Унук генерал-маёра Івана Лазарэнкі збіраецца напісаць кнігу аб невядомых старонках жыцця свайго гераічнага дзеда
Прозвішчам гэтага палкаводца названы вуліцы і скверы ў розных гарадах. Яго ведаюць як мужнага і бескампраміснага чалавека, але амаль 70 гадоў ён па дакументах лічыўся здраднікам. І толькі дзякуючы ўнуку, чатыры гады таму Вярхоўны суд Расіі рэабілітаваў гэтага героя.
[4]На думку Рыгора Лаза-рэнкі, дзед яго трапіў у гэтыя жорны толькі таму, што камусьці проста трэба было неяк апраўдаць тыя паражэнні Чырвонай Арміі, якія яна несла на пачатку вайны. І кніга, якую ён збіраецца выдаць, стане сапраўднай споведдзю чалавека, перажыўшага жорсткія выпрабаванні. У яе ўвойдуць копіі дакументаў, успаміны відавочцаў, рэдкія фотаздымкі — усё тое, што ўдалося сабраць нашчадкам Івана Лазарэнкі за некалькі дзясяткаў гадоў. Аб тым, чаго каштавала змыць ганьбу з імені генерала, наша размова з Рыгорам Рыгоравічам Лазарэнкам.
Кампетэнтна
У 1941 годзе Іван Лазарэнка, адзін з абаронцаў Брэсцкай крэпасці, трапіў у спіс генералаў, якіх абвінавацілі ў разгубленасці і бяздзейнасці ў першыя хвіліны вайны. Удзельнік 4 войнаў, поўны Георгіеўскі кавалер, быў пазбаўлены звання і ўсіх узнагарод і прыгавораны да расстрэлу. І толькі ў апошні момант вышэйшую меру пакарання замянілі на 10 гадоў лагераў. Але праз год з лішнім, калі пад Ржэвам трэба было прарваць нямецкую абарону, Сталін сам успомніў пра разжалаванага генерала і патрабаваў адправіць яго на фронт. Таленавіты палкаводзец хутка вярнуў свае рэгаліі, але дажыць да Перамогі яму не было суджана: у чэрвені 1944 года ён загінуў падчас прарыву абароны праціўніка на падыходах да Магілёва. У тым жа 44-м яму было пасмяротна прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.
Сын
Рыгор Іванавіч Лазарэнка рана страціў маці і з 7 гадоў знаходзіўся на выхаванні бацькі. Да таго самага часу, пакуль не паступіў у Арлоўскае танкавае вучылішча. У фінскую вайну сын і бацька ўжо ваявалі разам. Як і ў 1941-м, калі пачалася Вялікая Айчынная вайна. Старэйшаму Лазарэнку было 45 гадоў, малодшаму — 26. Адзін — бывалы генерал-маёр, другі — малады начальнік штаба танкавага батальёна. Калі бацьку арыштавалі, сына прымушалі адрачыся ад яго. Не зламацца дапамог палкоўнік штаба бранятанкавых войскаў Рыгор Клейн, якога Іван Лазарэнка да вайны выратаваў ад расстрэлу. Рыгор Іванавіч сустрэў яго на парадзе 7 лістапада 1941 года — напярэдадні наступальнай аперацыі пад Масквой. І той употай паведаміў: «Нікому не вер, твайго бацьку не расстралялі».
Ад бацькі, як і ад яго прозвішча, сын не адрокся. І да 1944 года не атрымаў ні адной узнагароды, акрамя медаля «За абарону Масквы». Затое пасля гераічнай гібелі генерала за няпоўны год яму ўручылі адразу 5 ордэнаў, не лічачы медалёў. Калі ён паспрабаваў вярнуць бацькоўскія ўзнагароды, яго наогул не прызналі сынам генерала. Прыйшлося яшчэ даказваць і сваё сваяцтва. У дамашнім архіве ўнука захаваўся цікавы дакумент з радзімы яго дзеда — пацвярджэнне Валаконаўскага раённага Савета народных дэпутатаў у тым, што Іван Сідаравіч і Рыгор Іванавіч — сапраўды бацька і сын.
Пасля вайны сын спрабаваў вярнуць бацьку добрае імя. Нават скончыў гістфак, каб прафесійна разабрацца ў пытанні. Пасля дэмабілізацыі выкладаў у Магілёве гісторыю, працаваў у школах №2 і №12. Ён ведаў вайну не па кніжках, але менавіта гэтая тэма заставалася для яго самай цяжкай. Калі музей Брэсцкай крэпасці збіраў матэрыял аб яе абаронцах, яго ўспаміны таксама запісалі. Але яны не былі надрукаваны.
