Полацк — 1994 і 2003 гады
Найстаражытнейшы беларускі горад першым прымаў свята беларускага пісьменства і друку. За сваю гісторыю Полацк перажыў уварванні вікінгаў, паспяхова змагаўся супраць крыжаносцаў, не раз быў акупаваны войскамі розных заваёўнікаў, аднак зноў аднаўляў сваю незалежнасць. У X—XІІІ стагоддзях горад быў цэнтрам Полацкага княства. З'яўляўся і адным з асяродкаў хрысціянства на ўсходнеславянскіх землях. Тут нарадзіліся беларуская асветніца Еўфрасіння Полацкая і наш славуты першадрукар Францыск Скарына.
Тураў — 1995 і 2004 гады
У канцы І тысячагоддзя нашай эры Тураў стаў палітычным, эканамічным і культурным цэнтрам Тураўскага княства. У гэты час у горадзе ўзнікла адна з першых на Русі епіскапій паводле грэчаскага ўзору. У 1865 годзе ў Тураве выяўлены адзін з найбольш ранніх помнікаў усходнеславянскага пісьменства XІ стагоддзя — Тураўскае Евангелле. Гэтае Евангелле — самая ранняя (з тых, што захаваліся) кніга, створаная на беларускіх землях. Вядомы дзеяч гэтай зямлі Кірыла Тураўскі напісаў выдатныя царкоўнаасветніцкія і царкоўналітаратурныя творы, за што сучаснікі празвалі яго другім Залатавустам.
Навагрудак — 1996 год
Навагрудак — першая сталіца Вялікага Княства Літоўскага. Менавіта тут быў каранаваны князь Міндоўг. Горад адыграў вялікую ролю і ў айчыннай гісторыі, бо менавіта тут зарадзілася беларуская дзяржаўнасць. У 1415 годзе ў Наваградку склікалі духоўны сабор, на якім быў выбраны незалежны ад Масквы мітрапаліт Вялікага Княства Літоўскага Рыгор Цамблак. У манастыры, што знаходзіцца на Навагрудчыне, створана Лаўрышаўскае Евангелле. Тут нарадзіўся славуты паэт Адам Міцкевіч, які ў многіх сваіх творах апяваў навакольныя мясціны.
Нясвіж — 1997 год
Нясвіж з'яўляецца колішняй рэзідэнцыяй роду князёў Радзівілаў — некаранаваных каралёў Вялікага Княства Літоўскага. Тут і дагэтуль захаваўся створаны імі палацава-паркавы ансамбль XVІ—XІX стагоддзяў. У 2005 годзе ён быў уключаны ў Спіс аб'ектаў сусветнай спадчыны ЮНЕСКА. Размешчаны ў Нясвіжы касцёл Божага Цела — першы ва Усходняй Еўропе храм, збудаваны ў стылі барока. Нясвіжская ратуша — таксама самая старажытная з усіх ратуш, якія захаваліся ў Беларусі. Князі Радзівілы спрыялі развіццю кнігадрукавання. У 1562 годзе тут адкрыта Нясвіжская друкарня, у якой выйшлі ў свет працы філосафа і гуманіста Сымона Буднага. Выдадзены ім «Катэхізіс» — першая друкаваная кніга на беларускай мове.
Орша — 1998 год
Гістарычна Орша — адзін з памежных фарпостаў Полацкага княства. Менавіта тут праходзілі славутыя перамовы Усяслава Чарадзея з кіеўскімі князямі, калі апошнія парушылі дамоўленасці і ўзялі полацкага князя ў палон. Найважнейшым укладам аршанцаў у гісторыю кнігадрукавання з'яўляецца праца мясцовага асветніка XVІІ стагоддзя Спірыдона Собаля, стваральніка буквара. Заснаваная ім пад Оршай Куцеінская друкарня стала цэнтрам беларускага кірылічнага кнігадрукавання. У 1812 годзе ў Оршы было знойдзена Аршанскае Евангелле, рукапісны помнік канца XІІ — пачатку XІІІ стагоддзя.
Пінск — 1999 год
Пінск лічыцца адным з гістарычных і культурных цэнтраў Палесся. У XІІ стагоддзі ён быў цэнтрам самастойнага Пінскага княства, пазней уваходзіў у склад Тураўскага. У Пінску ў першай палове XVІІІ стагоддзя езуіты стварылі друкарню і выпускалі хрысціянскую і свецкую літаратуру на лацінскай і польскай мовах. У 1912—1914 гадах у Пінску працаваў настаўнікам у прыходскай школе Якуб Колас. Пакінуў тут свой след і Напалеон Орда — беларускі літаратар, кампазітар, музыкант, мастак. На гэтай зямлі нарадзілася і беларуская паэтка Яўгенія Янішчыц.
