Як дзве студэнткі спалучалі ў замежжы адпачынак, працу і самаадукацыю
Не баючыся перамен і рызыкі, моладзь пераадольвае «сілу цяжару» ўласнай зоны камфорту і адпраўляецца пазнаваць не толькі свет, але і свае магчымасці. Выхаваць самастойнасць, фінансавую незалежнасць ад бацькоў, удасканаліць валоданне замежнай мовы, навучыцца прымаць адказныя рашэнні і яшчэ мноства прычын могуць пералічыць тыя беларускія студэнты, якія падчас летніх канікул паехалі працаваць за мяжу. Дзве студэнткі беларускіх ВНУ падзяліліся сваім досведам пра тое, як можна атрымаць мільён незабыўных уражанняў.
Гісторыя першая. Геалакацыя — Германія
Ірына Клепікава, студэнтка Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта, свой першы крок да самастойнасці зрабіла ў 19 гадоў. Пазалетась дзяўчына адважылася ўладкавацца на працу ў нямецкім Мюнхене. І гэтая спроба аказалася сапраўды ўдалай і незабыўнай.
— Ехаць у Германію я збіралася не адна, а са сваім добрым сябрам. Нам абаім вельмі падабалася нямецкая мова, вучыць якую мы пачалі толькі ва ўніверсітэце. Спачатку была прапанова паехаць туды на летнія курсы, каб удасканаліць валоданне замежнай мовай. Аднак пасля нашы інтарэсы разышліся, падрыхтоўка «згасла», але ідэя паехаць у Германію засталася.
Адчуваючы моцную прагу самастойнасці, Ірына вырашыла знайсці сабе занятак на лета таксама самастойна. Праз інтэрнэт яна пазнаёмілася з дзяўчынай, якая ўжо неаднойчы дапамагала ўладкоўвацца беларускім студэнтам за мяжой. Тая (вядома, за пэўную грашовую ўзнагароду) аформіла ўсе належныя дакументы, знайшла жытло — словам, цалкам забяспечыла камфортнае і, што важна, законнае працаўладкаванне Ірыны ў Мюнхене.
— Бацькі, зразумела, вельмі хваляваліся, але не ўспрымалі маё рашэнне ўсур'ёз. Напэўна, толькі калі надышоў час ляцець у Германію, яны ўсвядомілі, што я не жартавала. Я ж хацела праверыць сваю вытрымку: на што здольная, калі за плячыма няма надзейнага бацькоўскага тылу.
Працаваць Ірыне давялося на прадпрыемстве, якое абслугоўвала вялікую мюнхенскую клініку.
— Мае абавязкі заключаліся ў наступным: пасля таго, як рэчы пацыентаў мылі і высушвалі, я іх прасавала, сартавала і акуратна складвала. Хоць праца і не патрабавала асаблівай кваліфікацыі, затое аплачвалася зусім някепска. Вядома, цяжка было восем гадзін у суткі стаяць і выконваць манатонную работу. Аднак да ўсяго хутка і лёгка прывыкаеш, калі побач ветлівыя супрацоўнікі. І слушнай парадай падзеляцца, і цікавую гісторыю распавядуць, і падчас кава-паўзы смачным печывам пачастуюць.
Два летнія месяцы мы здымалі кватэру, у якой жыў беларускі студэнт, што вучыцца ў адным з універсітэтаў Мюнхена. Ён паехаў дадому на канікулы, а мы часова занялі яго месца.
— Напачатку было складана. Першыя два тыдні я нагадвала сабаку: вочы разумныя, усё разумею, а сказаць нічога не магу. Тым больш што жывая гутарка носьбітаў мовы, якую дагэтуль я вучыла ўсяго 8 месяцаў, зусім не падобная на тую, якую мы чуем у школе ці ўніверсітэце.
Што доўгае растанне з сям'ёй і радзімай выхавала ў характары будучага эканаміста?
— Безумоўна, няхай і банальна, — упэўненасць у сабе і сваіх сілах. Калі я разумею, што магу самастойна планаваць справу ад пачатку і да канца, калі сама зарабляю грошы і распараджаюся імі... Дзякуючы гэтаму мая сям'я зразумела, што мне можна давяраць сур'ёзныя рэчы. Вядома ж, я пашырыла межы ўласнага светапогляду, пакаштавала на смак навязаныя раней стэрэатыпы і зразумела, што сувязь паміж імі і сапраўднай рэчаіснасцю толькі ўмоўная.
Гісторыя другая. Геалакацыя — Іспанія
Студэнтка Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта Кацярына Лазар свой першы крок у «замежнае лета» зрабіла два гады таму. У 2012-м яна працавала ў дзіцячым летніку ў Афінах. 2013-ы пашырыў геаграфію яе дабрачыннай працы: летась дзяўчына дапамагала на раскопках старажытнага замка непадалёк ад Барселоны.
