16 ліпеня 1944 года ў вызваленым Мінску адбыўся адзіны ў гісторыі Вялікай Айчыннай партызанскі парад. Як жа яны імкнуліся, яго ўдзельнікі, чаканіць крок перад імправізаванай трыбунай! Галовы горда падняты. Гонар у вачах. Пастава «ў струнку». У руках схуднелых партызан — самая разнастайная калекцыя зброі, у тым ліку ўзоры, вырабленыя ляснымі ўмельцамі. Удзельнікаў парада сустракалі з захапленнем. Усе яны былі пераможцамі. І хоць да канца вайны заставалася яшчэ дзевяць месяцаў, беларускі народ ужо святкаваў перамогу — пазбаўленне краіны ад гітлераўскай акупацыі.
[4]Сапраўды, на гэтым знакамітым парадзе ўсё было паважна і святочна. Але не абышлося без кур'ёзу. У адной з калон за кіруючым саставам атрада «Барацьба» партызанскай брыгады «Народныя мсціўцы» ішоў... сівабароды казёл у фуражцы нямецкага афіцэра. Выглядаў ён даволі забаўна: на грудзях «красаваліся» фашысцкія ордэны і медалі, на левым боку вісела ракетніца, на правым — санітарная сумка. Завяршалі вобраз вялікія акуляры. Прыбранае парнакапытнае зняла тады ваенная кінахроніка, дзякуючы чаму рагаты ўдзельнік парада трапіў у гісторыю, як гаворыцца, на стагоддзі.
Чаму ўсё ж такі жывёла з'явілася падчас гэтай гістарычнай падзеі? Навошта, ды і наогул, хто прыдумаў гэты «ход... казлом»? У пошуках адказаў на гэтыя пытанні даводзілася чуць самыя неверагодныя гісторыі. У тым ліку, што, маўляў, казёл быў «прапісаны ў сцэнарыі» як сімвал зрынутага фашызму ў Беларусі.
Усе кропкі над «і» ў свой час дапамог мне расставіць Аляксей Філатаў, чалавек-легенда, без усялякага перабольшання. З 1938 года ён знаходзіўся ў радах Чырвонай Арміі. У верасні 1939-га, ужо афіцэрам, ён вызваляў Заходнюю Беларусь, затым ваяваў з фінамі, на Карэльскім перашыйку, удзельнічаў у прарыве лініі Манергейма і авалоданні Выбаргам. У гады Вялікай Айчыннай ён прымаў актыўны ўдзел у партызанскім руху, быў камандзірам партызанскага атрада «Барацьба». Таго самага, якому было даверана адкрыць знакаміты парад у складзе партызанскай брыгады «Народныя мсціўцы» імя Васіля Варанянскага.
Паводле ўспамінаў Аляксея Філатава, з'явіўся казёл у партызанскім атрадзе «Барацьба» восенню 1943 года пасля разгрому нямецкага гарнізона на чыгуначнай станцыі Куранец. Тады партызаны знішчылі больш за 150 паліцаяў і фашыстаў, электрастанцыю, склад гаручага, будынак паліцэйскай управы і жандармерыі. Дасталіся ім і добрыя трафеі: матацыклы, аўтамабілі, зброя і боепрыпасы. Там жа апынуўся і бяздомны худы казёл, якога партызаны забралі з сабой у лес і паставілі на забеспячэнне. Кармілі жывёлу тым, што елі самі. Неўзабаве Малы (так назвалі казла) стаў усеагульным улюбёнцам партызан.
Свой хлеб казёл адпрацоўваў сумленна. Нароўні са сваімі апекунамі ён удзельнічаў у баявых аперацыях. Пад агнём у адкрытую ён заўсёды ішоў за санінструктарам, пераносячы на баку санітарную сумку з медыкаментамі. Як сапраўдны «баявы сябар» Малы ўдзельнічаў у прарыве блакады брыгады «Народныя мсціўцы», а пазней, як высветлілася, і ў партызанскім парадзе ў Мінску. Хадзілі яшчэ легенды, што быццам партызаны выменьвалі на прыручанага казла ў насельніцтва зброю і харч, а ён усё роўна потым уцякаў і вяртаўся да лясных салдат.
