі цяжкая трэніроўка, і на эмоцыях я выпаліла трэнеру: "Вы што, здзекуецеся з мяне?" На што атрымала адказ, які, напэўна, запомню на ўсё жыццё: "Успомні, як з цябе дзяўчаты здзекаваліся! Беглі ззаду, выскоквалі з-за спіны, абганялі, засланялі, перакрывалі... Лепш я буду здзекавацца з цябе на трэніроўках, чым хтосьці на спаборніцтвах". Я і раней ведала, што ёсць такія перыяды, калі трэба сціснуць зубы і проста перацярпець, але ў той момант гэтае выказванне моцна на мяне падзейнічала. І я пачала заўважаць, што мая нясмеласць паступова пачала адыходзіць на другі план.
Прыступка ўверх
— Сёлета чэмпіянат Еўропы здымала ледзьве не рэкордная колькасць тэлекамер. Падчас спаборніцтваў апаратура не замінала?
— Ды не. Калі бяжыш, зразумела, на гэта ўвогуле не звяртаеш ніякай увагі. Камеры бачыш толькі на старце. Пакуль прадстаўляюць аднаго ўдзельніка, другі аператар ужо рыхтуецца здымаць цябе. І ты ведаеш: трэба сабрацца, зрабіць упэўнены твар (смяецца). Калі толькі пачынала выступаць на буйных стартах, часта глядзела на галоўны экран, каб пабачыць, як я атрымліваюся на карцінцы. З вопытам ужо зразумела, што трэба глядзець у аб'ектыў, а не азірацца навокал, каб у тэлевізары не было толькі майго "ракурсу збоку".
— А ўвогуле здараліся такія сітуацыі, калі вам было няўтульна на стадыёне?
— Вось якраз на заключным старце сезона ў Маракешы было штосьці падобнае. Здаецца, такія буйныя спаборніцтвы, Кубак свету, а на трыбунах — пуста. Бадай, толькі групы падтрымкі спартсменаў і прысутнічалі. Уздымаеш рукі, па звычцы чакаеш аддачы эмоцый, а ў адказ цішыня — неяк няёмка. А самае цікавае, што трыма месяцамі раней выступала на гэтым жа стадыёне ў межах этапу серыі Сусветнага выкліку (гэта камерцыйны старт), і трыбуны былі бітком забітыя! І дарэчы, у забегах удзельнічала мараканская спартсменка, але ўсіх атлетаў віталі аднолькава цёпла, што прыемна здзівіла.
— Пасля еўрапейскага "золата" псіхалагічна стала лягчэй?
— Безумоўна. У мяне было шмат другіх і трэціх месцаў. Вядома, хацелася нарэшце чагосьці яркага і незабыўнага — зусім іншых эмоцый. Гэтае "золата" не для "птушачкі"! Ніколі не успрымала сваю справу як калекцыянаванне медалёў са спаборніцтваў. Кожная перамога — гэта прыступка ўверх, да новага ўзроўню. Цяпер трэба пакараць чэмпіянат свету. Вось літаральна праз некалькі тыдняў пачнём падрыхтоўку. База на сезон якраз закладваецца ў гэтыя месяцы — у кастрычніку, лістападзе, снежні...
— Напэўна, прыходзіцца прымушаць сябе трэніравацца ў халодны перыяд года?
— Ой...так. Шчыра кажучы, я — мярзлячка. Мне заўжды і ўсюды дзьме... Я — той адзіны чалавек у аўтобусе, якому трэба зачыніць акенца (смяецца). На асенніх і зімніх трэніроўках лёгка можна застудзіць горла ці злавіць насмарк, таму прыходзіцца берагчы арганізм, перастрахоўвацца. Таму многія спартсмены восенню і зімой едуць трэніравацца ў цёплыя мясціны. Сёлета ў нас таксама будуць два такія зборы — адзін у Турцыі, другі ў Партугаліі.
"Страявую падрыхтоўку адточвала... у лесе"
— Пытанне як да спартсмена-інструктара 2-га аддзела Спартыўнага камітэта Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь: што армія дае атлету?
