Героі ёсць у любы час, на любой тэрыторыі, у любой сферы
Адна з найменш вывучаных тэм ваеннага перыяду гісторыі нашай краіны — тэма мытні. Мы шмат ведаем пра герояў-франтавікоў, якія служылі ў мірны час на мяжы, у міліцыі, у авіяцыі — у дзясятках важных і карысных для краіны сфер. І амаль нічога не ведаем пра людзей, чые лёсы нейкім чынам былі звязаны з мытняй.
Між тым, гісторыя паступова «дапісвае» малавывучаныя і непапулярныя старонкі, веданне якіх падаецца важным у агульнай карціне Вялікай Айчыннай вайны. Пра некаторыя з іх па нашай просьбе расказаў загадчык кафедры мытнай справы факультэта міжнародных адносін Белдзяржуніверсітэта Віктар Астрога:
—Савецкі ўрад падвяргаў мытныя органы шматлікім рэарганізацыям і перападпарадкаванням на працягу доўгіх дзесяцігоддзяў. Манаполія знешняга гандлю не дазваляла мытням БССР набраць значную вагу, што пасля адбілася на іх колькасці. Так, на 1941 год на тэрыторыі цяперашняй Беларусі служыла ўсяго 12 мытнікаў, ды і тое ў адной мытні — Брэсцкай. І гэта ў параўнанні з 20 тысячамі пагранічнікаў! Дзіўна, але ў сталіцы БССР мытню ліквідавалі яшчэ ў 1928 годзе — як непатрэбную.
Нешматлікія брэсцкія мытнікі загінулі ў чэрвені 1941‑га пры бамбёжцы крэпасці і чыгуначнага вакзала. Да гэтага часу няма дакладных звестак, ці змог нехта з іх выжыць.
Практычна адразу на акупаванай тэрыторыі паўночна-заходняй часткі БССР з'явіліся гітлераўскія мытні — нароўні з іншымі акупацыйнымі органамі. Вядома аб дзейнасці здвюх мытняў — Гродзенскай і Ваўкавыскай. Адкамандзіраваныя з Рэйха супрацоўнікі імперскай мытнай службы ўсталявалі прапускны рэжым на мяжы Усходняй Прусіі і так званай генеральнай акругі «Беларусь». Жорстка кантралявалася перасоўванне тавараў — зброя не павінна была трапіць у рукі партызанаў разам з падводамі. Для частковых функцый памежнікаў нават выкарыстоўвалі спецыяльна навучаных сабак.
Сярод асноўных функцый мытна-памежнай службы Рэйха вылучаліся адсочванне і затрыманне ўцекачоў вязняў канцлагераў і ваеннапалонных. Для зручнасці работы акупацыйных мытняў адміністрацыя канцлагераў высылала спецыяльныя вышуковыя лісты. Цікава, што беларусы ў гэтых мытнях не служылі, нягледзячы на прыклады калабарацый у іншых, не менш важных для нямецкага ўрада органах (СС, разведцы, мясцовым самакіраванні), дзе працавалі і савецкія грамадзяне. Гэта пацвярджае знойдзеная дакументацыя — выключна на нямецкай мове.
Былі ў СССР мытні, якія падчас вайны працягвалі сваю працу ў штатным парадку. Гэта тычылася неакупаваных тэрыторый Далёкага Усходу і Сярэдняй Азіі. На Поўначы СССР, у прыватнасці, у Мурманскай вобласці, дзейнічалі пераважна «жаночыя» мытні. І гэта невыпадкова — адважныя грамадзянкі працавалі за мужчын, якія пайшлі на фронт. Па паўночных марскіх шляхах для Чырвонай арміі ішлі тавары па ленд-лізу — спецыяльнай праграме дапамогі дзяржаў-саюзнікаў. Гэта была ваенная тэхніка, боепрыпасы, узбраенне, іншая маёмасць. Перад мытніцамі стаяла задача: кантраляваць транспартныя судны з таварамі. Гераізм гэтых жанчын выяўляўся ў неверагодна цяжкіх умовах службы, калі любы агляд судна мог стаць апошнім. У акваторыі каля порта суднам было цяжка манеўраваць, акрамя таго, існавала рэальная небяспека патаплення нямецкімі падлодкамі. Таму адважныя мытніцы накіроўваліся на сваіх лодках далёка ад берага і часта гінулі не толькі ад нападаў, але і ад штармавых хваляў.
Доўгі час усе казалі пра франтавікоў, якія пасля вайны прыйшлі на службу ў мытні вызваленай беларускай зямлі, але ніхто дакладна не ведаў пра мытнікаў, якія набліжалі вызваленне ў баях. Мала хто ведае, напрыклад, пра тое, што гонар беларускай партызанскай гісторыі — Аляксей Кані-
дзьевіч Флягонтаў у мінулым меў непасрэднае дачыненне да мытні. У пачатку сваёй працоўнай дзейнасці, з 1923 па 1928, Аляксей Кані-
дзьевіч служыў у мытных органах Прымор'я. Ён прайшоў шлях ад інспектара Чыцінскага мытнага ўчастка да начальніка Далёкаўсходняй мытнай акругі — Далёкаўсходняга мытнага ўпраўлення ў Хабараўску. Аднак менавіта Мінская вобласць увекавечыла імя Флягонтава — камандзіра коннага атрада «Баявы» і камандуючага партызанскай брыгадай «За Радзіму», якая дзейнічала на тэрыторыі Чэрвеньскага раёна.
