Мае родныя Ператокі. Дзіцячыя і юнацкія гады, якія помняцца так яскрава. Цяжкім было жыццё пры панскай Польшчы, яшчэ цяжэйшым — пад нямецкай акупацыяй. У вёсцы, як і ў другіх населеных пунктах, арганізуецца падполле для барацьбы супраць эахопнікаў. Мой бацька Андрэй Сцяпанавіч Саятэвіч быў выбраны старшынёй Ператоцкага сельскага Савета. І калі грымнула вайна, у радах Чырвонай Арміі давялося зведаць горыч адступлення на ўсход. Але ў раёне Смаленска быў вернуты ў тыл ворага для арганізацыі партызанскага руху па месцы жыхарства. Знаходзіўся на нелегальным становішчы. Звязаўся з сябрам Іванам Качановічам. Той паведаміў, што яму прапаноўвалі работу на немцаў у Залужскай воласці, а калі адмовіўся, выказалі пагрозу: «Ведаем, што працаваў на Саветы...»
Восень і зіма 1941-1942 гадоў прайшлі ў падрыхтоўцы да ўзброенай барацьбы супраць акупантаў. Актыўна дзейнічалі Качановічы, сын і бацька, таксама Іван Іванавіч, сёстры яго — Еўдакія і Марыя. У доме Качановіча збіраліся, каб слухаць радыё: звесткі з франтоў, паведамленні інфармбюро былі як глыток свежага паветра. Памятаю, якая радасць была, калі даведаліся пра разгром фашыстаў на подступах да Масквы. Калі прыёмнік сапсаваўся, то Качановіч знайшоў майстра — вядома, чалавека надзейнага. Маючы надзейны сродак інфармацыі, можна было рыхтаваць вельмі надзённыя лістоўкі.
Тады ж паўстала задача збору зброі і боепрыпасаў. Баявая вінтоўка з камплектам боепрыпасаў была знойдзена мною з сябрам Аляксандрам Мазурам. Бацька Сашы схаваў яе ў тайніку, затым яна была перададзена партызанам. Народным мсціўцам вельмі спатрэбіліся і тыя восем адзінак баявой зброі, якія знайшлі камсамольцы. Пасільную дапамогу аказвалі падпольшчыкі, усе сумленныя людзі салдатам, афіцэрам Чырвонай Арміі, якія апынуліся на акупаванай тэрыторыі. Ім давалі прытулак, забяспечвалі прадуктамі, адзеннем.
Падпольшчыкі імкнуліся скарыстаць любыя магчымасці, каб данесці праўду да аднавяскоўцаў. У красавіку 1942 года на вечарынцы патрыёты вялі гутарку сярод моладзі аб становішчы на франтах, у асцярожнай форме заклікалі да байкоту «вызваліцеляў». На другі дзень паліцаі схапілі Мікалая Коваля, Уладзіміра Кручка і Івана Турко. Дзесяць сутак іх катавалі на допытах, але нічога не даведаліся. Ужо не чакалі, што іх выпусцяць на свабоду. Але такая «дабрыня» была праяўлена толькі таму, што карнікі, рыхтуючы буйную аперацыю, палічылі за лепшае вызваліць траіх вязняў, каб потым, ведучы назіранні, арыштаваць, знішчыць значна большую колькасць людзей.
Сяльчане сабатавалі загады нямецкай адміністрацыі. А калі выходзілі на працу, то стараліся нашкодзіць ворагу. Немцы неяк падагналі да чыгуначнай каляі ў Новым Свержані платформы пад пагрузку гравію. Паабяцалі нам, прымусова працуючым пад узмоцненай аховай, што, калі хутка загрузім, раней адпусцяць дадому. Рабілася ж усё наадварот. Стваралі выгляд, што стараемся, каб тэрмінова немцы маглі даставіць груз. А на самай справе непрыкметна падсыпалі пясок у буксы вагонаў, што, зразумела, затармозіць або зусім спыніць рух. І я быў у гэтай «ударнай брыгадзе» разам з Іванам Качановічам, Мікалаем Бароўскім, Мікалаем Ковалем, Аркадзем Турам.
