Абляпіха атрымала назву за сваё багатае плоданашэнне: галінка літаральна аблеплена ягадамі, якія шчыльна сядзяць. Але, як часта гэта бывае, у высокай прадуктыўнасці ёсць і адваротны бок: ягады растуць у такой вялізнай колькасці і настолькі шчыльна прылягаюць да галінкі, што збор пладоў голымі рукамі ператвараецца ў стомны працэс. Да таго ж кароткая пладаножка і калючкі на галінках становяцца сур'ёзнай перашкодай у бітве за ўраджай.
Па-першае, шыпы досыць балюча колюцца, а мяккія ягады пры спробе адлучыць іх ад расліны лёгка расціскацца ў руках, выдзяляючы сок, які бязлітасна шчыпле скуру.
Ювелірная праца
Збор абляпіхі ўручную альбо з дапамогай нажніц шырока прымяняецца звычайна тады, калі дрэў на ўчастку няшмат. Галоўным мінусам гэтага спосабу з'яўляюцца вялікія праца- і часазатраты. Але, нягледзячы на істотныя недахопы, ёсць у яго і сур'ёзная перавага: так вы не пашкодзіце ні ягаду, ні дрэва.
Для лянівых
Некаторыя садоўнікі збіраюць ураджай абляпіхі пасля першых замаразкаў. Замарожаныя ягады лёгка абсыпаюцца на папярэдне разасланыя брызент або плёнку ад лёгкіх удараў па ствале або прутамі па галінах. Аднак гэты спосаб недасканалы, бо плады, пакінутыя на галінках, пераспяваюць, псуюцца ад дажджоў і пашкоджваюцца птушкамі. Да таго ж зіма ў нас надыходзіць павольна, маразы чаргуюцца з адлігамі: тады скурка ягад таксама адтае і пры абтрасанні можа аддзяліцца ад мякаці, якая застаецца на галінах.
Правілы збору абляпіхі
Каб палегчыць цяжкі і працаёмкі працэс збору ягад, прытрымлівайцеся трох простых правілаў:
Вырашыўшы вырошчваць абляпіху ў сябе на ўчастку, аддайце перавагу гатункам з буйнымі ягадамі і сухім адрывам.
Збірайце ягады ў пачатку паспявання, калі яны ўжо набылі жоўтую або чырвона-аранжавую афарбоўку, але яшчэ не страцілі пругкасці. Пераспеўшы, яны становяцца мяккімі і пры зрыванні расціскаюцца.
Выкарыстоўвайце прыстасаванні і прылады для хуткага збору пладоў у выглядзе грабянцоў для счэсвання, пяцелек, U-падобных шпілек і т. п.
«Сляпы» адбор
Самы просты і «грубы» спосаб — акуратна зрэзаць з дрэва пладовыя галінкі, каб затым без клопатаў дома абабраць па ягадцы ўручную. Аднак, нягледзячы на ўсе складанасці ўборкі абляпіхі, абломваць галіны ні ў якім разе нельга, за выключэннем зрэзкі сляпых пачаткаў і галін з пладамі, якія растуць унутры кроны. На гэтых кароткіх галінках, якія не маюць прыростаў на верхавіне і амаль цалкам пакрыты пладамі, у асобных гатункаў знаходзіцца да 30% ураджаю. Іх зразаюць секатарам і ўкладваюць у латок, а затым уручную абіраюць плады.
Плоданашэнне абляпіхі пачынаецца на трэці—чацвёрты год пасля пасадкі. Калі вашы дрэўцы развіваюцца дрэнна, магчыма, вы перашчыравалі з апрацоўкай глебы і пашкодзілі карэньчыкі, якія залягаюць блізка да паверхні. Каб не нашкодзіць сваёй абляпісе, рыхліце глебу вакол дрэва не глыбей за 5 см!
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/ekanomika-0
[2] https://zviazda.by/be/selskaya-gaspadarka
[3] https://zviazda.by/be/tags/uradzhay
[4] https://zviazda.by/be/tags/uborka
[5] https://zviazda.by/be/tags/ablyapiha