3 мільярды беларускіх рублёў — такую планку ахвяраванняў перасягнуў нядаўна дабрачынны інтэрнэт-аўкцыён сустрэч «МаеСэнс».
[3]Заснаваны напрыканцы 2011 года беларускімі студэнтамі-праграмістамі Дзянісам Кандратовічам і Міхасём Карпіцкім, сацыяльны інтэрнэт-праект прадставіў новы і вельмі дзейсны падыход да дабрачыннасці. Маладыя людзі (а на сайце www.maesens.by [4] зарэгістравана ўжо больш як 60 тысяч чалавек з розных куткоў краіны) выстаўляюць на аўкцыён у якасці лота... саміх сябе — свой час, веды, захапленні і цікавы вопыт, якім яны гатовы абмяняцца з іншымі. Ахвотна далучаюцца да праекта і вядомыя персоны — свае кандыдатуры для эксклюзіўных сустрэч прапаноўвалі артысты Аляксандр Саладуха і Ларыса Грыбалёва, музычныя гурты «Без білета» і «Топлес», алімпійская віцэ-чэмпіёнка Аляксандра Герасіменя, тэлевядучыя Дзяніс Кур'ян і Алесь Мухін, бізнесмены Юрый Зісер, Аляксандр Кныровіч і многія іншыя. Такім чынам у скарбонку ўдзельнікаў праекта трапляюць новыя знаёмствы, а на дабрачынныя рахункі — грашовыя сродкі, якія штомесяц ідуць на дапамогу дзіцячым дамам, сацыяльным прытулкам, дабрачынным фондам і арганізацыям, медыцынскім установам і канкрэтным дзецям, якія маюць патрэбу ў аператыўным лячэнні і рэабілітацыі, і г.д. Пры тым кожны карыстальнік, які ініцыюе сустрэчу, сам можа выбіраць, на які адрас пойдуць грошы ад яго «продажу».
Дзякуючы такому крэатыўнаму падыходу інтэрнэт-аўкцыён сустрэч «МаеСэнс» пералічыў на дабрачыннасць ужо больш як 3 мільярды беларускіх рублёў. І гэта, запэўніваюць стваральнікі праекта, далёка не мяжа: «Падтрымка іншых людзей у цяжкія часы — гэта самае важнае. Але мы можам яшчэ больш і не будзем спыняцца, бо гэта сапраўды мае сэнс!».
Вікторыя ЗАХАРАВА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/kaleydaskop
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva-0
[3] http://zviazda.by/wp-content/uploads/2014/07/125.jpg
[4] https://zviazda.by/be/www.maesens.by
[5] https://zviazda.by/be/tags/viktoryya-zaharava
[6] https://zviazda.by/be/tags/maesens
[7] https://zviazda.by/be/tags/ahvyaravanni
[8] https://zviazda.by/be/tags/aukcyyon