Са школьных гадоў мы ведаем, што прырода не абдзяліла вадой Беларусь. Больш за ўсіх пашанцавала Віцебскай і Гродзенскай абласцям, у меншай ступені воднымі рэсурсамі забяспечаны поўдзень краіны. А ўсяго ў Беларусі пастаянна дзейнічаюць 25 тысяч водазаборных свідравін, з якіх штогод здабываецца больш за 800 мільёнаў тон вады! Што і казаць, лічба астранамічная. Аднак пры гэтым важна не толькі тое, колькі вады можа даць за суткі свідравіна, але і якасць галоўнага прыроднага рэсурсу...
— Якасць вады, здабытай з падземных крыніц, у большасці выпадкаў адпавядае існуючым санітарным нормам, — канстатуе начальнік упраўлення рэгулявання ўздзеяння на атмасфернае паветра і водныя рэсурсы Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Сяргей Заўялаў. — Аднак пры гэтым у ёй па-ранейшаму адзначаецца павышаная колькасць жалеза, марганцу, бору... Асабліва гэта актуальна для Палесся. Зрэшты, гэтыя кампаненты маюць прыроднае паходжанне. Чаго не скажаш пра хром, свінец і цынк, якія трапляюць у ваду разам са сцёкамі з прамысловых аб'ектаў. Як прыклад, прэсныя падземныя воды імкліва забруджваюцца менавіта ў Салігорскім раёне.
Непакояць эколагаў і сельскагаспадарчыя прадпрыемствы. Дзейнасць жывёла- і птушкагадоўчых фермаў, складоў мінеральных угнаенняў і іх выкарыстанне дрэнна адбіваюцца на становішчы грунтовых вод. Канцэнтрацыя небяспечных рэчываў рэгіструецца ў іх на глыбіні да шаснаццаці метраў.
Яшчэ больш негатыўна ўплывае дзейнасць чалавека на стан паверхневых вод. Асабліва гэта датычыцца басейнаў Дняпра і Заходняга Буга. Часцей за ўсё «парушальнікамі спакою» становяцца азот, фосфар і арганічныя рэчывы. Менавіта таму дагэтуль рубам стаіць пытанне якаснай ачысткі прамысловых сцёкавых вод. Справа ў тым, што тры чвэрці існуючых камунальных ачышчальных збудаванняў былі ўзведзены трыццаць-сорак гад таму. Па тагачасных тэхналогіях яны адпавядалі санітарным нормам, аднак навукоўцы паспелі распрацаваць больш эфектыўныя метады ачысткі вады. Да таго ж старыя сістэмы фізічна зношаны і таму патрабуюць рэканструкцыі. А на тэрыторыях прадпрыемстваў дагэтуль складзіруюцца асадкі, якія ўтрымліваюць цяжкія металы. Таму не дзіўна, што ад забруджаных сцёкавых вод больш за ўсіх церпяць рэкі, якія працякаюць праз буйныя прамысловыя гарады. Гэта і Свіслач ніжэй за Мінск, і Нёман ніжэй за Гродна, і Бярэзіна ніжэй за Бабруйск... А Дняпро мае ажно дзве праблемныя кропкі — ніжэй за Магілёў і Рэчыцу.
Валяр'ян ШКЛЕННІК
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/valyaryan-shklennik
[2] https://zviazda.by/be/ekanomika
[3] https://zviazda.by/be/ekanomika-0
[4] https://zviazda.by/be/tags/vada
[5] https://zviazda.by/be/tags/yakasc
[6] https://zviazda.by/be/tags/vodnyya-resursy
[7] https://zviazda.by/be/tags/syargey-zauyalau