Ператоцкія падпольшчыкі даведаліся аб арыштах савецкага актыву сярод мясцовага насельніцтва, якія рыхтаваліся на другую палову красавіка — пачатак мая 1942 года. Намячалася арыштаваць 36 чалавек. Актывісты былі папярэджаны. Аднак, на жаль, не ўсім удалося пазбегнуць арыштаў. Пасля доўгіх катаванняў ад рук фашыстаў 2 ліпеня 1942 года загінулі старшыня калгаса Фёдар Качановіч, фінансавы агент сельсавета Андрэй Турко, брыгадзіры калгаса Уладзімір Пархімовіч і Канстанцін Мазур, камсамольцы Мікалай Бароўскі, Аркадзь Тур, Іван Турко, Аляксандр Гавака і актывіст Аляксандр Сянкевіч. Гэта быў жорсткі ўдар па падполлі, але супрацьдзеянне акупантам не спынялася, а разгаралася з новай сілай.
Аднойчы давялося суправаджаць да партызанаў беглага са стаўбцоўскага гета. Мне для тэрміновай сувязі з партызанамі быў дадзены падпольшчык з Беражнога Арсеній Бокач. Нацягнуўшы на галовы шапкі-вушанкі, каб не пазналі выпадковыя сустрэчныя, рушылі ў дарогу. Небяспечна было натрапіць на карнікаў, і таму мінулі Суднікі, Слабодку, Рудзішча. Выйшлі да лясной дарогі каля Беражнога, я завітаў да сувязнога Арсенія Бокача. Але і там нельга было начаваць, бо ў любы час маглі наляцець паліцаі. Папрасіў коўдру, каб начаваць у лесе. Нарэшце ўбачыў узброеных людзей. Там быў і мой бацька. Партызаны ўважліва выслухалі незнаёмца і ўзялі яго ў атрад. На памяць ён мне падарыў сцізорык.
Вораг быў каварны, жорсткі і бязлітасны. За нязначнае непадпарадкаванне, тым больш супраціўленне «новаму парадку» — шыбеніца, расстрэл. Пад выглядам партызан у хаты заходзілі і карнікі. І калі чулі ад каго жаданне дапамагчы і словы спагады народным мсціўцам, на месцы расстрэльвалі. Аднойчы, калі я ноччу быў дома, пачуўся моцны стук у дзверы. А ў мяне яшчэ ляжала на падаконніку граната Ф-1. Яе я трымаў на выпадак з'яўлення ворагаў. Маці з ложка падхапілася і выйшла ў сенцы. Я падумаў, што схавацца ўжо не паспею, але хутка падняў дошку і схаваў пад падлогу гранату. Сам жа лёг у ложак. Маці не спяшалася адчыняць дзверы. У дом зайшлі двое. Адзін у ваенным шынялі чырвонаармейца, другі ў цывільным прадставіліся партызанамі. Нават нібыта з аднаго атрада з маім бацькам. Маўляў, выконвалі заданне, Саятэвіч пайшоў пад Гарадзею, а яны — пад Стоўбцы. Пасля аперацыі павінны былі сустрэцца тут, каб разам ісці на базу. І тут жа пытаюць у маці: «Скажыце, дзе цяпер знаходзіцца муж і калі ён быў дома?» Маці з адказам марудзіла, сказала, што кудысьці пайшоў. А куды — і сама не ведае. Госці сталі нервавацца, спыталі, дзе сын. Маці адказала, што спіць. «Падыміце!» Задалі мне аналагічныя пытанні. Я ім адказаў так, як рэкамендавалі партызаны. Чутно было, як на гарышчы нечага шукалі, аднак у хаце вобыск не рабілі. Нічога не дабіўшыся, папярэдзілі, каб ніхто да раніцы з дому не выходзіў. Відаць, усю ноч сядзелі ў засадзе. Калі развіднела і не стала чутно «партызан», мы ўбачылі шмат слядоў, што вялі ў бок гарнізона.