Унук
У Магілёве Рыгора Рыгоравіча Лазарэнку ведаюць як добрага хірурга, намесніка ўрача гарадской бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі, але мала хто — як унука знакамітага генерала. Ён не пайшоў па слядах дзеда і бацькі, але прызванне ратаваць людзей, напэўна, у іх сямейнае. А яшчэ — пачуццё справядлівасці і прыстойнасці.
— Чым больш знаходзіш фактаў, якія пацвярджаюць, як несправядліва абышліся з дзедам, тым цяжэй робіцца на душы, — прызнаецца ён. — Ці магчыма такое сумленнае служэнне Айчыне? Пасля ўсяго, што яму прыйшлося перажыць, ён застаўся верны прысязе і Радзіме, а вось савецкія гісторыкі пабаяліся напісаць праўду аб ім. Сяргей Смірноў, аўтар кнігі «Гераічная абарона Брэсцкай крэпасці», шчыра сказаў майму бацьку: «Калі я напішу, як было на самой справе, кніга ў свет не выйдзе». Але я ўсё роўна яго паважаю ўжо толькі за тое, што ён закрануў тэму Брэсцкай крэпасці. Пра яе доўгі час баяліся пісаць. Сталін і яго кіраўніцтва лічылі, што там былі спрэч адны здраднікі.
Тое, што Іван Лазарэнка — шчыры і мужны чалавек, унук ведаў заўсёды. Але вакол яго імені чамусьці заўсёды было шмат хлусні. Пачынаючы з Брэсцкай крэпасці і заканчваючы смерцю.
— Я размаўляў са сведкам гібелі дзеда — Яўгенам Раманавым, салдатам з яго аховы, — распавядае суразмоўца. — Некаторыя і цяпер лічаць, што ў «Віліс», у якім ехаў Лазарэнка, трапіў снарад. Гэта не так. Іван Сідаравіч загінуў як сапраўдны воін, каля гарматы. Пасля вызвалення Чавусаў яго дывізія працягвала імклівае наступленне. Адзін з батальёнаў трапіў у нямецкую засаду. Гукі стрэлаў блізкага бою камдыў пачуў, калі размаўляў з мясцовымі наконт броду цераз Расту. Разам з Раманавым яны ўскочылі ў машыну і панесліся ў той бок. Прыкладна за кіламетр ад вёскі Халмы ўбачылі напалову выбіты артылерыйскі разлік. Лазарэнка замяніў параненага наводчыка, а Раманаў падаваў боепрыпасы, пакуль у гармату не трапіў нямецкі снарад. Камдыў загінуў, а Раманаву адарвала руку.
У пастцы
Брэсцкая крэпасць была пабудавана ў пачатку ХІХ стагоддзя і ў тыя гады лічылася вельмі магутным абарончым збудаваннем. Але ў 1941-м у якасці стратэгічнага пункта яна сур'ёзнай перашкоды для ворага ўжо не прадстаўляла. Паміж сабой ваенныя называлі яе «пастка». У ёй маглі размясціцца некалькі тысяч чалавек, але, каб вывесці іх адначасова, спатрэбілася б шмат часу. Цярэспальскія і Паўночныя вароты выходзілі на мяжу і знаходзіліся ў полі зроку непрыяцеля. Вядома, што яшчэ напярэдадні вайны Іван Лазарэнка звяртаўся да камандуючага 4-й арміяй генерал-маёра Аляксандра Карабкова з прапановай зрабіць два дадатковыя выхады з супрацьлеглага боку крэпасці. Але яны так і не з'явіліся. І чырвонаармейцы падчас вайны апынуліся ў пастцы.
— Каля 4 тысяч салдат выратаваў Іван Сідаравіч, — спасылаецца на архіўныя факты Рыгор Рыгоравіч. — З «Бутыркі» ён пісаў маршалу Сямёну Цімашэнку, што асабіста выводзіў з крэпасці разрозненыя часці 3, 4 і 10 армій. Аб гэтым гаворыцца і ў першых данясеннях камандуючага 28-м стралковым корпусам, генерал-маёра Васіля Папова і Аляксандра Карабкова, якога расстралялі. Такі факт ёсць і ў кнізе Смірнова «Гераічная абарона Брэсцкай крэпасці». Толькі вось імя ратавальніка там замоўчваецца. А яшчэ Іван Сідаравіч арганізаваў абарону чыгуначнага вакзала, па значнасці не менш важнага аб'екта, чым Брэсцкая крэпасць. Ён паспеў адправіць састаў з раненымі і сем'ямі каманднага складу. Такі факт у Смірнова таксама ёсць, але без удакладнення, хто гэта зрабіў.
Памілаваны, але не рэабілітаваны
Сын генерала Лазарэнкі так і памёр, не даведаўшыся пра тое, што Івана Сідаравіча не рэабілітавалі. Нават думка аб тым, што здрадніку маглі даць званне Героя Савецкага Саюза, здавалася крамольнай.