Заслаўе — 2000 і 2014 гады
Заслаўе — адзін са старажытных гарадоў Беларусі, які ўзнік яшчэ ў канцы X стагоддзя. Сюды, як вядома, кіеўскі князь Уладзімір саслаў сваю жонку Рагнеду і сына Ізяслава — за тое, што хлопчык, абараняючы гонар маці, зрабіў замах на жыццё князя. Горад названы ў гонар мужнага княжыча. Рагнеда, стала першай хрысціянкай і манахіняй на нашых землях. Яшчэ Заслаўе вядомае тым, што ў 2-й палове XVІ стагоддзя тут пры кальвінскім зборы беларускі асветнік, гуманіст, рэлігійны рэфарматар Сымон Будны надрукаваў Біблію.
Мсціслаў — 2001 год
Мсціслаў заснаваны ў сярэдзіне XІІ стагоддзя смаленскім князем Расціславам Мсціслававічам і названы ў гонар яго бацькі Мсціслава Вялікага — апошняга князя Кіеўскай Русі. У свой час горад быў цэнтрам Мсціслаўскага княства і Мсціслаўскага ваяводства. Сярод знакамітых выхадцаў і жыхароў гэтай зямлі Ілья Капіевіч — выдавец і аўтар створанай на заказ Пятра І рускай граматыкі. Тут нарадзіўся адзін з рускіх першадрукароў Пётр Мсціславец, а таксама народны паэт Беларусі Аркадзь Куляшоў. У пісьменніка Уладзіміра Караткевіча пра гэты горад напісана цэлая мастацка-дакументальная кніга пад назвай «Мсціслаў».
Мір — 2002 год
Першыя пісьмовыя згадкі пра Мір адносяцца да канца XІV стагоддзя — часу, калі крыжакі, якія прайшлі праз Ліду і Навагрудак, спалілі яго. У канцы XVІ — пачатку XVІІ стагоддзя замак у Міры абнеслі землянымі валамі і ён ператварыўся ў крэпасць, трапіць у якую было магчыма толькі праз вароты. Гарадок быў надзвычай шматнацыянальным, і гэта добра прасочваецца дзякуючы розным рэлігійным будынкам, што размяшчаліся вакол Рыначнай плошчы — драўляная мячэць (не захавалася), двор сінагогі, ешыбот, Траецкая царква, касцёл Святога Мікалая. У наш час назва невялікага мястэчка Мір шырока вядомая за межамі Беларусі дзякуючы галоўнай архітэктурнай каштоўнасці — замку, які ў 2000-м унеслі ў Спіс аб'ектаў сусветнай спадчыны ЮНЕСКА. Пазней адбылася нават міжнародная «каранацыя» замка.
Камянец — 2005 год
У Камянцы знаходзіцца адзіны на тэрыторыі Беларусі архітэктурны помнік Старажытнай Русі, які захаваўся ў цэлым выглядзе да нашых дзён, — гэта Камянецкая вежа, якую часам называюць яшчэ Белай вежай (ёй больш за 700 гадоў!). У сярэднія вякі жыхары Камянца з гонарам сцвярджалі, што ўсе дарогі ідуць праз іх горад, бо ён займаў важнае палітычнае і геаграфічнае становішча на карце Еўропы. Камянецкі край — радзіма многіх вядомых людзей: гісторыка, грамадскага дзеяча, першага прэзідэнта Акадэміі навук Беларусі Усевалада Ігнатоўскага; асветніка, публіцыста і палітычнага дзеяча Міхаіла Карповіча; тэатральнага дзеяча і пісьменніка Уладзіміра Стэльмаха і іншых.
Паставы — 2006 год
Паставы вядомыя з сярэдзіны XVІ стагоддзя як прыватнае мястэчка, якое належала магнатам Дэспатам-Зяновічам. У другой палове XVІІІ стагоддзя Паставы перайшлі да надворнага падскарбія Вялікага Княства Літоўскага Антонія Тызенгаўза. Па яго ініцыятыве тут былі пабудаваны фабрыкі, ткацкія майстэрні, млын, гарбарня, архітэктурны комплекс з жылых дамоў, гандлёвых радоў і палаца. Пэўны час тут дзейнічала тэатральная школа Тызенгаўза, перавезеная з Гродна. Выхадцам з Пастаўскага раёна з'яўляецца беларускі пісьменнік Уладзімір Дубоўка.
Шклоў — 2007 год
У XVІ—XVІІ стагоддзях у Шклове існаваў магутны замак і ўмацаванні вакол яго, ваяводам троцкім Аляксандрам Хадкевічам тут быў пабудаваны кляштар дамініканаў. Аднак усё згарэла з-за шматлікіх войнаў, горад давялося ўзнаўляць літаральна з нуля. У XVІІІ стагоддзі ў Шклове заснаваны тэатр Зорыча, у рэпертуар якога ўваходзілі драмы, камедыі, камічныя оперы і балеты. У спектаклях, акрамя прыгонных, удзельнічалі кадэты мясцовага кадэцкага корпуса і дваране-аматары. На пачатку ХІХ стагоддзя Шклоў з'яўляўся важным гандлёвым цэнтрам, беларускай прыстанню на Дняпры.