Па ўспамінах Аляксея Мацвеевіча, брыгада «Народныя мсціўцы», у склад якой уваходзіў атрад Філатава, прыбыла ў сталіцу за пяць дзён да пачатку партызанскага парада. Трэніроўкі з раніцы да вечара праходзілі ў раёне цаглянага завода. З прычыны таго, што атрад Філатава на трэць складаўся з салдат-акружэнцаў і ў страявым плане яны выглядалі лепш за іншых, было прынята рашэнне менавіта атраду «Барацьба» адкрыць партызанскі парад. Натуральна, ні камандзір Аляксей Філатаў, ні камісар атрада Васіль Маннікаў не збіраліся ставіць у строй упёртае парнакапытнае. Больш за тое, калі б яны ведалі, што на гэтым падзейным мерапрыемстве здарыцца вось такі «ход... казлом», несумненна, катэгарычна забаранілі б гэта рабіць сваім падначаленым. А Малога без дазволу ўзялі з сабой радавыя партызаны. І, магчыма, прыбраная жывёла прайшла б у параднай калоне нікім незаўважанай (казла вялі на павадку), калі б не выпадковае здарэнне.
Паводле слоў Філатава, падчас руху параднага строю адбылася невялікая затрымка. Скарыстаўшыся гэтым, казёл вырваў з рук ардынарца першага ўзвода ланцужок і выбег наперад атрада. Дарэчы, у Малога, у яго казлінай натуры, была такая асаблівасць: ён ніколі не любіў хадзіць ззаду. Вось і на парадзе ён не захацеў быць на «іншых ролях». Жывёла стала наперадзе строю, заняўшы месца адразу за камандаваннем атрада. І што дзіўна, ішоў ён з партызанамі нага ў нагу. І адразу сярод гледачоў пракацілася хваля вясёлага ажыўлення. «Усе чамусьці вырашылі, што казёл сімвалізуе дурнога і ўпартага фашыста. А насамрэч яго прысутнасць падкрэслівала вясёлы дух партызан, якія перамаглі гітлераўскіх акупантаў».
І якраз гэты момант здолеў зняць ваенны аператар, які, напэўна, быў здзіўлены, убачыўшы такую карціну. Дарэчы, дзякуючы Малому сам камандзір атрада Аляксей Філатаў разам з камісарам Васілём Маннікавым былі захаваны для гісторыі невядомым кінааператарам. Цяпер гэтыя кадры кінахронікі захоўваюцца ў фондзе Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны як памяць аб гістарычнай падзеі.
Пасля парада партызан атрад «Барацьба» быў расфарміраваны, а яго камандзіра Аляксея Філатава накіравалі на партыйную працу ў Барысаў. У горадзе на Бярэзіне Аляксей Мацвеевіч працаваў больш за сорак гадоў, актыўна ўдзельнічаў у патрыятычным выхаванні моладзі. За доблесць і мужнасць, праяўленыя ў партызанскай барацьбе, ён быў узнагароджаны ордэнамі Чырвонага Сцяга, Айчыннай вайны І і ІІ ступені, медалямі «За адвагу», «За баявыя заслугі», «Партызану Вялікай Айчыннай вайны» І ступені і інш. Памёр Аляксей Мацвеевіч ва ўзросце 97 гадоў, пражыўшы нялёгкае, але незвычайнае жыццё.
Мікалай Макарэвіч. Фота з архіва аўтара.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/gazeta
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/gramadstva-0
[4] http://zviazda.by/wp-content/uploads/2014/07/416.png
[5] https://zviazda.by/be/tags/partyzany
[6] https://zviazda.by/be/tags/partyzanski-parad
[7] https://zviazda.by/be/tags/peramoga
[8] https://zviazda.by/be/tags/baracba