— Грошай за сваю валанцёрскую працу я не атрымала, затое змагла паўдзельнічаць у неверагодным археалагічным праекце. Нас было 28 чалавек з розных краін свету: Нарвегіі, Чэхіі, Францыі, Эстоніі, Украіны, Італіі, Расіі, Іспаніі, Тайваня. На працягу двух тыдняў з 9-й па 12-ю гадзіну мы працавалі на тэрыторыі замка пад куратарствам прафесійных археолагаў. Што мы непасрэдна рабілі? Капалі. І спасцігалі веды ў гэтай раней не знаёмай сферы. Цяпер я ведаю, што чорная кераміка — самая старажытная. Зялёная — «маладзейшая». І што працягваць раскопкі, калі за чорнай зямлёй пачаўся слой з зялёным адценнем, не мае сэнсу. Пасля чысцілі свае знаходкі, вызначалі іх узрост. Неяк наша група нават на пахаванне наткнулася, што стала тэмай для рэпартажу на іспанскім тэлебачанні.
Як Кацярына патрапіла ў лік удзельнікаў гэтага праекта? Напісала выдатны матывацыйны ліст, распавяла пра папярэдні валанцёрскі досвед, стаўшы адзінай беларускай у мультынацыянальнай камандзе валанцёраў.
— Навошта я паехала туды? Дзеля знаёмства з культурай краіны, спасціжэння ведаў у археалогіі і, безумоўна, зносін.
Праблем з апошнім пунктам у студэнткі лінгвістычнай ВНУ, якая выдатна валодае дзвюма мовамі (англійскай і іспанскай), не было ніякіх.
— Мы жылі на тэрыторыі лагера, пасля працы адпачывалі разам. Мы ігралі ў футбол з мясцовымі жыхарамі Ведрэраса, спаборнічалі ў караоке, хадзілі на вечарыны, танцавалі чачотку і ігралі на барабанах. Ледзь не кожны дзень мы ездзілі ў Барселону, знаёміліся з неверагоднай атмасферай і архітэктурай горада Гаўдзі.
Першыя ўражанні ад сустрэчы з Іспаніяй у Кацярыны таксама звязаны з хваляваннем.
— Без складанасцяў не абысціся, калі з цяжкім чамаданам даводзіцца дабірацца да незнаё-
мага месца. Дый не ўсе іспанцы ведаюць англійскую, таму пасля некалькіх спроб загаварыць на міжнароднай мове прыйшлося пераходзіць на іспанскую. Аднаму ў чужой краіне, па першым часе можа, і страшна, але пасля да ўсяго прызвычайваешся. Напрыклад, я да гэтуль не магу пазбавіцца звычкі махаць рукамі. Іспанцы вельмі эмацыянальныя, падчас размовы актыўна жэстыкулююць. І гэта лёгка перадаецца навакольным.
Кацярына за два тыдні ўдала спалучыла карысны адпачынак, працу і самаадукацыю.
Афіцыйнае пасляслоўе
Як расказалі ў дэпартаменце па грамадзянстве і міграцыі МУС Беларусі, летась каля 900 студэнтаў дасягнулі сваёй запаветнай мэты — папрацаваць за мяжой. Расія, Германія і ЗША асабліва прыйшліся даспадобы студэнтам: менавіта сюды на летнюю працу беларускія навучэнцы выязджаюць найбольш часта. Права накіроўваць іх па розных студэнцкіх праграмах за межы Беларусі маюць толькі пяць юрыдычных асоб, якія атрымалі спецыяльныя ліцэнзіі. Яны ж, згодна з Законам «Аб супрацьдзеянні гандлю людзьмі», павінны перадаваць у падраздзяленні па грамадзянстве і міграцыі інфармацыю аб грамадзянах, якія выехалі за мяжу на працу, навучанне ці для ўдзелу ў культурных, спартыўных мерапрыемствах. Гэта выступае гарантам таго, што ў выпадку канфлікту ці парушэння правоў студэнта яму дапамогуць вырашыць праблему. Такія выпадкі, калі замежны працадаўца не ў поўным аб'ёме выплачваў заробак, здараліся нярэдка. І амаль ўсе вырашаліся пасля ўмяшання ў сітуацыю ліцэнзіята.
Студэнтаў, якія плануюць ехаць на працу самастойна, у дэпартаменце папярэджваюць: існуе рызыка стаць ахвярай гандлю людзьмі. Такім грамадзянам рэкамендавана прытрымлівацца простых, але важных парад:
* паведаміць пра ад'езд не толькі сваім блізкім, але і падраздзяленню па грамадзянстве і міграцыі па месцы жыхарства;
* у Міністэрстве замежных спраў Рэспублікі Беларусь атрымаць інфармацыю пра месцазнаходжанне дыпламатычных прадстаўніцтваў ці консульскіх устаноў РБ у той краіне, куды плануецца ад'езд;
* мець з сабой копіі ўсіх дакументаў, страхоўку ад няшчасных выпадкаў і хвароб, пэўную суму грошай;
* атрымаць працоўную візу краіны працаўладкавання, выдадзеную яе дыпламатычным прадстаўніцтвам ці консульскай установай. Не трэба забываць, што турыстычная віза не дае права на часовую ці пастаянную працу.
Любоў Каспяровіч.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/gramadstva
[2] http://zviazda.by/wp-content/uploads/2014/07/10-5.jpg
[3] http://zviazda.by/wp-content/uploads/2014/07/10-4.jpg
[4] https://zviazda.by/be/tags/vnu
[5] https://zviazda.by/be/tags/germaniya-0
[6] https://zviazda.by/be/tags/ispaniya-0
[7] https://zviazda.by/be/tags/lyubou-kaspyarovich
[8] https://zviazda.by/be/tags/studenty
[9] https://zviazda.by/be/tags/zamezhzha