Барысаў — 2008 год
Барысаў — адно са старажытных паселішчаў Беларусі. Цягам XІІІ—XІV стагоддзяў у горадзе вялося будаўніцтва замка. Падчас войнаў з Маскоўскай дзяржавай тут знаходзілася стаўка вялікага князя Аляксандра, затым стаўка вялікага князя Жыгімонта Старога. У свой час горад быў цэнтрам павета Мінскай губерні. З гэтых мясцін паходзяць аўтар тэкстаў Гімна БССР і Рэспублікі Беларусь Міхась Клімковіч, стваральніца першага савецкага беларускага буквара Надзея Сіўко, мастак Валерый Шкаруба і скульптар Анатоль Анікейчык.
Смаргонь — 2009 год
Першая пісьмовая згадка пра Смаргонь звязана з імем Юрыя Іванавіча Зяновіча. Ён адкрыў пры смаргонскім храме школу і сабраў вялікую бібліятэку (канец XV — пачатак XVІ стагоддзя). Смаргонь праславілася папяровай мануфактурай, школай дрэсіроўкі мядзведзяў (Смаргонская акадэмія), заснаванай князямі Радзівіламі. Сёння ў раёне працуе Літаратурна-мемарыяльны музей-сядзіба Францішка Багушэвіча ў Кушлянах, дзе жыў творца. Мясцовыя брэнды таксама — Крэўскі замак і музей-сядзіба Міхала Клеафаса Агінскага ў Залессі (тут быў створаны славуты паланэз «Развітанне з Радзімай»).
Хойнікі — 2010 год
Хойнікі як мястэчка вядомыя з сярэдзіны XVІ стагоддзя, імі валодалі князі Вішнявецкія, Шуйскія, Прозары. У першай палове XVІІ стагоддзя на невялікай дзюне ў забалочанай пойме ракі Квеся князі Вішнявецкія пабудавалі замак з абарончымі сценамі, уязной вежай-брамай. Замак праіснаваў да XVІІІ стагоддзя. Хойнікі вядомыя і як радзіма народнага пісьменніка Беларусі Івана Мележа. Адсюль родам таксама празаік Барыс Сачанка, паэты Мікола Мятліцкі і Ала Канапелька.
Ганцавічы — 2011 год
У Ганцавічах нарадзіліся вядомыя беларускія дзеячы культуры: фалькларыст, этнограф, публіцыст Аляксандр Сержпутоўскі, паэты Міхаіл Рудкоўскі і Віктар Гардзей. У спіс гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі занесена панская сядзіба ў вёсцы Агарэвічы — помнік драўлянага дойлідства XІX стагоддзя. Ганцаўшчына непарыўна звязана з жыццём і творчасцю Якуба Коласа. Менавіта на ганцавіцкай зямлі адбываецца дзеянне першай кнігі знакамітай коласаўскай трылогіі «На ростанях»: у творы фігуруе мясцовая вёска Люсіна, якую аўтар назваў Цельшына.
Глыбокае — 2012 год
Першыя пісьмовыя згадкі пра Глыбокае знойдзены у Метрыцы ВКЛ. Калісьці тут быў пабудаваны замак, мелася развітая гарадская інфраструктура. Хоць многае было знішчана падчас войнаў і пажараў, гісторыка-культурная спадчына Глыбоччыны ўражвае і сёння: тут захавалася больш за 60 помнікаў архітэктуры, 17 храмаў — помнікаў архітэктуры, сярод якіх 4 — помнікі рэспубліканскага значэння, маюцца курганы, дэндрарый. Глыбоччына дала свету Язэпа Драздовіча, Вацлава Ластоўскага, Паўла Сухога і Паліну Мядзёлку.
Быхаў — 2013 год
Быхаў здаўна вядомы як моцны горад, непрыступны бастыён. У другой палове XVІ стагоддзя Хадкевічы заснавалі ў ім майстэрню, у якой выраблялі шротавыя гарматы, разнастайныя марціры і іншае ўзбраенне. На высокім беразе Дняпра быў пабудаваны замак, які захаваўся да нашых дзён. Пасля таго, як Быхаў абнеслі вялізнымі 800-метровымі землянымі валамі з бастыёнамі, равелінамі і ровам, ён увогуле стаў непрыступным для ворагаў. У пачатку ХVІІ стагоддзя на Быхаўшчыне быў створаны Баркулабаўскі летапіс — летапісны звод, помнік беларускага летапісання.
Ніна Шчарбачэвіч.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/kultura
[2] https://zviazda.by/be/kultura-0
[3] https://zviazda.by/be/tags/kultura
[4] https://zviazda.by/be/tags/pinsk
[5] https://zviazda.by/be/tags/mir
[6] https://zviazda.by/be/tags/shklou
[7] https://zviazda.by/be/tags/nyasvizh-0
[8] https://zviazda.by/be/tags/polack-1
[9] https://zviazda.by/be/tags/zaslaue-0
[10] https://zviazda.by/be/tags/turau-0
[11] https://zviazda.by/be/tags/navagrudak-2
[12] https://zviazda.by/be/tags/orsha-0
[13] https://zviazda.by/be/tags/mscislau-0
[14] https://zviazda.by/be/tags/kamyanec-0
[15] https://zviazda.by/be/tags/pastavy-0
[16] https://zviazda.by/be/tags/barysau-0