— Як бы гэта банальна ні гучала — упэўненасць у заўтрашнім дні. І нават не толькі ў заўтрашнім, а на тры гады наперад. Бо наша Міністэрства спорту заключае кантракты са спартсменамі толькі на год. І калі ў цябе няўдалы сезон, спад, ты рызыкуеш застацца без заробку. Бо, напрыклад, на чэмпіянаце свету аплачваецца толькі месца ў першай шасцёрцы... А кантракт з арміяй, які разлічаны на тры гады, гарантуе стабільную зарплату. Акрамя таго, ёсць магчымасць выступаць на спаборніцтвах высокага рангу. Я двойчы ўдзельнічала ў Сусветных ваенна-спартыўных гульнях — у 2009 і 2011 гг. Апошні раз, дарэчы, выступалі ў Рыа-дэ-Жанейра. Ужо адна гэтая магчымасць дарагога вартая. Я адстралялася ў першыя дні, прычым выступіла вельмі добра, і пасля ў мяне заставалася яшчэ некалькі дзён, каб крыху пагуляць па горадзе.
— Што ўразіла ў бразільскім мегаполісе?
— Кантрасты. Багатыя раёны і раскошныя пляжы, якія суседнічаюць з фавеламі беднякоў. Вядома, нас папярэджвалі пра высокі ўзровень злачыннасці, таму мы імкнуліся трымацца групкамі. Трэба выйсці ў краму — бяром з сабой хлопцаў-спартсменаў і ідзём. Яшчэ памятаю, што прыходзілася выступаць ў самую спякоту. Затое пасля спаборніцтваў, калі збіраліся з'ездзіць на пляж, імгненна пачынаўся дождж. Праўда, у акіяне я ўсё роўна пакупалася.
— У чым спецыфіка Сусветных ваенна-спартыўных гульняў?
— Мабыць, трохі іншы ўзровень канкурэнцыі... Хаця нельга сказаць, што перамогі на гэтых стартах даюцца проста. Там усё роўна ўдзельнічаюць прафесійныя спартсмены! І, безумоўна, я разумела, што ад мяне чакаюць узнагарод. Павышаная ўвага адчувалася. Наш старшыня кожны дзень падвозіў мяне на сваёй службовай машыне на размінку, каб я не траціла лішні час на дарогу.
— Памятаеце, як здавалі экзамены на званне лейтэнанта?
— Так. З тэарэтычнай часткай праблем не было. Звычайныя білеты з пытаннямі па розных тэмах — ваеннай, спартыўнай і іншых. Самы адказны экзамен — гэта страявая падрыхтоўка. Вельмі хвалявалася. Баялася пераблытаць паслядоўнасць дзеянняў, напрамкі паваротаў і г.д. Трэніравалася дома, хаця ў кватэры было зусім нязручна — не хапала месца. Таму прыходзілася карыстацца магчымасцю падчас вячэрніх прабежак у лесе. Вось там было раздолле! (усміхаецца). Экзамены, дарэчы, здавала разам з іншымі спартсменкамі — Вольгай Сударавай, Кацярынай Ганчар і Ганнай Драбеняй. У сяброўскай атмасферы гэтыя некалькі дзён праляцелі вельмі хутка.
— Напрыканцы, падзяліцеся забаўнай армейскай гісторыяй.
— Аднойчы патэлефанавалі і папярэдзілі пра вучэбна-баявую трывогу. Паведамілі час і пароль, які я тут жа забыла. Сабрала рэчмяшок, адпрасаваную форму, неабходныя дакументы... Прыйшла на месца, паказваю пасведчанне, ваенны білет, мне: "Пароль?". Я з сумненнем: "Затвор!" — "Не". — "Прыклад!" — "Праходзь". На даглядзе рэчаў таксама было весела. У мяне не хапала з сабой зубной пасты, а хлопец, які стаяў за мной, забыў дома неабходную суму грошай. Затое ў яго было дзве пасты. Прыйшлося мяняцца. Гэта, напэўна, была самая дарагая зубная паста ў маім жыцці (смяецца).
Дарына ЗАПОЛЬСКАЯ.
Фота Надзеі БУЖАН.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/sport
[2] https://zviazda.by/be/sport-0
[3] http://zviazda.by/wp-content/uploads/2014/09/загруженное8.jpg
[4] https://zviazda.by/be/tags/sport
[5] https://zviazda.by/be/tags/chempiyanat
[6] https://zviazda.by/be/tags/maryna-arzamasava-0
[7] https://zviazda.by/be/tags/legkaya-atletyka