У музеі ў Раўбічах навучаць ткаць паясы
Старажытную тэхніку ткацтва на дошчачках прапануе асвоіць 20 верасня манашка Васа. Цудоўны чалавек і мастак, шчырая падзвіжніца фактычна аднавіла даўняе рамяство ткацтва на дошчачках.
Мастак заўсёды застаецца мастаком, незалежна ад таго, куды яго прывёў лёс. А можа, гэта і ёсць лёс у дзеянні: калі ты разумееш, што не проста жывеш, а служыш. У тым ліку і мастацтву. Манашка Васа служыць Богу. Але яна служыць і людзям, і мастацтву. У мінулым мастацтвазнаўца Вера Селівончык, яна вучылася ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, займалася даследаваннямі ткацтва і вышыўкі беларускага Падняпроўя пад кіраўніцтвам прафесара Міхася Раманюка, а потым працавала ў славутай «Скарбніцы». Вядома, такі досвед не мог быць забыты зусім і адкінуты пасля таго, як у 2002 годзе яна прыняла манаскі пострыг з імем Васа.
І ўжо ў сваім новым служэнні яна працягвае несці мастацтва і рупліва адкопвае ў нетрах гісторыі забытыя мастацкія практыкі — рэканструяваць тэхніку пляцення на квадратных дошчачках з дзвюма запраўленымі ніткамі яна здолела ў 2013 годзе. А цяпер гэтаму можа навучыцца кожны падчас майстар-класа ў Музеі беларускага народнага мастацтва ў Раўбічах, у рамках выставы «Самабытныя вобразы сучаснасці».
Мастачка прадэманструе, што адна з самых старажытных тэхнік ткацтва, якою шмат стагоддзяў (нават тысячагоддзяў) карысталіся нашы продкі, можа паспяхова выкарыстоўвацца і цяпер кожнай гаспадыняй дома. З дапамогай дошчачак можна вырабляць паясы, гальштукі, закладкі, дэкаратыўныя падушкі, торбачкі і нават дэкаратыўныя пано. А каму мала аднаго занятку, то можна набыць фактычна падручнік — «Ткацтва на дошчачках. Практычны дапаможнік», нават падпісаць яго ў аўтаркі. Філіял Нацыянальнага мастацкага музея ў Раўбічах такім чынам далучае да традыцыйнага беларускага мастацтва і адначасова прапаноўвае, як правесці выхадны дзень з карысцю і з кубачкам гарбаты. Акцыя выдатная, кошт дэмакратычны (60 тысяч беларускіх рублёў), асабліва, калі ўзяць пад увагу, што гэтаму больш няма дзе павучыцца...
Ларыса ЦІМОШЫК
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/larysa-cimoshyk
[2] https://zviazda.by/be/vyyaulenchae-mastactva
[3] https://zviazda.by/be/tags/zhyrandolya
[4] https://zviazda.by/be/tags/payasy
[5] https://zviazda.by/be/tags/poyas
[6] https://zviazda.by/be/tags/tkac
[7] https://zviazda.by/be/tags/tkachyha
[8] https://zviazda.by/be/tags/tkactva