Умацаванне бяспекі дзяржавы — працэс бесперапынны
Учора на ўрачыстай цырымоніі ў Палацы Незалежнасці Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ўручыў генеральскія пагоны вышэйшаму афіцэрскаму саставу — прадстаўнікам Узброеных Сіл, МУС, Пагранічнага і Следчага камітэтаў, пракуратуры.
Пагоны генерал-маёра ўручаны Уладзіміру Арчакову, Сяргею Новікаву, Сяргею Трусу, Сяргею Сіманенку, Сяргею Хаменку і Ігару Буткевічу. Аляксандру Кобрусеву ўручаны пагоны генерал-маёра міліцыі. Пагоны генерал-маёра юстыцыі кіраўнік дзяржавы ўручыў Іосіфу Ляонку і Аляксандру Ракусаву. Акрамя таго, класны чын дзяржаўнага саветніка юстыцыі 3‑га класа прысвоены намесніку генеральнага пракурора Аляксандру Лашыну і пракурору Віцебскай вобласці Генадзю Дыско. Кіраўнік дзяржавы таксама ўручыў спецыяльныя лісты аб аб'яўленні падзякі Прэзідэнта Беларусі выпускнікам, якія скончылі ваенныя навучальныя ўстановы з адзнакай і залатым медалём, паведамляе БЕЛТА.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў сімвалізм таго факта, што на цырымоніі прысутнічалі не толькі выпускнікі ваенных ВНУ — перспектыўныя афіцэры, але і ўмудроныя вопытам, якія атрымалі генеральскія званні. «Няхай гэта будзе не асноўнай, але вельмі важнай мэтай у вашым жыцці. Таму што генералаў у нас няшмат і стаць генералам ў Беларусі не толькі ганарова, але і вельмі адказна», — падкрэсліў беларускі лідар.
«Давайце будзем служыць так у мірны час, каб нам ніколі не прыйшлося ваяваць. Гэта галоўнае прызначэнне арміі — папярэдзіць усякую вайну», — даў наказ кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ў сучасных няпростых умовах Беларусь забяспечвае свой суверэнітэт, абапіраючыся як на ўласныя сілы, так і на ўзаемадзеянне ў Саюзнай дзяржаве, АДКБ, на сяброўскія краіны. «Мы адкрыта дэманструем ва ўсім свеце гатоўнасць і здольнасць адстойваць свае нацыянальныя інтарэсы ўсімі даступнымі спосабамі. Для гэтага ў нас створана сучасная армія, здольная адэкватна рэагаваць на знешнія і ўнутраныя пагрозы нацыянальнай бяспецы і надзейна абараняць мірную працу беларускага народа», — сказаў Прэзідэнт.
Паводле яго слоў, асабовы склад Узброеных Сіл і іншых сілавых ведамстваў валодае высокім маральным духам і аўтарытэтам у беларускім грамадстве, а нацыянальная ваенная школа дазваляе рыхтаваць ваенных спецыялістаў у інтарэсах абароны дзяржавы па ўсім спектры спецыяльнасцяў — ад тактычнага да стратэгічнага ўзроўняў кіравання. Якасць і эфектыўнасць падрыхтоўкі ў Ваеннай акадэміі прызнаны далёка за межамі Беларусі.
Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што ўмацаванне бяспекі дзяржавы — працэс бесперапынны. Пры гэтым кампетэнтнасць у сваёй вобласці, выпрацоўка ўзважаных і абгрунтаваных рашэнняў, дысцыпліна, вытрымка, асабістая адказнасць за даручаны кірунак дзейнасці былі і застаюцца асноўнымі якасцямі беларускіх афіцэраў.
Аляксандр Лукашэнка таксама акцэнтаваў увагу афіцэраў на тым, што адным з прыярытэтных кірункаў іх дзейнасці павінна стаць умацаванне ў грамадстве пачуцця патрыятызму, гатоўнасці да абароны нацыянальных інтарэсаў. «Але самае галоўнае — вам трэба будзе навучаць і выхоўваць падначаленых, якія нарадзіліся і выраслі ў суверэннай краіне», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.
«Народ Беларусі даверыў вам самае дарагое — сваю мірную сучаснасць і будучыню. Будзьце вартыя гэтага даверу», — сказаў беларускі лідар.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/palityka
[2] https://zviazda.by/be/prezident
[3] https://zviazda.by/be/tags/belarus
[4] https://zviazda.by/be/tags/uzbroenyya-sily
[5] https://zviazda.by/be/tags/byaspeka
[6] https://zviazda.by/be/tags/general