— Я сам даведаўся аб гэтым толькі ў 2005 годзе, калі пачытаў кнігі Віктара Суворава «Бяру свае словы назад» і ваеннага юрыста Вячаслава Звягінцава «Вайна на вагах Феміды», — прызнаецца Рыгор Рыгоравіч. — Яны мне падказалі, куды я павінен пісаць і як. Перапіска цягнулася каля 2 гадоў. А ў студзені 2010 года з Масквы прыйшла тэлеграма з запрашэннем на пасяджэнне Вярхоўнага суда.
24 лютага Вярхоўны суд Расійскай Федэрацыі адмяніў рашэнне Ваеннай калегіі Вярхоўнага Суда СССР ад 17 верасня 1941 года і рэабілітаваў Івана Лазарэнку. Было прызнана, што дзеянні камандзіра 42-й стралковай дывізіі «не ўваходзілі ў супярэчнасць з патрабаваннямі кіруючых дакументаў, якія існавалі ў той момант, і адпавядалі абстаноўцы і атрыманым ад штаба корпуса загадам».
Але толькі праз паўтара года пасля суда ўнуку дазволілі азнаёміцца з часткай асабістай справы Івана Лазарэнкі. Грыф сакрэтнасці цалкам пакуль яшчэ з яе не зняты.
— Я вельмі ўдзячны работнікам Міністэрства абароны РФ, якія дапамаглі атрымаць мне дазвол на работу ў архіве Мінабароны Падольска, — кажа Рыгор Рыгоравіч. — Калі я прыехаў туды ў першы раз, мяне выслухалі, але працаваць з дакументамі не далі. Гэтак жа было і з Цэнтральным архівам ФСБ. Толькі пасля ўмяшання міністэрства забарону знялі.
Для Рыгора Рыгоравіча ўстанавіць гістарычную справядлівасць абароны Брэсцкай крэпасці справа не толькі прынцыпу — гонару. Кожны год ён прыязджае сюды, каб паспрабаваць аднавіць хроніку тых падзей. Быў ён тут і на прэм'еры фільма «Брэсцкая крэпасць», які якраз выйшаў на экраны ў той год, калі рэабілітавалі яго дзеда. І тое, што стваральнікі фільма гэтага не ўлічылі, вельмі балюча адгукнулася ў душы. Быццам нехта зноў паставіў на дзеда кляймо.
Лёд крануўся...
Калі 7 мая 2010 года ў «Известиях» з'явіўся матэрыял Барыса Кліна «Брэсцкай крэпасці вярнулі камандзіра», унук Івана Лазарэнкі, як кажуць, прачнуўся раніцай знакамітым. У яго адрас ішлі пісьмы са словамі падтрымкі, віншаваннямі з Сярэдняй Азіі, Урала. Знайшліся нават сваякі, аб якіх ён не ведаў. Нядаўна яны прыязджалі на адкрыццё памятнага знака на месцы гібелі генерала, які ўсталяваны па ініцыятыве ўнука за прыватныя грошы.
Пляменніца генерала Раіса Чыркова ўспамінала аб тым, якім чулым і справядлівым быў яе дзядзька. Яна прывезла з яго радзімы жменьку зямлі, каб пакласці на магілу.
Помнік вырашана было паставіць каля дарогі, за 800 метраў ад месца апошняга бою. З яго на нас глядзяць уважлівыя вочы чалавека ў ваеннай гімнасцёрцы. На грудзях у яго няма ніякіх узнагарод. Ордэн Айчыннай вайны за ўзяцце горада Жыздр Калужскай вобласці і медаль «За абарону Сталінграда» яшчэ наперадзе. А тыя ўзнагароды, якія ў разжалаванага генерала забралі ў 1941-м, яму так і не вярнулі.
Усё, што засталося ўнуку ў спадчыну ад мужнага дзеда, — гэта брытва, сярэбраны рубель 1924 года, рэмень і гадзіннік «Амега», які Івану Лазарэнку падараваў у Іспаніі камандуючы арміяй «Эбро» палкоўнік Хуана Мадэста. Яго ўразіла, як Іван Сідаравіч асабіста вадзіў кавалерыйскую брыгаду ў атаку. Ён быў жывым прыкладам самаахвярнасці і стойкасці. І гэта, як тую ж узнагароду, нельга адабраць.
Нэлі ЗІГУЛЯ. Фота аўтара.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/gazeta
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/gramadstva-0
[4] http://zviazda.by/wp-content/uploads/2014/07/324.png
[5] https://zviazda.by/be/tags/bresckaya-krepasc
[6] https://zviazda.by/be/tags/ivan-lazarenka
[7] https://zviazda.by/be/tags/general
[8] https://zviazda.by/be/tags/abaronca