Міністр унутраных спраў генерал-маёр міліцыі Ігар Шуневіч сустрэўся з ветэранамі Вялікай Айчыннай вайны, каб павіншаваць іх з 70-годдзем вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і Днём Незалежнасці.
Не ўсе запрошаныя, што з'яўляліся некалі супрацоўнікамі МУС, а цяпер знаходзяцца на заслужаным адпачынку, здолелі прыйсці ў залу прыёмаў. Усё ж такі самаму малодшаму з чатырнаццаці чалавек, што прыйшлі на цырымонію ўшанавання, — 87 гадоў, старэйшаму — 97. Дарэчы, усяго ў ветэранскай арганізацыі міністэрства каля 500 чалавек.
— Традыцыйна мы ўшаноўваем і аддаём даніну павагі ўсім тым, хто забяспечыў мірнае жыццё Беларусі, — сказаў спадар Шуневіч журналістам перад пачаткам мерапрыемства. — Наша ветэранская арганізацыя прысутнічае на ўсіх значных падзеях міністэрства, а самі ветэраны па меры магчымасці бяруць удзел у выхаванні асабова саставу, дзеляцца з намі сваім вопытам і дапамагаюць быць годнымі людзьмі, адданымі служэнню сваёй Радзіме...
У сваёй прамове перад ветэранамі міністр нагадаў, што трагедыя вайны закранула кожнага чалавека. У развалінах апынулася 209 беларускіх гарадоў і гарадскіх пасёлкаў, было спалена 9 200 вёсак, многія — часткова ці цалкам з усімі жыхарамі. Загінулі 2,5 млн чалавек, сярод якіх амаль 1,5 млн — мірныя жыхары.
— За кожнай з гэтых сухіх лічбаў — чалавечыя лёс і боль, — сказаў Ігар Шуневіч. — І сёння мы схіляем галовы перад тымі, хто не вярнуўся да сваіх сем'яў... Мы ўдзячныя ўсім, хто дайшоў да Перамогі, хто тытанічнай працай ліквідаваў наступствы вайны і гітлераўскай акупацыі... Вызваленчы шлях нашай арміі па Беларусі пачаўся 23 верасня 1943 года ў раённым цэнтры Камарын і завяршыўся менш як праз год у Брэсце — гераічным горадзе, які першым прыняў на сябе ўдар вайны. У шарэнгах вызваленцаў, партызанаў, падпольшчыкаў змагаліся супрацоўнікі органаў унутраных спраў і ваеннаслужачыя ўнутраных войскаў. Кожны з вас, дарагія ветэраны, — частка багатай гераічнай гісторыі нашай краіны. Кожны з вас з'яўляецца прыкладам для цяперашняга пакалення праваахоўнікаў.
Наша сённяшняя ўрачыстая сустрэча — гэта не толькі працяг добрай традыцыі ўшанавання, магчымасць аддаць вам даніну павагі і выказаць словы глыбокай удзячнасці за бяспрыкладны подзвіг. Гэта яшчэ пацвярджэнне надзвычай важнай неабходнасці абароны маральных ідэалаў, свабоды нашай Радзімы. Многія з вас і сёння ўдзельнічаюць ва ўсіх значных мерапрыемствах органаў унутраных спраў і ўнутраных войскаў, з'яўляюцца жаданымі гасцямі ў школах, музеях. Для нас вельмі важныя вашы дапамога, парада і жыццёвая мудрасць, — падкрэсліў міністр.
Пасля завяршэння прагляду відэафільма, прысвечанага знамянальнай падзеі і падрыхтаванага супрацоўнікамі МУС, ветэранаў павіншавалі з 70-й гадавінай вызвалення краіны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і Днём Незалежнасці. Ігар Шуневіч асабіста кожнаму ўручыў юбілейны медаль. Акрамя таго, ветэраны атрымалі і па незвычайным падарунку — рэчаваму мяшку — кшталту таго, што быў у кожнага на фронце.
Святлана БАРЫСЕНКА.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/svyatlana-barysenka
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/aficyyna
[4] https://zviazda.by/be/tags/igar-shunevich
[5] https://zviazda.by/be/tags/vav
[6] https://zviazda.by/be/tags/veterany