Служба ў мытні практычна не згадваецца ў біяграфічных публікацыях пра Флягонтава, таму мы звярнуліся ў Чэрвеньскі раённы краязнаўчы музей па ўдакладненні. Старшы супрацоўнік музея Ірына Вабішчэвіч пацвердзіла:
—Матэрыялаў аб працы ў мытні камбрыга Флягонтава сапраўды мала, практычна няма. У асноўным згадваецца яго партыйная дзейнасць. Але бясспрэчным сведчаннем работы ў мытнай службе сталі пісьмы прыёмнага сына Флягонтава вучням нашай школы, датаваныя 1970‑мі гадамі.
Франтавы атрад «Баявы» пад камандаваннем Аляксея Флягонтава, які складаўся са 132 чалавек, быў сапраўды кавалерыйскім — з адпаведнымі знакамі адрознення. Узбраенне атрада складалі аўтаматы, процітанкавыя стрэльбы і міны. З Тарапца, пасля перасячэння лініі фронту паміж Вяліжам і Усвятамі (Віцебская вобласць) з 21 жніўня 1942 г. пачаўся паўтарамесячны рэйд атрада па беларускай зямлі. За 52 дні рэйду было пройдзена больш за 600 км, праведзена мноства баявых аперацый і дыверсій, мясцовых партызанаў яны вучылі мінна-падрыўной справе.
У Чэрвеньскім раёне Флягонтаў са згоды Цэнтральнага штаба партызанскага руху і мясцовых атрадаў стварыў пад сваім камандаваннем брыгаду «За Радзіму» — у складзе «Баявога», мясцовых атрадаў Ціхамірава, Лівенцава, Кузняцова, Філіп-
скіх і 44‑га атрада, які прыбыў з‑за лініі фронту. Брыгада праводзіла добра спланаваныя дыверсіі, налёты на гарнізоны і ўдары па камунікацыях ворага, што прымусіла фашыстаў значна скараціць рух на шашэйных дарогах Мінскай вобласці.
Загінуў Флягонтаў у адным з баёў, пасля чаго брыгада «За Радзіму» атрымала імя яе камандзіра.
З лета 1944 года, пасля вываду нямецкіх войскаў з тэрыторыі БССР, мытні пачалі аднаўляцца. Першай аднавіла сваю працу Брэсцкая мытня — у адпаведнасці са сваім усесаюзным значэннем. Следам за ёю ўключыліся ў працу Гродзенская, «Бераставіца» і Мінская. Мытні папоўніліся франтавікамі, але заставаліся малалікімі.
Праца мытнікаў у 1944–1946 гг. арыентавалася на маштабную барацьбу з кантрабандай. Кантролю падвяргаліся савецкія войскі, што накіроўваліся на Далёкі Усход. На гэта былі важкія прычыны. Некаторыя ваенныя камандзіры і начальнікі злоўжывалі сваім службовым становішчам і вывозілі трафейную маёмасць з Германіі з мэтай перапродажу. Да запоўненых вагонаў выстаўлялі вартавых — нібыта для аховы ваеннай маёмасці, якую забаронена было правяраць. Мытнікі не губляліся і па дамоўленасці з камендантам адпаведнага чыгуначнага вакзала адпраўлялі такія саставы… у тупік. Там вагоны стаялі да таго часу, пакуль іх «гаспадары» самі не здаваліся.
—Адзін генерал-маёр прыехаў з шафёрам на трафейным аўтамабілі высокапастаўленага чына з Рэйха. Дакументаў на маёмасць не было, і яго, вядома, затрымалі. Генерал вырашыў «дамагацца праўды» ў Маскве, адкуль хутка вярнуўся… палкоўнікам. Разжалаванаму генералу прыйшлося пакінуць машыну, забраць салдата і з'ехаць назад у сваю часць у Германію, — кажа Віктар Астрога.
Яшчэ адной тэндэнцыяй да 1947 года было маштабнае перамяшчэнне насельніцтва, выкліканае дэмабілізацыяй, рэпатрыяцыяй вывезеных гвалтоўна ў Германію, вяртаннем бежанцаў. Былі перамяшчэнні паміж СССР і Польшчай, калі католікі ехалі ў Польшчу, а праваслаўныя беларусы — у БССР.Мытня кантралявала таварныя патокі, зыходзячы з устаноўленай нормы: адзін вагон маёмасці на сям'ю.
Гісторыя мытных органаў перыяду Вялікай Айчыннай вайны дагэтуль невядомая шырокай грамадскасці. Шэраг фактаў, імён і падзей схаваны пад тоўшчай часу і абставін — многія з іх яшчэ трэба дэталізаваць або адшукаць у архівах.
А наогул, героі ёсць у любы час, на любой тэрыторыі і ў любой сферы. Наша задача — не даць ім згубіцца на скрыжаваннях гісторыі. Таму праца ў гэтым кірунку працягваецца …
Настасся ВАЛАЖЫНСКАЯ, галоўны інспектар Мінскай рэгіянальнай мытні
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/gramadstva
[2] https://zviazda.by/be/pamyac
[3] http://zviazda.by/wp-content/uploads/2014/07/3-3.jpg
[4] http://zviazda.by/wp-content/uploads/2014/07/3-4.jpg
[5] https://zviazda.by/be/tags/mytnya
[6] https://zviazda.by/be/tags/geroy
[7] https://zviazda.by/be/tags/frantavik
[8] https://zviazda.by/be/tags/nastassya-valazhynskaya