У снежні 1942 года на наш хутар наляцелі карнікі. Добра, што ім не ўдалося захапіць усіх членаў сям'і. Прытрымліваючыся таго ж правіла асцярожнасці, мае родныя з'яўляліся дамоў толькі для таго, каб паесці. Мой брат Канстанцін у час налёту карнікаў знаходзіўся ў суседзяў. Паліцай, спытаўшы, ці няма тут каго з Саятэвічаў, атрымаў адмоўны адказ і пайшоў. У гэты час за печкай-стаяком знаходзіўся Косця. Дзякуючы суседзям жыццё яму было выратавана.
Маці, Ганну Лявонцьеўну, карнікі забілі на месцы, а цела забралі ў Стоўбцы. Бабулю, Антаніну Аляксандраўну, павезлі з сабой. Раніцай выклікалі з турэмнай камеры, і назад яна ўжо не вярнулася... Старэйшая сястра Сафія стала партызанкай. Непаўналетнія Аня і Канстанцін некаторы час знаходзіліся ў вёсцы Ініца ў Юшковіча. Затым у яго родзічаў, якія жылі ў Гарадзеі. Дзеці жылі нібы сваякі. І крый бог, каб хто назваў майго брата сапраўдным іменем. Неабходным стала, адольваючы небяспеку, забраць Косцю і сястрычку Аню ў партызанскі атрад. І дзецям давялося перажыць жахі акружэння, блакады. Затым мае сёстры Сафія, Аня, брат Косця былі дастаўлены самалётам з партызанскага аэрадрома ў Налібоцкай пушчы на Вялікую зямлю, за лінію фронту. Іх суправаджаў бацька, які пабываў у Цэнтральным штабе партызанскага руху. Хутка самалётам вярнуўся ў тыл ворага, дзе бяззменна камандаваў 1-м Камсамольскім атрадам. Пасля вызвалення Стаўбцоўскага раёна сёстры і брат вярнуліся на радзіму.
Іван Качановіч разам з маім бацькам Андрэем Саятэвічам, да таго як пайсці ў партызаны, вялі запісы ў блакноце. У ім ёсць звесткі аб барацьбе падпольшчыкаў, паводзінах некаторых прыслужнікаў гітлераўцаў. Іван Качановіч загінуў, і аб лёсе блакнота ніхто не ведаў. Яго знайшлі ў саламяным даху пры разборы і перавозцы будынкаў з хутара ў вёску. Неацэнную рэліквію перадалі ў музей, што знаходзіцца ў Старасвержанскай школе Стаўбцоўскага раёна. У снежні 1975 года аўтарам гэтых радкоў запісы з блакнота, якія паддаваліся чытанню, былі перапісаны. Яны часткова выкарыстаны ва ўспамінах.
Маючы дакументальныя факты, магу падкрэсліць, што жыхары вёскі Ператокі з першых дзён фашысцкай навалы актыўна ўступілі ў барацьбу з ворагам. 3 пастаянных жыхароў 34 чалавекі сталі партызанамі і сувязнымі. Тут гаворка толькі пра тых, хто атрымаў аб гэтым афіцыйныя дакументы, а дапамогу народным мсціўцам аказвалі яшчэ многія. Прозвішчы здраднікаў ва ўспамінах спецыяльна не называюцца. Няхай яны будуць забыты назаўсёды. Будучы запрошаным на юбілей, на 130-годдзе Старасвержанскай СШ, я ўручыў дырэктару школы адзін экзэмпляр кнігі ўспамінаў, дзе ўказаны прозвішчы некаторых «байцоў за новы парадак». Але лепш памятаць тых, хто гэтага заслугоўваў.
Андрэй Саятэвіч, партызан 1-га Камсамольскага атрада брыгады «Камсамолец».
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/gramadstva
[2] https://zviazda.by/be/pamyac
[3] http://zviazda.by/wp-content/uploads/2014/07/26.jpg
[4] https://zviazda.by/be/tags/vav
[5] https://zviazda.by/be/tags/vayna
[6] https://zviazda.by/be/tags/kamsamolec
[7] https://zviazda.by/be/tags/peratoki
[8] https://zviazda.by/be/tags/padpolle
[9] https://zviazda.by/be/tags/andrey-sayatevich