На востраў Мадэйра падапечныя Уладзіміра Жураўля ехалі з выдатным настроем. У актыве ў «бела-сініх» была ўпэўненая хатняя перамога над партугальскім «Насьяналам», а самае галоўнае — нядрэнная гульнявая форма. Усё гэта дазваляла дынамаўцам разлічваць на яшчэ адну прыгожую перамогу і першы выхад у групу Лігі Еўропы. Але пачатак гасцявога матча прымусіў іх на нейкі час забыць свае амбіцыі. Але толькі на час...
На старце першага тайма сітуацыю на полі кантралявалі партугальцы. Дзеянні мінчан здаваліся трохі хаатычнымі і не зусім лагічнымі. У адным з такіх момантаў неакуратная гульня Сяргея Паліцевіча дазволіла саперніку стварыць момант — і «Насьянал» адкрыў лік. Але радасць партугальцаў доўжылася нядоўга: праз лічаныя хвіліны Ігар Стасевіч выканаў выдатную перадачу на Чыгозі Удоджы, і нігерыец параўняў лік на табло. Такая ж камбінацыя пасля прайшла і праз Слабадана Сімавіча... У выніку на перапынак «бела-сінія» пайшлі з перавагай у адзін мяч.
Зразумела, у другім тайме гаспадары прадоўжылі ісці наперад і шукаць шчасця каля варот Аляксандра Гутара. Але нават зраўняўшы лік, сваю задачу партугальцы не вырашылі. «Насьяналу» трэба было забіваць яшчэ два мячы, і час дазваляў на гэта разлічваць... Тым не менш тлустую кропку ў гэтай сустрэчы паставіў усё той жа Удоджы. І зноў галавой, як і ў першым выпадку. На табло свяціліся прыемныя лічбы — 3:2.
Ужо праз некалькі тыдняў мінскае «Дынама» правядзе першы групавы матч у Лізе Еўропы. А гэта значыць, што на «Барысаў-Арэну» зноў прыедзе топавы еўрапейскі клуб. Дзве беларускія каманды — у Еўракубках! Вось вам і слабы чэмпіянат, вось вам і пустая крытыка... Можам жа!
Уладзімір ЖУРАВЕЛЬ (галоўны трэнер мінскага «Дынама»):
— Гэта адзін з самых шчаслівых дзён у маім жыцці. Гэта падобна на казку! «Насьянал» гуляў добра, але менавіта мы завяршылі гэты матч перамогай. На пачатку сустрэчы крыху хваляваўся, але ў выніку ўсё склалася добра.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/sport
[2] https://zviazda.by/be/sport-0
[3] https://zviazda.by/be/tags/sport
[4] https://zviazda.by/be/tags/futbol
[5] https://zviazda.by/be/tags/dynama